Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Візыт у абмен на пацалункі»: Ватыкан выстаўляе ўмовы візыту Папы ў Беларусь


Што азначае адказ Ватыкану на запрашэньне Папы ў Беларусь?

Юры Дракахруст: Падчас Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу, які праходзіў у Гародні 24–26 траўня, папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі заявіў, што адна з рэчаў, неабходных, каб папа Францішак прыехаў у Беларусь, — гэта дасьведчанасьць Ватыкана ў праблемах беларускага каталіцкага Касьцёлу.


«Каб гэтая сустрэча была плённай, фундамэнтальнай рэччу павінна стаць інфармаваньне Сьвятога пасаду пра ўсе праблемы, зь якімі сутыкаецца касьцёл у Беларусі, — казаў Грахалеўскі. — Я ведаю, што ў Беларусі, як і ў кожнай краіне, часам здараюцца цяжкасьці, але іх ня трэба замоўчваць, а трэба казаць як ёсьць — праўду».

Кардынал прыгадаў, што пантыфікі, зь якімі яму даводзілася працаваць, заўсёды хацелі чуць розныя меркаваньні і думкі, бо «адзіны дасканалы — гэта Пан Бог, а ўсё астатняе можа мець хібы, але іх можна выправіць, трэба толькі не баяцца пра іх казаць».

Сустракаючыся з Папам Францішкам у Ватыкане 21 траўня, Лукашэнка агучыў запрашэньне пантыфіка ў Беларусь, каб той разам з праваслаўным патрыярхам сустрэўся зь вернікамі.

На першы погляд пажаданьне кардынала Грахалеўскага гучыць дзіўна, бо хто перашкаджае Ватыкану даведацца пра стан беларускага Касьцёлу, каму адрасаванае парада «не замоўчваць цяжкасьці, а казаць як ёсьць — праўду»?

Ватыканская дыпляматыя, зь яе досьведам двух тысячагодзьдзяў, гатовая праяўляць гнуткасьць шмат у якіх пытаньнях, але, зразумела ж, не ў пытаньні становішча царквы

Ці не кіраўніку Беларусі, госьцю Ватыкана, які пасьля сустрэчы з папам сказаў: «Ён вельмі добра ведае становішча ў нашай краіне, добра ведае пра міжканфэсійную згоду, якая пануе ў нас». Аднак, відаць, ўмова, агучаная кардыналам — ветлівая і дыпляматычная канстатацыя, што ў стасунках паміж беларускай дзяржавай і беларускім Касьцёлам існуе шмат праблемаў. І ў перакладзе з дыпляматычнай мовы на звычайную словы папскага легата азначаюць, што візыт папы, калі і адбудзецца, то толькі пасьля таго, як беларуская ўлада зробіць крокі насустрач каталіцкай царкве.

Ватыканская дыпляматыя, зь яе досьведам двух тысячагодзьдзяў, гатовая праяўляць гнуткасьць шмат у якіх пытаньнях, але, зразумела ж, не ў пытаньні становішча царквы. Варта нагадаць, што падчас папярэдняга візыту ў Ватыкан Аляксандар Лукашэнка казаў пра магчымасьць заключэньня канкардату паміж беларускай дзяржавай і беларускім касьцёлам. Гэтым разам, падчас сёлетняга візыту пра гэта нават не гаварылася.

Аднак і Сьвяты Пасад адпаведна не зьбіраецца рабіць афіцыйнаму Менску бясплатныя падарункі. У Ватыкане запрашэньне папу, якое агучыў Лукашэнка, не было адхіленае, але зараз заявай папскага легата Ватыкан абставіў нават не адмоўны адказ на запрашэньне пэўнымі ўмовамі.

Пры гэтым, міністар замежных справаў Уладзімер Макей заявіў у мінулую пятніцу, што падрыхтоўка візыту Папы Францішка ў Беларусь вядзецца, але гэта не азначае, што візыт адбудзецца ў бліжэйшы час. Так выглядае, што калі афіцыйны Менск ня зробіць пэўныя крокі насустрач каталікам, рыхтаваць візыт спадару Макею давядзецца вельмі доўга.

Ігар Ільяш: Такая заява азначае, што ў Ватыкане сядзяць далёка не дурні і яны цудоўна разумеюць, навошта Лукашэнка запрашае Папу Рымскага ў Беларусь.

тэма візыту у Беларусь Папы цягнецца як мінімум з 2009 году, калі гаворка ішла яшчэ пра сустрэчу на беларускай зямлі Патрыярха Кірыла і Папы Бэнэдыкта

Мы ж усе ведаем, што тэма візыту у Беларусь Папы цягнецца як мінімум з 2009 году, калі гаворка ішла яшчэ пра сустрэчу на беларускай зямлі Патрыярха Кірыла і Папы Бэнэдыкта. Таксама мы ведаем, што абодва пэрыяды адлігі ў адносінах Беларусі і Эўропы адзначаліся візытамі Лукашэнкі ў Ватыкан. Няма сумневаў, што такая ўвага да Ватыкана тлумачыцца, канешне ж, не рэлігійнымі перакананьнямі Лукашэнкі, а жаданьнем праз гэта палепшыць сваю рэпутацыю ў Эўропе, знайсьці пэўную падтрымку ў заходнім сьвеце і пры гэтым не адказваць на непрыемныя пытаньні аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі. У гэтым сэнсе, калі казаць груба, патэнцыйны візыт у Беларусь Папы Рымскага разглядаецца беларускімі ўладамі як вельмі карысны палітычны піяр, як сродак паляпшэньня іміджу беларускіх уладаў на міжнароднай арэне.

Там зусім ня хочуць, каб на іх піярыліся, каб Папу Рымскага хтосьці выкарыстоўваў выключна як сродак вырашэньня ўласных палітычных праблемаў

І гэта, думаю, цудоўна разумеюць у Ватыкане. Там зусім ня хочуць, каб на іх піярыліся, каб Папу Рымскага хтосьці выкарыстоўваў выключна як сродак вырашэньня ўласных палітычных праблемаў. Бо адна справа — прыняць Лукашэнку ў Ватыкане, а іншая справа — ехаць у Беларусь асабіста, гэта значна больш сур’ёзны крок і на яго можна пайсьці толькі пры пэўных умовах. Таму ў Ватыкане і кажуць: маўляў, мы ня супраць, але давайце пагаворым і пра тое, што цікавіць нас, пагаворым шчыра, і размова гэта ня будзе простай, бо ў Касьцёла ў Беларусі ёсьць свае інтарэсы. Калі вы зробіце крок нам насустрач — добра. Калі не — то і пра візыт Папы казаць няма чаго. Гэтая пазыцыя Ватыкана цалкам зразумела і выглядае яна цалкам абгрунтавана.

Віталь Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка напэўна думаў, што ён такі дасьведчаны палітык на постсавецкай прасторы, што ягоныя палітычныя мэтады і паводзіны пройдуць і ў Ватыкане. Але ён не ўлічыў, што там палітычны вопыт вымяраецца тысячагодзьдзямі. У тым ліку вопыт палітычных ацэнак і нават палітычных інтрыгаў. Там даўно навучыліся, як трэба стасавацца з кіраўнікамі дзяржаў і як трэба ўлічваць свае інтарэсы.

Візыты ў абмен на пацалункі — Ватыкан гэта не Расея

Той варыянт, які Лукашэнка з наскоку хацеў узяць у Ватыкана — прыяжджайце да нас і зрабіце мне такую піяр-кампанію — проста не пройдзе. Візыты ў абмен на пацалункі — Ватыкан гэта не Расея. У абмен на візыт павінна быць нешта, павінны беларускі бок зрабіць нейкія крокі насустрач інтарэсам Ватыкану ў Беларусі. Перш за ўсё гэта канкардат, то бок сыстэма дамоваў дзяржавы з каталіцкай царквой, якімі ўсталёўваюцца пэўныя правілы, абавязкі, а заадно і пэўная адказнасьць, у тым ліку і большая прысутнасьць Ватыкану ў школах, у адукацыі і г.д., паколькі на сёньня ў гэтых сфэрах прысутнічае толькі адна канфэсія — РПЦ.

Праваслаўныя бацюшкі асьвячаюць салдат, якія прыходзяць у войска

Праваслаўныя бацюшкі асьвячаюць салдат, якія прыходзяць у войска. Усё гэта не дае магчымасьць Ватыкану адчуваць сябе цалкам роўнай царквой на тэрыторыі Беларусі. Усё пытаньне гэтага візыту ўпрэцца ў такія дыпляматычныя палітычныя дамоўленасьці. Не думаю, што тут будзе нейкая непрабіўная сьцяна, маўляў, даёш канкардат і ніяк інакш. Тут, безумоўна, будзе гнуткая палітыка, але факт, што як у адносінах з Расеяй, а цяпер ужо і з заходнімі палітыкамі, у Лукашэнкі не атрымаецца здабыць аднабаковыя выгоды. Яму давядзецца зрабіць не адзін крок насустрач каталіцкай царкве.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG