Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як я трапіў на італьянскі страйк


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Што на польскай мяжы бываюць так званыя італьянскія страйкі, мне было вядома. Як толькі польскім мытнікам заманецца чагосьці патрабаваць, яны бастуюць па-італьянску.

Што гэта азначае? Першае і галоўнае: запаволенае выкананьне сваіх абавязкаў. Другое: дэманстратыўнае выкананьне нібы ўсіх службовых інструкцый. Як тлумачэньне запаволенай працы: хутчэй не атрымліваецца!

Мэта — зацягваць, марудзіць, круціць вала за хвост… А значыць — дрэнна працаваць у сапраўднасьці. Ня так, як трэба. Рабіць людзям блага. Каб усе былі незадаволеныя. Нібы такую форму пратэсту першымі прыдумалі менавіта італьянцы.

Начальству наверсе, супраць якога бузіць мытнік, дрэнна ніяк ня робіцца. Церпяць сотні падарожных, якія паняцьця ня маюць, што трапілі пад чыюсьці гарачую руку і што ім давядзецца расплачвацца за патрабаваньні чужых мытнікаў.

Пераяжджаем на польскі бок мяжы. Працоўны дзень. Для бусаў і аўтобусаў два пасы: левы для рэйсавых, правы для «шоп-тураў». Памежнікі хутка вяртаюць дакумэнты і сядзяць сабе спакойна, ня маючы працы. Мытня не сьпяшаецца з праверкай пасажыраў. Перад намі сярэдніх памераў польскі рэйсавы аўтобус, справа ад яго вялікі наш з народам, што выбраўся на закупы. За намі таксама транспарт.

На мяжы
На мяжы

Нечаканая навіна: у вялікім аўтобусе знайшлі жанчынку, абкладзеную пад вопраткай пачкамі з цыгарэтамі. Ці нават не адну. І ўсіх павядуць зараз на асабісты догляд! Адначасова становіцца вядома, што на польскай мяжы італьянскі страйк мытнікаў! Ну ўсё: значыць дрэнныя нашы справы. Сярод пасажыраў ёсьць увішны малады паляк, зь ім наша дзяўчына, але з польскім пашпартам. Яшчэ дзьве жанчыны, магчыма з саюзу палякаў. Патлумачу: яны так авалодваюць мовай, што размаўляюць з усімі інтанацыямі, нашаму чалавеку цяжка бывае адрозьніць іх ад палякаў. Паміж імі размова: чаго ім яшчэ трэба (мытнікам)? Зноў падвышэньня заробкаў, пэнсій? Не, скептычна адказвае паляк: ня хочуць аб’яднаньня мытні з двума другімі ведамствамі (з падаткавай службай і дзяржаўным казначэйствам). Гэта можа азначаць скарачэньне штатаў, скасаваньне некаторых прывілеяў. Ну, а мы тут пры чым? Мы — крайнія.

Пасажыраў абурае, што палякі не папярэдзілі нашы фірмы, што ў фірмах не сказалі, што можа чакаць на мяжы.

Кіроўца паведамляе, што да польскага мытніка выпраўляецца дэлегацыя, запрашае далучыцца. Дзясяткі беларусаў тлумачаць каля дзьвярэй польскаму службоўцу, што кантрабанды не вязуць, што спазьняюцца па справах. Ён у адказ абыякава тлумачыць, што затрымаў кантрабандыстаў з цыгарэтамі і што нібыта на складаньне кожнага пратаколу яму неабходна дзесяць хвілін. Народ стрымана шуміць: нам у прыбіральню трэба, ня маеце права затрымліваць усіх! Ён абяцае адпускаць у прыбіральню паасобку на асабістую просьбу. Каб ня выкінулі схаваныя на сабе цыгарэты! — тлумачыць. Да прыбіральні дваццаць мэтраў.

У вочы кідаецца, што замест зьмены на месцы знаходзіцца толькі адзін мытнік.

Час цягнецца, пасажыры пачынаюць хадзіць у прыбіральню, мытнік спрабуе абурацца, але махае рукой.

Чаканьне на мяжы ў час італьянскага страйку
Чаканьне на мяжы ў час італьянскага страйку

Пасажыры аўтобуса, што перад намі, добраахвотна выстройваюцца да расчыненых дзьвярэй з рэчамі: правярай, пан! Хоць абмацвай, толькі хутчэй прапусьці.

Высьвятляецца, што ў адной пасажыркі ў торбе ляжалі два блёкі цыгарэт (можна толькі два пачкі). І яна мытніку іх здала. Нашы абураюцца: што, сапраўды не магла пайсьці ў прыбіральню і там пакінуць?

Зьдзіўляе наш паляк. На дзеяньні мытні можна паскардзіцца, але тэлефанаваць ён ня хоча. Ну, калі грамадзянін Польшчы не рашаецца, то што зробіш. Хаця ён і ягоная сяброўка спазьняюцца на аўтобус, як і я. У нас загадзя купленыя квіткі.

Нечакана вялікі аўтобус справа ад нас нарэшце прапускаюць. Пасажыры патрабуюць, каб кіроўца выруліў на яго месца: у нас жа рэйсавы, мы спазьняемся! Але ён не рашаецца. А потым ўголас шкадуе, што не рашыўся. Месца займае чарговы «шопінг»-бус. Яго пасажыры нас апярэджваюць. А мы ў выніку спазьняемся на варшаўскі аўтобус, маючы напачатку нядрэнны запас у часе, але змарнаваўшы на польскай мытні тры гадзіны.

Нам даводзіцца ў Беластоку набываць новыя квіткі і ехаць наступным аўтобусам. Мае асабістыя страты: дваццаць пяць злотых і дзьве гадзіны часу. Сьціплае суцяшэньне: добра, што гэтым разам ня ехаў у Варшаву ў аэрапорт.

Італьянскі страйк польскіх мытнікаў працягваецца. Ужо каля месяца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG