Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вязень Крамля» Генадзь Афанасьеў: «Я расстройваюся, што ня вытрымаў катаваньняў»


Генадзь Афанасьеў, «вязень Крамля», які вярнуўся ва Ўкраіну, распавядае Радыё Свабода пра працэс над Сянцовым і Кольчанкам ды сваю будучыню.

У апошні дзень чэрвеня 2015 году на працэсе па справе ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова і антыфа-актывіста Аляксандра Кольчанкі выступіў адзін з асноўных сьведкаў абвінавачаньня Генадзь Афанасьеў. Раней ён пагадзіўся на зьдзелку са сьледзтвам, даў паказаньні супраць Сянцова і Кольчанкі і быў асуджаны на сем гадоў пазбаўленьня волі. Але ў судзе Афанасьеў нечакана для ўсіх адмовіўся ад сваіх паказаньняў, заявіўшы, што быў катаваны падчас сьледзтва. Гэта быў адзін з самых драматычных момантаў судовага працэсу па справе Сянцова і Кольчанкі.

Праз амаль год Генадзь Афанасьеў вярнуўся ва Ўкраіну па абмену. У інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода былы ўкраінскі палітвязень распавёў пра той самы драматычным дзень, у якім «ён адчуў сябе свабодным», хоць адразу адправіўся па этапе ў калёнію Рэспублікі Комі, а таксама пра тое, чым мае намер займацца пасьля вызваленьня.

РС: Вы памятаеце, як зайшлі ў залю суду, дзе ішоў працэс над Алегам Сянцовым і Аляксандрам Кольчанкам? Што вы адчувалі тады? Ці вы рыхтаваліся да сваёй заявы аб катаваньнях, да адмовы ад паказаньняў? Ці гэта было спантаннае рэзкае рашэньне?

Афанасьеў: Гэта была доўгая дарога ўнутранай барацьбы да таго, каб зрабіць такую заяву. Вельмі шмат абдумваў наступствы для сябе. Гэта былі думкі пра тое, што ёсьць праўда, а што хлусьня, што такое мужчынскія ўчынкі, а што не, што ёсьць гераізм, што ёсьць дабро, і любоў да сваёй краіны. І ў нейкі момант я вырашыў: ня можа маё жыцьцё, мая воля, далейшы лёс быць вышэй за жыцьцё двух людзей, якія ні ў чым не вінаватыя. І хай усё ідзе як ідзе, але будзе праўдай. Я думаў, калі лепш зрабіць гэты крок. У мяне не было магчымасьці зьвярнуцца да адваката, хоць ён і ня быў па прызначэньні, але ён працаваў на гэтыя службы [абвінавачваньня — РС], і да мяне не было прыкавана ніякай увагі з боку СМІ і грамадзтва. Я ня ведаў, як лепш дайсьці да людзей. Я вырашыў, што найлепшы момант для гэтага кроку будзе суд. Палічыў, што калі гэта будзе раптам, то абвінаваўцы ня будуць гатовыя да такога кроку, усё можа разваліцца, і хлопцаў вызваляць.

ня можа маё жыцьцё, мая воля, далейшы лёс быць вышэй за жыцьцё двух людзей, якія ні ў чым не вінаватыя

Гэта было 30-е чысло. Мяне доўга рыхтавалі, прыяжджалі апэратыўнікі з Масквы. Яны давалі тэлефоны, прывозілі прысмакі, што толькі ні гаварылі: пагражалі дрэннымі ўмовамі ўтрыманьня, пагражалі мне і сваякам. Але тут жа казалі, што ўсё будзе добра.

Калі мяне прывезьлі першы раз, гэта быў вельмі моцны стрэс, таму што я рыхтаваўся. Тады я не кантраляваў свае нэрвы, свае пачуцьці. Гэта былі моцныя перажываньні. Я рыхтаваўся ўнутрана, што прыеду і буду глядзець толькі ў адзін кут, каб ніхто ня мог задаць мне лішніх пытаньняў, каб разбурыць абвінавачаньне. І вядома, гэта быў страх перад будучыняй. Я тады яшчэ не перамог усё гэта.

На наступны дзень мяне ўжо павезьлі, і да мяне, калі нікога не было, у камэру, дзе я знаходзіўся перад судом, зайшоў апэратыўнік і сказаў, каб я пацьвердзіў свае паказаньні і ўзяў 51-ы артыкул [Канстытуцыі Расеі], каб мяне ніхто не мог дапытаць і задаць пытаньні. Я ім усім казаў «так-так», каб яны думалі, што ўсё добра. Але калі пачаўся суд, сказаў як ёсьць, сказаў праўду. І, вяртаючыся ў сьледчы ізалятар, ужо адчуў сябе свабодным. У той самы час я разбурыў гэтыя кайданы, якія трымалі мяне больш чым на працягу года ў страху, болю, якія я перажыў. Я гэта разбурыў.

нават цяпер я расстройваюся з-за таго, што ня вытрымаў катаваньняў, і мне вельмі сорамна перад хлопцамі

Прывезьлі ў сьледчы ізалятар, быў скаваны, супрацоўнікі ФСБ трохі пабілі мяне. І гэта было потым зафіксавана. Дзякую, што вельмі апэратыўна тады зьявіліся журналісты, адвакаты і праваабаронцы. Інакш я ня ведаю, можа быць, мяне ўжо не было б у жывых. Яны абаранілі. Яны прыйшлі, а ў мяне ёсьць пабоі, яны іх убачылі. Яны адразу ж сталі выконваць свае абяцаньні. Гэта быў момант барацьбы паміж злом і дабром. Што выбраць: жыць у няпраўдзе, ці жыць у праўдзе, быць сапраўдным чалавекам, мужчынам, які змагаецца за праўду, за дабро і можа адужаць у сабе страх і недахопы, і спрабаваць зьмяніцца да канца. Я зрабіў такі выбар. Але ўсё роўна, нават цяпер я расстройваюся з-за таго, што ня вытрымаў катаваньняў, і мне вельмі сорамна перад хлопцамі. Можа, калі б я ведаў, што ў нас такая дзяржава, што ёсьць выйсьце, што ўсё можа зьмяніцца, магло быць па-іншаму. Але здарылася так, і цяпер маё жыцьцё — дзеля хлопцаў [фігурантаў справы Сянцова, якія засталіся ў зьняволеньні — РС] і краіны. Можа быць, той пераломны момант накіраваў маё жыцьцё дзеля дабра, краіны і дзеля жыцьця іншых людзей. Не для сябе.

РС: Вы ж прадчувалі, якія наступствы могуць быць?

Афанасьеў: Вядома, вядома.

РС: Ці вы былі гатовыя да іх?

Афанасьеў: У той сытуацыі мяне ўжо ніхто б ня вызваліў. А хлопцы маглі вызваліцца, і гэта было зроблена толькі дзеля іх вызваленьня. А свой тэрмін я сам сабе зарабіў. Гэта было для мяне як самапакараньне. Каб са мной не рабілі далей, гэта было ўласнае пакараньне для самога сябе, дзеля свабоды хлопцаў. Каб выправіць памылкі, якія былі дапушчаны. Таму што ўсе гэтыя катаваньні я расцэньваю ў сабе як недахоп, што я не вытрымаў. Для мяне гэта недахоп, і я на сёньняшні дзень і цягам даўжэйшага часу спрабую нешта зьмяніць.

РС: Нешта зьмянілася пасьля вашай заявы ў судзе? Да вас сталі неяк інакш ставіцца, зьявілася ўвага СМІ, праваабаронцаў, вы гэта адчулі?

Афанасьеў: Тут складана сказаць, што нешта бачнае зьмянілася. Зьявіўся адвакат [Аляксандр Папкоў — РС], і ў мяне паўстаў нейкі давер да гэтага чалавека, таму што я ведаў, што ён будзе абараняць хлопцаў. І што я ні рабіў у далейшым, гэта пойдзе ў абарону хлопцаў. Гэта дапамагала, вядома. Тое, што прыходзіла камісія, гэта дапамагала, але яны прыйшлі і сышлі, а ты застаесься сам-насам з гэтай сыстэмай. Але ўсё роўна яны дапамагалі. Ужо трохі пазьней, калі прыходзілі лісты ўжо ў рэспубліцы Комі, адчувальная была падтрымка. Можа, крыху меней было перасьледаў, хоць мы ж разумеем, што іх нічога не спыняе. Я адпраўляўся зь месца на месца, і станавілася ўсё горш і горш.

РС: Як людзі, з якімі вы сутыкаліся ў Расеі, успрымалі, што вы асуджаны як тэрарыст?

Афанасьеў: Гэта выклікала сьмех у кожнага: і ў праваахоўнікаў, і ў арыштантаў. Яны так і казалі: «Ну, які ты тэрарыст!» Арыштанты гаварылі пры мне праваахоўнікам: «Паглядзіце, які ён тэрарыст. Я і то больш тэрарыст». Вось такія былі размовы. Мне неаднаразова казалі апэратыўнікі ў папраўчых калёніях: «Мы бачым, што гэта палітычная справа. Але ты асуджаны і будзеш адбываць пакараньне з-за гэтага».

РС: Ці адчувалі вы, што становіцеся «мэдыйным» чалавекам, што цяпер вы не адзін, а за вамі стаяць людзі, якія сочаць за вашым лёсам?

«Я з Крыму, я з Украіны, я лічу Крым Украінай. З-за гэтага я за кратамі»

Афанасьеў: Я перастаў баяцца. Мне не была патрэбная падтрымка, можна сказаць, я яе не прасіў і не шукаў. Але я яе адчуваў празь лісты, грамадзкую назіральную камісію, праз адваката і консула, які пад канец другога году прыбыў і сустрэўся са мной. Гэта дапамагала і давала надзею, што хлопцы будуць вольныя. Да мяне ніхто ня ставіўся як да мэдыйнай пэрсоны. Амаль ніхто і ня ведаў у Расеі, хто я, што я. Былі людзі, якія пачыналі цікавіцца, яны мяне падтрымлівалі. У мяне засталося шмат знаёмых хлопцаў там, і яны пісалі ў амбасаду Ўкраіны, казалі, што хочуць быць грамадзянамі Ўкраіны, вывучалі ўкраінскі гімн. Нават калі я другі раз быў у камэры турэмнага тыпу, быў у адзіночнай камэры, тыя, хто праходзіў міма, крычалі «Слава Ўкраіне!» Гэта было вельмі прыемна, таму што ў Расеі шмат людзей, шмат нацыянальнасьцяў, якіх прыгнятаюць і русыфікуюць. І шмат людзей, якія чуюць, што я з Крыму і я за Ўкраіну. Яны адразу разумелі, хто я такі. Ні абставіны маёй справы, ні імя Кольчанкі, ні Сянцова, ні нешта іншае, а толькі гэтыя словы: «Я з Крыму, я з Украіны, я лічу Крым Украінай. З-за гэтага я за кратамі». І яны мяне добра разумелі.

Цалкам размову чытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG