Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Займацца фэмінізмам» і асаблівасьці партыйнага будаўніцтва


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Кумпанія п'е піва ў кавярні, раптам хтосьці ўжывае мэм-анэкдот ад Паўла Севярынца «займацца фэмінізмам».

– Забараніць алькаголь! – Прапануе адзін зь сяброў. – Увесьці сухі закон. Па-мойму, цудоўны пачатак для лідэра новай партыі. Штосьці кшталту: «Дарагія жанчыны, пакуль вы варыце боршч, вашы мужы сьпіваюцца. Наша партыя пакладзе гэтаму канец. Галасуйце за нас!»

– Забараніць прапаганду сэксу па-за шлюбам! – Прапануе другі прыяцель. – Ніякіх палюбоўнікаў на кінаэкранах! Ніякіх любоўных раманаў для жанчын з усялякімі там трохкутнікамі каханкаў. Бо гэта такі самы грэх як гомасэксуалізм, не?

Паціху размова пачынае сур'ёзьнець.

– Стоп. З жанчынамі вы перагінаеце, – далучаецца трэці суразмоўца. – Калі ты называеш сваю партыю «народнай», гэта значыць, што ўсіхнай-усіхнай без выключэньня. Ясна, што жанчын у нас крыху болей па дакумэнтах, і добра болей падчас выбараў, бо пад мільён мужыкоў пастаянна на заробках за мяжой. Але ж твая прапанова як «народнага» палітыка мусіць цікавіць усіх. А Севярынец стварае «народную партыю».

– Гэта як беларускі FM-эфір: усе працуюць «для ўсіх», а ў выніку па ўсіх станцыях круцяць тое самае зь невялікімі варыяцыямі. – Адзін зь сяброў былы радыёвядоўца.

– Так, сэгмэнтацыі рынку няма, – згаджаецца былы калега па радыё.

– Тады і палітык ня можа быць «народным», то бок, усіхным. Я калі чую ад палітыкаў «народ», адразу падазраю, што ці мяне хочуць падмануць, ці сябе. Грамадзяне вельмі розныя паводле сваіх групавых інтарэсаў.

– Чакайце, але ўсе гэтыя групы аб'яднаныя тым, што больш за 50% беларусаў нэгатыўна ставяцца да існаваньня сэксуальных меншасьцяў!

– Дык ты думаеш, што вось гэтая тэма аб'яднае, прымусіць галасаваць за партыю? Палітык мусіць прапаноўваць штосьці, што нясе канкрэтнаму чалавеку пэрсанальны бонус. А які бонус з таго, што сэксуальным меншасьцям закрыюць рот? Вось проста «ўвесь народ» і аб'яднае?

– Сэгмэнтацыя, – паўтарае адзін з прыяцеляў.

– Ок, сэгмэнтацыя. Калі партыя хрысьціянская, яна мусіць найперш яднаць хрысьціян.

– У краіне, дзе РПЦ МП лічыць пратэстантаў «сэктантамі», каталікоў – «агентамі захаду», а незалежнасьць Беларусі – нонсэнсам?

– Відаць, прагрэсіўных хрысьціянаў?

– Дык а дзе тады «народная»?

– Можа, тады партыі варта займацца асьветніцтвам?

– Тады трэба казаць: «Мы партыя хрысьціянска-адраджэнскіх асьветнікаў». Мы прапануем людзям ідэі, якія падмацоўваюцца ідэямі зь Бібліі.

– Калі зь Бібліяй, гэта прапаведніцтва, пры чым тут палітыка? Трэба выбіраць: ці ты – палітык, ці ты – місіянэр, які нясе слова Божае.

Чацьверты прыяцель моўчкі слухаў, а тут уступіў у размову:

– Вось вы, быццам, лягічна ўказваеце на супярэчнасьці і нестыкоўкі. А, магчыма, усё значна прасьцей. Людзі й не зьбіраюцца займацца палітыкай. Не зьбіраюцца прывабліваць у свае шэрагі шырокія масы «народу», каб у пэрспэктыве ўзяць большасьць у парлямэнце ці зрабіць свайго чалавека прэзыдэнтам. Магчыма, яны цудоўна разумеюць, што ў нерэлігійным грамадзтве, якое лідэр у сьвеце па разводах і абортах, да партыі на аснове Бібліі вельмі далёка. Цалкам верагодна, што палітычная структура ім патрэбная, каб больш эфэктыўна займацца місіянэрскай дзейнасьцю.

– У якім сэнсе «місіянэрскай»? У нас па статыстыцы больш за 60% лічаць сябе вернікамі – гатовая электаральная база.

– Адна справа лічыць, іншая – быць. Колькі з тых вернікаў хоць раз на месяц ходзяць у храм? А на споведзі былі калі? Прапаведніцкай хрысьціянскай місіі – непачаты край. Нашы «вернікі» з храму могуць роўна пашураваць да гадалкі ці варажбіткі якой.

– Ну вось жа ў актывістаў, што ствараюць партыю, акурат была кампанія «Супраць магіі і акультызму». У выніку з тэлевізіі прыбралі рэкляму гадалак. Табе падабаецца рэкляма гадалак?

– Не, не падабаецца. Але яна мае права існаваць – у пэўны час на пэўных каналах, як прадукцыя «для дарослых».

– З аднаго боку – больш за 60% вернікі. З другога – многія зь іх спажыўцы тых самых «магіі і акультызму». Вось вам і выбар: палітык VS місіянэрская дзейнасьць. Палітык падтрымае настроі, якія ёсьць сярод людзей. Місіянэр – пойдзе сабе на шкоду, на згубу прыхільнікаў, калі пачне казаць пра забароны блізкіх людзям рэчаў. У нашым выпадку – прымхаў і забабонаў.

– У нашым выпадку слова «забарона» – гэта тое, што аб'ядноўвае і будучых палітыкаў, і іхны будучы магчымы электарат. «Забараніць», «абмежаваць», «прымусіць», «пакараць», «асудзіць» – звыклыя словы для большасьці насельніцтва. І тут стваральнікі новай партыі могуць вельмі добра згуляць на настроях вялікай часткі людзей, якія без «забараніць» не ўяўляюць сабе жыцьцё краіны.

На кароткі час у размове зрабілася пярэрва.

– Тэарэтычна, калі зрабіць акцэнт на рознага кшталту забаронах, можна дамагчыся пэўных посьпехаў.

– У кожным разе, – падсумаваў той, з чыёй рэплікі ўсё пачалося, – ёсьць прыклад, куды можа завесьці сумяшчэньне рэлігіі, забаронаў і партыйнасьці – Талібан.

– Ха! «Талібан». Калі браць вобразна, без прывязкі да рэлігіі, тады «талібан» – гэта сынонім ваяўнічага непрыманьня іншага. Тады сучаснае беларускае грамадзтва – гэта мноства «мініталібанаў». Ёсьць галоўны «таліб» з рэальнай уладай над усёй краінай, а ўнутры – непрымірымыя між сабою ідэйныя групоўкі. «За дэмакратыю без нацыяналізму», «за нацыяналізм без дэмакратыі», «за рускі мір», за «СССР», «за БССР пад б-ч-б», «за БССР пад ч-з», «за хрысьціянскую дэмакратыю без правоў пэўных сацыяльных меншасьцяў» і г.д.

– А трэба, каб яны аб'ядналіся?

– Трэба, каб іх было яшчэ болей. Гэта як клетка пачынае дзяліцца. З канкурэнцыі разаўецца складаны грамадзкі арганізм. Толькі «талібаны» прайграюць.

– Чаму гэта?

– Яны косныя ў сваёй сутнасьці. Раз штосьці сфармулююць, і не рэагуюць на зьмены навокал. «Талібаны» заўжды прайграюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG