Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты выкупілі будынак школы, у якую хадзіў Быкаў, і робяць там культурніцкі цэнтар


Выстава на сьцяне былой школы (архіўнае фота)
Выстава на сьцяне былой школы (архіўнае фота)

Актывісты выкупілі будынак школы, у якую Васіль Быкаў хадзіў у першую клясу, і робяць там грамадзка-культурны цэнтар.

Удзельнікі летніка
Удзельнікі летніка

Калі Быкаў быў дэпутатам, дамогся, каб заасфальтавалі дарогу ў Бычкі

Школа, дзе будучы пісьменьнік некалі скончыў першую клясу, — гэта звычайная вясковая хата. Апісаная ў кнізе «Доўгая дарога дадому» цераз многа гадоў:

«Школа ў вёсцы арганiзавалася на мяжы 30-х гадоў, сьпярша гэта была пачатковая школка ў сялянскай хаце. Хата тая i дасюль стаiць, пасьля вайны ў ёй жыў мой брат Мiкола. А тады гаспадары проста перасялiлiся ў трысьцен, а большы пакой аддалi пад школу. Там паставiлi два даўгiя сталы i сабралi чалавек пятнаццаць вясковай драбнаты.

Настаўнiкам быў Антон Васiльевiч Аўласенка зь вёскi Дарошкавiчы... Сталася так, што ўсе мае сябры былi старэйшыя за мяне i пайшлi ў школу раней, амне толькi шэсьць год. Сяджу адзiн дома, а ў школе штось адбываецца цiкавае, i я таксама хачу туды. Тады аднойчы бацька ўзяў мяне за руку i павёў да настаўнiка. Пагаварыў зь iм, i Антон Васiльевiч кажа: хай ходзiць. Даў мне сшытак, пяро, а Валодзя Галавач, зь якiм я хадзiў на возера, павёў на замерзлае балота, акуратна зрэзаў ножыкам чарацiнку, уставiў туды пяро. I пачаў я вучыцца».

Тут Васіль Быкаў скончыў першую клясу
Тут Васіль Быкаў скончыў першую клясу

У бычкоўскай школе Васіль Быкаў адвучыўся ўсяго адзін год . У другую клясу пайшоў у іншую, якая мясьцілася ў вёсцы Двор-Слободка. А потым вучыўся ў школе ў Кублічах — цяпер гэта так званы аграгарадок, а тады, у перадваенныя 1930-я, — звычайная вёска на Вушаччыне. Але зь цікавым мінулым, якое Быкаў таксама згадвае ў сваёй аўтабіяграфічнай кнізе:

«Колісь гэта была слаўнае старажытнае мястэчка, пазначанае на картах XVI стагодзьдзя, з праваслаўнай царквой (былой уніяцкай), у якой мяне хрысьцілі й дзе я пазнаў першае прычасьце. У Кублічах нарадзіўся Вярыга-Дарэўскі, вядомы літаратар, удзельнік паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Была таксама сынагога, школа і нават пажарня побач з царквой, аптэка, кузьня».

Валянтэры расчышчаюць дарогу да былой школы
Валянтэры расчышчаюць дарогу да былой школы

Цяпер школа ў Кублічах, як кажуць, «тыповая» — стандартнай савецкае будовы. Той, куды хадзіў Быкаў, ужо няма... І паколькі хадзіць «па навуку» даводзілася пешкі, дарогу да Кублічаў Васіль Быкаў ведаў да апошняй выбоіны. Але выбоіны на дарозе — зусім не радасьць для вяскоўца: пыл улетку, сьнег узімку і бруд пасьля кожнай істотнай залевы...

Васіль Быкаў, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а з 1989 г. — народным дэпутатам СССР, зрабіў для землякоў насамрэч карысную справу — дамогся, каб гэты кавалак дарогі заасфальтавалі. Так што і цяпер у Бычкі езьдзяць па «быкаўскім асфальце».

Месцамі яго паднавілі, а месцамі ён так і застаўся з савецкіх часоў, парэпаны ўжо сьцёрты коламі.

Прыборка ў хаце
Прыборка ў хаце

Сёньня ў Бычках не засталося нікога, хто б вучыўся ў той самай школе, пад якую гаспадары калісьці аддалі лепшы пакой. У вёсцы — усяго пад два дзесяткі жыхароў, амаль усе пэнсіянэры. Наймаладзейшы— 57-гадовы Мікола Харак, сын спадарыні Антаніны і малодшага брата Васіля Быкава, Міколы. Мікола Мікалаевіч працуе наглядчыкам у мэмарыяльным музэі Васіля Быкава.

Самы малады жыхар Бычкоў, наглядчык музэя Мікола Харак
Самы малады жыхар Бычкоў, наглядчык музэя Мікола Харак

Музэй-сядзіба месьціцца ў сучасных пабудовах, выгляд якіх узноўлены архітэктарамі і майстрамі: арыгінальная хата, у якой правёў дзяцінства Васіль Быкаў, не захавалася.

Дакладней, была разбурана ў 2004 годзе — пасьля таго, як яе прызналі непрыдатнай для стварэньня музэю. Кажуць, захаваць было нельга, бо даўно не жылая будыніна пачала прахнуць. Цяпер на тым самым месцы з сучасных матэрыялаў узьведзена копія хаты Быкавых.

А вось школа, у якой Васіль Быкаў пачынаў вучобу, яшчэ мае шанцы пазьбегнуць разбурэньня. Яна некалькі разоў мяняла гаспадароў. Апошнімі тутэйшымі насельнікам была сям’я «братавай» Антаніны, швагеркі Васіля Быкава.

Спадарыня Антаніна, швагерка Васіля Быкава
Спадарыня Антаніна, швагерка Васіля Быкава

Спадарыня Антаніна, швагерка Васіля Быкава, распавядае: «Памятаю, мы купілі гэтую хату, і Васіль якраз прыехаў. Тут да нас жыла сям’я, праўда, самі жылі за сьценкай, а ў суседнім пакоі школа. Пазьней яны пераехалі — тут, у Бычках, але ў іншым месцы хату збудавалі. Мы сюды перайшлі 10 лютага 1969 году. Дык Васіль тады прыехаў, і ўсё нешта ходзіць, выглядае, а потым кажа: вось тут я сядзеў, як у першую клясу хадзіў.

Пазнаў! Я гэтае месца запомніла па цьвіках у падлозе, — распавядае спадарыня Антаніна.

— Васіль жа ў шэсьць гадоў вучыцца пайшоў, і быў такі разумнік, што ў першай клясе яму й рабіць не было чаго — усе ведаў. А дзяцей было тады шмат, ня тое што зараз. Зараз толькі прыяжджаюць, асабліва шмат з экскурсіямі».

Ужо доўгі час спадарыня Антаніна — найпершая памочніца ў быкаўскім музэі. На добраахвотных пачатках. «Два мільёны плоцяць» толькі сыну Міколу, кажа яна.

«Коля мой — і вартаўнік, і наглядчык, і ўсё што хочаш — і траву скосіць на музэйным падворку, і экскурсію сустрэне. І я магу хоць экскурсію правесьці, хоць падлогу падмесьці! Каб толькі наш музэй не зачынілі! Часы ж цяпер во якія...»

Штогод 19 чэрвеня, калі ў музэй з’яжджаюцца прыхільнікі творчасьці Васіля Быкава на ягоныя чарговыя ўгодкі, каля былой школы ладзіцца сяброўская бяседа. Няхітры пачастунак «у палявых умовах», сустрэчы старых знаёмых, музыка, а часам і сьпевы. А ў хаце можна было схавацца ад сьпёкі ці ад дажджу, пагаманіць, уцячы ад сьвяточнага тлуму. Гасьцінная гаспадыня спадарыня Антаніна заўжды была рада і пісьменьнікам, і артыстам, і ўсім, хто прыяжджае ўшанаваць памяць сваяка.

А яшчэ старая школа ў статусе хаты спадарыні Антаніны неаднаразова прымала мастакоў — удзельнікаў «быкаўскіх» пленэраў. Заўсёдная іх арганізатарка Ада Райчонак, нястомная кіраўніцай Шаркоўшчынскага грамадзкага Цэнтру імя Язэпа Драздовіча, вывешвала на сьцяне сымбаль-банэр, і навокал закіпала творчасьць.

Ада Райчонак каля старой школы (архіўнае фота)
Ада Райчонак каля старой школы (архіўнае фота)

«Спадарыня Антаніна запрашала нас у хату, калі быў дождж ці халодна. Старэйшыя мастакі ды там і сяліліся. А цяпер мы хочам адьдзячыць за гасьціннасьць і Быкаву, і Бычкам — сёлета мы перадамо карціны, якія запачаткуюць новую галерэю ў былой школцы. А можа, некалі будзе галерэя і ў Кублічах. Галоўнае, што кожны ўдзельнік пленэраў, які калі-небудзь працаваў у Бычках, робяць такі падарунак — пакідаюць свой твор для „быкаўскай“ экспазыцыі», — кажа Сьвятлана Баранкоўская , удзельніца пленэраў, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі Саюз мастакоў».

Пагаспадарыла я — пагаспадарце і вы!

Каб падворак не зарастаў крапівой
Каб падворак не зарастаў крапівой

Цяпер школа ўжо нежылая — спадарыня Антаніна з сынам перасяліліся ў іншую хату — цераз дарогу ад музэя. Навейшую, з вышэйшай стольлю, са сьвежапафарбаванымі ў блакітны ды жоўты колер сьценамі, з мацнейшай падлогай. Пра цьвікі ў дошках на тым месцы, дзе калісьці стаяў стол першаклясьніка Васіля Быкава, сваячка пісьменьніка распавядае валянтэрам, якія прыехалі ў Бычкі, каб ператварыць былую школу ў грамадзка-культурніцкі цэнтар:

«Во гэтыя цьвікі. І пакой, дзе школа, заўжды быў цёплы. Во якая добра печка! Тая хата, дзе цяпер жыву, халаднейшая. А гэтая... Я, бывала, падыходжу і шкадую яе. Кажу: «Мая ты хатачка, я пражыла тут 50 гадоў, а цяпер кінула, прабач мяне! Ну, але ж пагаспадарыла я — пагаспадарце і вы!»

Антаніна Быкава паказвае валянтэрам, дзе вучыўся Васіль Быкаў
Антаніна Быкава паказвае валянтэрам, дзе вучыўся Васіль Быкаў

Антаніна Быкава паказвае валянтэрам, дзе вучыўся Васіль Быкаў Гэтая амбітная ідэя — наконт грамадзка-культурніцкага цэнтру ў Бычках — належыць віцебскім актывістам.

«Мы выкупілі старую школу, і хочам зрабіць там цэнтар для правядзеньня розных імпрэзаў. Каб мастакам было зручней сабрацца на пленэр, або моладзі на нейкія свае справы. Каб было на Віцебшчыне такое месца, куды можна прыехаць для навучаньня, для адпачынку, для творчасьці — і не выпадковае, а з гісторыяй, асьвечанае асобай ВасіляБыкава», — дзеліцца плянамі каардынатар руху «За Свабоду» у Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў.

Сёлета моладзь ужо зьехалася ў старую школу, але не на адпачынак, а на працу. Рух «За Свабоду» арганізаваў адмысловы валянтэрскі летнік, на аб’яву адгукнуліся некалькі дзесяткаў хлопцаў і дзяўчат. Летнік разьлічаны на пяць дзён, каб да 19-га чэрвеня — да ўгодкаў Васіля Быкава, калі ў Бычкі зьедуцца госьці, павыносіць з хаты сьмецьце, з падворка — друз, сьпілаваць гальлё, што замінае праходу, скасіць крапіву.

Разам з моладзьдзю працуе Васіль Казьянін, вушацкі актывіст — адзіны валянтэр сталага веку. Але ён ня ня столькі кіруе, колькі падказвае й дапамагае.

Валянтэрка Аліна Нагорная
Валянтэрка Аліна Нагорная

«З раніцы да абеду мы працуем, разьбіўшыся на невялікія групы, — апавядае Аліна Нагорная зь Менску. — Дзяўчаты прыбіраюць у хаце, хлопцы пілуюць, косяць. Па абедзе працуем яшчэ трошкі, а потым адпачываем. Валейбол, настольныя гульні „Паўстанцы“,„Мова“, сустрэчы зь цікавымі асобамі — усё гэта ў нас ёсьць. Мы і самі рыхтуемся зладзіць майстар-клясы для сяброў. Хто што ўмее — таму й вучыць іншых: нехта, прыкладам, жангліруе, нехта фатаграфуе. Учора Зьміцер Карэнка вучыў нас здымаць відэа: я рабіць інтэрвію з чалавекам, як ён павінны выглядаць у кадры, як задаваць пытаньні. Кожны пабыў і відэаапэратарам, і „героем“. Яшчэ прыяжджаў мастак Алесь Пушкін, расказваў пра свае пэрформансы і пра тое, што адбывалася пасьля кожнага зь іх.Гэта вельмі цікава, мы ж усе ведаем, якая цяпер сытуацыя ў краіне. Цікава!»

Алесь Пушкін прывёз свае творы для выставы, якую традыцыйна ладзяць мастакі калі сядзібы-музэю ў дзень народзінаў Васіля Быкава. А ўвогуле гэтая сядзіба ўжо колькі год зьяўляецца «цэнтральнай плошчай» у Бычках. Сюды ў любую пару года прыяжджаюць экскурсіі, тут сустракаюцца вяскоўцы- пэнсіянэры, каб пагаманіць пра жыцьцё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG