Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто гэтыя людзі з заробкамі 3 мільёны?


Палова беларусаў штомесяц зарабляе менш за 3,5 мільёна рублёў. Больш за паўмільёна чалавек жывуць у нашай краіне за рысай беднасьці і не атрымліваюць нават пражытковы мінімум (цяпер гэта 1 699 430 беларускіх рублёў).

Жыхары Івацэвічаў, Гародні і Менску распавялі Радыё Свабода, як пражыць на нармальны беларускі заробак.

Івацэвічы. «Спачатку разьлічысься зь дзяржавай, пасьля думаеш пра сябе»

Васіль Дзягцярык, не працуе. Сьвятлана Валошчык, тынкоўшчыца, — атрымлівае 6 мільёнаў. Маюць дзяцей і ўнукаў

Васіль Дзягцярык і Сьвятлана Валошчык жывуць у Івацэвічах у аднапакаёвай кватэры, за якую плацяць крэдыт. Пасьля хваробы мужа сям’я жыве на адзін заробак.

Васіль усё жыцьцё рабіў кіроўцам на івацэвіцкіх прадпрыемствах. Аднак 4 гады таму ў яго здарылася хвароба сэрца, якая паставіла крыж на прафэсіі. Пасьля лякарні ён пэўны час атрымліваў пэнсію як інвалід другой, потым трэцяй групы. Неўзабаве інваліднасьць Васілю зьнялі разам з пэнсіяй, а абмежаваньні на працу пакінулі. Працаваць кіроўцам яму ўжо забаронена, як і шмат кім яшчэ.

Ужо больш як два гады Васіль шукае «лёгкай працы». Але за ўвесь час, кажа, папрацаваў толькі некалькі месяцаў узімку апэратарам газавай кацельні.

Два гады Васіль ня можа знайсьці працу ў Івацэвічах
Два гады Васіль ня можа знайсьці працу ў Івацэвічах

«Стаю на ўліку ў цэнтры занятасьці, але працы мне знайсьці ў Івацэвічах немагчыма. Тут і здаровым няма працы. Летась давалі 4 месяцы адраснай дапамогі 260 тысяч. І зараз во прыйшла папера, што два месяцы атрымаю па мільёну трыста тысяч. І ўсё, увесь даход, працы няма», — распавёў Васіль.

Кватэру Васіль пабудаваў у крэдыт пад 1 працэнт якраз у той год, калі зьлёг з хваробай сэрца. Уратавала, што значную частку сумы сплаціў чэкамі «Маёмасьць», таму цяпер у месяц плаціць трэба толькі 300 тысяч.

Сьвятлана Валошчык працуе тынкоўшчыцай у будаўнічай арганізацыі: «Часта даводзіцца езьдзіць у другія гарады — зараз у Баранавічы, працавалі тыднямі нават у Віцебскай вобласьці, каб зарабіць тыя 6 мільёнаў. Летась пару разоў самыя вялікія заробкі былі 7–8 мільёнаў. Атрымала заробак — сплаціла камунальныя паслугі, крэдыт, лекі, а далей — эканомім. Ад заробку да заробку дацягваем».

Тэлевізар — галоўны атрыбут рэлаксу ў сям'і Васіля Дзягцярыка і Сьвятланы Валошчык
Тэлевізар — галоўны атрыбут рэлаксу ў сям'і Васіля Дзягцярыка і Сьвятланы Валошчык

Сьвятлана кажа, што звычайна бюджэт ідзе на пражыцьцё, часам купляецца нейкая вопратка, падарункі дзецям ды ўнукам. Васіль жартуе: «Як Лукашэнка казаў, што людзі ў нас у Беларусі і прадукты купляюць, і апранаюцца добра, а потым ужо камунальныя плацяць. Няпраўда — найперш камунальныя і крэдыты. Разьлічысься зь дзяржавай, толькі потым думаеш пра сябе. Нават пра лекі ўжо толькі потым думаеш».

На пытаньне, а што самае дарагое купілі за апошні час, Сьвятлана задумваецца:

«Хіба што кухню, калі засяляліся ў кватэру, болей так і нічога. І то нават кухню ж у растэрміноўку бралі. Не да шыкаваньня нам цяпер».

З заробку Сьвятлана запасаецца прадуктамі
З заробку Сьвятлана запасаецца прадуктамі

У невялікіх гарадах, як Івацэвічы, сфэра паслуг у галіне адпачынку далёка не такая разьвітая, як у Менску. А на замежныя курорты, кажа Сьвятлана, яна дазваляла сабе паехаць толькі ў часы Савецкага Саюзу.

Па рэстарацыях Васіль і Сьвятлана таксама ня ходзяць. Кажуць, у лепшым выпадку ў сьвяты ўдаецца сабрацца зь дзецьмі на пікнік на прыродзе.

Таму звычайны атрыбут адпачынку ў сям’і — тэлевізар. У Васіля і Сьвятланы іх два — у пакоі і на кухні.

Менск. «Пэнсіянэры жывуць лепш за маладых»

Людміла, пэнсіянэрка, але працуе прыбіральшчыцай, — атрымлівае 6 мільёнаў

Прыватны сэктар Грушаўкі схаваны за высокімі навабудамі, якія паўсталі ўздоўж праспэкту Дзяржынскага. Раней тут была ўскраіна Менску з канцавым прыпынкам гарадзкога транспарту. Сёньня за тэрыторыю Грушаўкі, дзе ў 2012 годзе адкрылі станцыю мэтро, змагаюцца забудоўшчыкі.

Новыя дамы будуюць ад праспэкту, і рэшта раёну усё яшчэ мае вясковы выгляд. Тут людзі жывуць са сваіх гародаў, працуюць на мясцовых заводах і ў ЖЭСах.

Ніякіх выгодаў у доме няма
Ніякіх выгодаў у доме няма

«Я лічу, што мы тут выжываем, а не жывём, — кажа Людміла, гаспадыня аднаго з прыватных дамоў недалёка ад мэтро. — Але ж іншыя зайздросьцяць нашым умовам: маем тут сад і гарод, сьвежае паветра, і пры гэтым блізка да праспэкту».

Ацяпленьне ў доме ў Людмілы дагэтуль пячное, водаправоду няма. Ёй 62, і яна працуе прыбіральшчыцай у спартовым комплексе. Разам з пэнсіяй мае каля 6 мільёнаў.

«Мне хапае, — кажа Людміла. — Я магу па-ўсякаму жыць: магу хлеб есьці з маслам, з ікрой, а магу і безь нічога».

Муж Людмілы памёр восем год таму. Дзяцей у іх не было, і кабета ўсе грошы траціць на сябе. У савецкія часы, узгадвае яна, разам зь сябрамі яны езьдзілі машынай у Крым. Цяпер ужо шмат год запар яна езьдзіць на адпачынак у Баўгарыю.

«Галоўнае — не ленавацца. Калі маеш здароўе, сілы — усё будзеш мець»
«Галоўнае — не ленавацца. Калі маеш здароўе, сілы — усё будзеш мець»

«Мне хапае на ўсё, — кажа яна. — Нават бяз пэнсіі я б езьдзіла адпачываць. Галоўнае — не ленавацца. Калі маеш здароўе, сілы — усё будзеш мець».

Анастасія, працуе нянькай у садочку, — атрымлівае 1 мільён. Алег, аўтамыйнік, — атрымлівае 3 мільёны. Маюць дзіця

Анастасія толькі нядаўна выйшла з дэкрэту, месяц адпрацавала ў садку нянькай. За паўтары стаўкі ёй заплацілі 1 мільён рублёў. Ісьці на біржу працы нават ня думае: усе знаёмыя, хто там рэгістраваўся, чакаюць хоць якой прапановы месяцамі.

Алег, ейны хлопец, працуе на аўтамыйні. Яшчэ два гады таму там плацілі тысячу даляраў. Цяпер — 150. Графік — 15 дзён на месяц па 13 гадзін на дзень.

«Цэны на мыцьцё машын у нас за гэты час не памяняліся — 120 тысяч рублёў. Але машын стала зусім мала. У людзей ужо няма грошай на гэта».

Атрымліваючы тысячу даляраў на месяц у 2014 годзе, Алег быў упэўнены, што далей будзе жыць яшчэ лепш.

«Я мог пайсьці на рынак, набыць сабе красоўкі за 30 даляраў і пайсьці ў іх мыць машыны, — кажа ён. — Мне іх не было шкада, бо я ведаў, што заўтра магу набыць новыя. Што такое 30 даляраў на той час? Пайсьці ўвечары піва папіць. Цяпер у мяне на такую раскошу грошай няма».

З трыма мільёнамі рублёў на месяц Алег ня ведае, як жыць далей. Па-першае, яны маюць выплаціць пазыку за прыватызацыю дома, у якім жывуць, — дзяржаўнай маёмасьці. Па-другое, неўзабаве яму давядзецца выплочваць падатак на дармаедзтва — 4,2 мільёна. Працуе ён неафіцыйна, а таму падпадае пад новы падатак.

«Тут два шляхі: ці выжываць, ці рабаваць. Мы выбіраем выжываць. Хоць становіцца гэта ўсё складаней».

Людзі дагэтуль бяруць ваду з калёнак
Людзі дагэтуль бяруць ваду з калёнак

Гэта раней Менск быў горадам для багатых. А цяпер заробкі ў сталіцы, лічыць хлопец, зраўняліся з заробкамі на вёсцы.

«Дзевяностыя вяртаюцца, — кажа ён. — А хто будуе жыльлё? Відаць, тыя, хто меў запас са старых часоў. Бо на адно месца дворніка пад сто чалавек падаюць заявы!»

Заробак у тры мільёны ў Грушаўцы лічыцца добрым
Заробак у тры мільёны ў Грушаўцы лічыцца добрым

Сярод ягоных сяброў усе толькі й абмяркоўваюць, каб паехаць на заробкі ў Расею. Маўляў, там яшчэ можна зарабіць добрыя грошы.

«Мы пачынаем жыць, як ва Ўкраіне. Тут проста няма працы. Ніякай. Я думаю, што нешта можа зьмяніцца, калі ў нас будзе іншая ўлада».

Попыт на любыя вакансіі вялікі, і працадаўцы ўсё больш ускладняюць умовы прыёму на працу. Алег расказвае, як для працы падсобным рабочым на будоўлі ад яго патрабавалі ведаць замежную мову.

«Каб пайсьці на будоўлю ці грузчыкам у краму, трэба мець вышэйшую адукацыю і ведаць ангельскую. Мы жывём як у казцы: чым далей, тым страшней».

Горадня. «Імкнуся пра гэта ня думаць, бо інакш пачынае балець галава»

Сухоцкія — Саша, рабочы, і Алена, бухгальтар — у дэкрэце, але працуе. На сям’ю з двума дзецьмі маюць 8 мільёнаў у месяц.

Старэйшая дачка ў Сухоцкіх навучаецца ў адным з гарадзенскіх тэхнікумаў, а малодшай толькі два гадочкі. Саша — звычайны рабочы, працуе на кары. Але мае залатыя рукі, дома ўсё робіць сам.

Алена — бухгальтар з досьведам, цяпер у дэкрэтным адпачынку і на паўстаўкі працуе, бо грошай у сям’і не хапае.

У яе два з паловай мільёны дэкрэтныя, яшчэ 700 атрымлівае за старэйшую дачку і паўтара мільёны зарабляе на паўстаўкі ў роднай бухгальтэрыі.

Сухоцкія жывуць у цеснай кватэрцы яшчэ хрушчоўскіх часоў. Алена вядзе запісы з разьлікамі свайго сямейнага бюджэту. Яна кажа, што ўсе выдаткі пачынаюцца з платы за камунальныя паслугі. Жывуць яны ў кватэры Сашавай маці. Год таму пабудавалі сваю, але засяліцца ня могуць: трэба зрабіць хоць які рамонт, каб там можна было жыць.

«Вось, глядзіце. Наш бюджэт месячны складае прыкладна 8 мільёнаў, часам можа быць трохі больш, часам менш, — кажа Алена. — Мы з мужам атрымліваем прыкладна пароўну. Вось квартплаты: за кватэру, у якой мы жывём, плацім камунальныя па 300 тысяч у месяц, у нас тут частковыя выгоды. І за кватэру, у якой мы не жывём — плацім такую ж суму».

«Яшчэ адзін год, дзякуючы таму, што ў нас малое дзіця, мы ня плацім два з паловай мільёны па крэдыце за новую кватэру, які ў нас разьлічаны на 20 гадоў. Гэтыя два з паловай мільёны мы штомесяц адкладаем на рамонт у новай кватэры, — дадае муж. — У ёй, дарэчы, нічога няма, акрамя ўнітаза — сьцены голыя і няроўныя, столь і падлога таксама. Я ўсё раблю сваімі рукамі, еду пасьля асноўнай працы і колькі хапае сілаў працую там, дакупляю дадатковыя будаўнічыя матэрыялы. Мы падлічылі, што павярхоўны рамонт, дзеля таго каб нам туды засяліцца, пры тым, што кожны месяц будзем траціць два з паловай мільёны, расьцягнецца яшчэ на год. Праз год мы плянуем засяліцца ў новую кватэру, і тады два з паловай мільёны будзем плаціць па крэдыце».

Паводле Алены, 240 тысяч у месяц ідзе на праязны дачцэ, і столькі ж — на транспартныя выдаткі яе самой і мужа разам.

«600 тысяч на месяц плацім за абеды ў тэхнікуме, а яшчэ кожны дзень трэба даць нейкія кішэнныя грошы. Бо часам можа затрымацца на занятках ці сэкцыях, і трэба дадаткова нешта зьесьці, інакш дзіця застанецца галоднае. Мужу таксама на абеды ідзе прыкладна 600 тысяч рублёў на месяц, але гэта без уліку цыгарэтаў — пачак на дзень абавязкова. А я ўжо бяру з сабою нейкія канапкі, бо працую паўдня», — працягвае Алена.

У краме мы сочым, каб набываць усё па зьніжках, што таньнейшае. Але садавіну для дзяцей купляюць бабулі, інакш бы нашы дзеці яе ня бачылі.

Аляксандар не пярэчыць, але дадае, што алькаголю не ўжывае зусім, і гэта, паводле яго, значная эканомія сямейнага бюджэту. Алена яго перабівае і кажа, што далей пачынаюцца самыя непрадбачаныя расходы — харчаваньне. Згадвае, што вось толькі сёньня заходзіла ў харчовую краму, аддала 300 тысяч, потым сама пералічвала кошты з чэка — усё сышлося, а ўцяміць так і не змагла, на што патраціла такую суму, бо амаль нічога не набыла.

«У краме мы сочым, каб набываць усё па зьніжках, што таньнейшае. Менш за два з паловай мільёны ў нас расходаў на харчы папросту не бывае. Але гэта не азначае, што мы ямо мяса кожны дзень. Вядома, імкнёмся купляць і рыбу, і іншыя паўфабрыкаты, каб скруціць тыя самыя катлеты ці яшчэ што прыгатаваць. Але, як кажам, садавіну для дзяцей купляюць бабулі, інакш бы нашы дзеці яе ня бачылі», — апісвае Алена рацыён сваёй сям’і.

«Да гэтага трэба дадаць харчы для нашай малодшай дачкі, а яшчэ пампэрсы, розныя сурвэткі і іншыя патрэбныя рэчы. Гэта дзякуй Богу, што мы для яе амаль не купляем адзеньня, бо ў Аленінага брата двое старэйшых дзяцей, і іхняя вопратка пераходзіць да яе», — дадае муж.

Найбольш Алена і Саша эканомяць на сабе.

«Ведаеце, бывае, што абутак становіцца такі, што няма як выходзіць на вуліцу, і тады мусім ісьці і купляць. Я не хаджу ў цырульню, забылася, што такое пэдыкюры і манікюры — што магу, раблю сама, а калі ўжо надта трэба, то бягу да сябровак. Мы нават падарункаў адзін аднаму ня робім. Апошні значны набытак — гэта стол і табурэтачка для дзіцяці — аж 500 тысяч рублёў. І то вельмі эканомілі, каб неяк выкруціцца зь бюджэтам», — распавядае Алена.

Апошні раз мы езьдзілі ў адпачынак на мора дзевяць гадоў таму, у тэатры і кіно не былі столькі ж часу. Вось толькі летась малодшую дачку вазілі ў гарадзенскі заапарк.

«Апошні раз мы езьдзілі ў адпачынак на мора дзевяць гадоў таму, у тэатры і кіно не былі столькі ж часу. Вось толькі летась малодшую дачку вазілі ў гарадзенскі заапарк. Старэйшая дачка часам хоча некуды пайсьці, але даводзіцца тлумачыць, што на ўсё грошай нестае. То добра, што яна хоць да гэтага з разуменьнем ставіцца. Паўтара года таму купілі толькі новы тэлевізар, і то на паўгода ў растэрміноўку. А цяпер наагул нічога набыць ня можам», — нават у сям’і, дзе кожны рубель на ўліку, не ўдаецца выкраіць грошы на забавы, тлумачыць Саша.

«Вось вы пытаецеся — як мы жывём? — перабівае яго Алена. — А хіба мы жывём, хіба яно ёсьць у нас, гэтае жыцьцё? Добра, што вунь кавалак гароду ёсьць, то нешта пасадзім, каб потым у краме не купляць. І ніхто нашым жыцьцём не цікавіцца, мы ўсё гэта пражываем самі разам з сваімі дзецьмі. Я вам хачу сказаць, што большасьць нашых знаёмых жывуць гэтаксама, як і мы. Хіба што ў каго дзяцей няма, то яшчэ людзі могуць нейкую капейку адкласьці, а так... Я наагул імкнуся пра гэта ня думаць, бо інакш пачынае балець галава. Раблю ўсё аўтаматычна і ні пра што ня думаю».

Фатаграфаваць сябе і сваё жытло Алена і Саша не дазволілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG