Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнік нікому нічога не павінен


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Быць пісьменьнікам ніхто не прымушае. Калі вырашыў ім стаць, то не наракай, што выбраў для сябе сьціплую ролю.

Навошта людзі пішуць па-беларуску, самі сябе выдаюць, хто іх чытае? У нашым ПЭН-цэнтры адбылася размова пра пісьменьнікаў: «Якімі нас бачаць, якімі мы бачым сябе?» Я прыехаў з Горадні, дыскусія мяне зацікавіла. Але ахвотных шчыраваць было няшмат. Напрыклад, я мог чакаць, што Славамір Адамовіч, які вылучаўся сярод калегаў значным загарам, спашлецца на свой досьвед. Але не. Наогул аўтары, якія могуць пахваліцца продажам у Логвінава, маўчалі. Хто ведае, чаму? Магчыма, наш пісьменьнік усьведамляе сваё становішча і вярэдзіць уласныя раны ня бачыць сэнсу. Хаця хіба не цікава ведаць — хто мы і што?

Юлія Цімафеева, вядучая, прапанавала адштурхнуцца ад скептычнага верша Чарльза Букоўскага, прысьвечанага пісаньню. Іншы вядомы літаратар аб тым самым сказаў больш сьцісла: калі можаш не пісаць — не пішы. Але раз чалавек піша і друкуецца на свае грошы, ведаючы, што на беларускай мове прачытае ў лепшым разе толькі адзін зь дзесяці тысяч, значыць, можна лічыць, ён ня можа не пісаць.

Сёньняшні аўтар хоча адмежавацца ад старой ролі, якая, мабыць, аджыла сваё разам з СССР — сеяць добрае, вечнае і гэтак далей. Ён упадае ў максымалізм: ня трэба ад пісьменьніка нічога патрабаваць, ён нікому нічога не павінен! Нібы не паспрачаесься. Але прамоўца адразу перакрэсьлівае свае словы, знаходзячы новыя мэты і абавязкі: «Пісьменьнік павінен…» Дык павінен ці не?

Разважаючы аб зьмесьце, мы зноў упадаем у максымалізм: пісьменьнікам нельга пісаць аб сабе, чаму ён лічыць, што ягонае жыцьцё для кагосьці можа быць цікавым? Колькі можна корпацца ў сабе! Але ж ісьціна пасярэдзіне. Чаму чытачу здаецца, што ты можаш напісаць нешта важнае, сапраўднае, адкрыць для яго ўнутраны сьвет тубыльца, нямецкага падводніка, марсіяніна, але ня здолееш зацікавіць сваімі ўнутранымі змаганьнямі, якія табе непараўнаўча лепей вядомыя, чымсьці думкі і патрэбы гатэнтотаў? Усё насамрэч залежыць ад сродкаў, якія ты выбраў, ад таго, як гэта было зроблена. Можна пра жыцьцё кратоў напісаць — не адарвацца ад кнігі будзе, а можна аб нечым вядомым зрабіць халтуру.

Гучыць закід, што ў нашых пісьменьнікаў зашмат таго, што можна назваць «нацыяналізмам», што гэта пашкодзіць перакладу, таму што чытачу ў іншай краіне цікавыя проста людзкія пачуцьці, людзкое жыцьцё. Не паспрачаесься. Але чаму так? Таму што ў савецкія часы гэта было нельга. Доўгая забарона закончылася, і душа прагне гаварыць аб няспраўджаных надзеях, аб набалелым, пра беларускія стрэмкі. Канечне, гэта можа быць незразумелым для замежніка, можа не закранаць. Што ж, некаторыя творы могуць падсьвядома быць разьлічанымі на ўнутраны рынак. Але не абавязкова. Пішуць кітайцы пра кітайскае, і іх чытаюць ва ўсім сьвеце, і нават даюць нобэлеўскую прэмію. Так што залежыць — ад таго, як гэта зроблена. І ад удачы таксама, само сабой. Ад спалучэньня розных чыньнікаў.

А як бачыцца праблема чалавеку сталаму? Раіса Баравікова ўспамінае: Ніл Гілевіч калісьці вярнуўся з Баўгарыі. Вы разумееце: дзеці ўсе толькі па-баўгарску размаўляюць, а ці дажыву, каб у нас па-беларуску размаўлялі? Не дажыў. Хоць дбаў пра пашырэньне мовы. Пазьней Генадзь Бураўкін задаваўся такім пытаньнем. Не дажыў. Сама Баравікова гадоў дзесяць таму проста вырашыла сабе пісаць для дзяцей, каб ім было што чытаць, паколькі пісьменьнікі ня могуць самі зрабіць, каб на праспэкце ўсе дзеці размаўлялі па-беларуску.

І ў якасьці рэмаркі вядомая паэтка ўспамінае, як паэт з Варшавы (гэта быў Алесь Барскі) у 1991 годзе выказваў мару, каб у незалежнай Беларусі па-беларуску загаварылі нават прастытуткі ў гасьцініцах. Хутчэй за ўсё, не загаварылі.

На што надзея? У кулюарах: толькі на тое, што ёсьць чытачы, якія самі не размаўляюць, але чытаюць па-беларуску. І такіх меней хіба што не становіцца. Дакладней: старыя паміраюць, але частка моладзі цягнецца да роднай мовы. Але пакуль мала што мяняецца: пісьменьнікаў становіцца больш хутчэй, чым чытачоў. Сьцяна з кніг расьце, дзе ўзяць ахотных узяць у рукі, разгарнуць? Ці неабходна перш напісаць новую «Вайну і мір»? Але ты мусіш яе тады сьціснуць, ніхто сёньня такую цагліну чытаць ня будзе, ды яшчэ па-беларуску. А ў мяне, як у аўтара, думка свая: а ці ведаеце, колькі будзе каштаваць пісьменьніку — надрукаваць такі значны па памерах твор? Калі ў краіне рэальна толькі адзін бізнэсовец-мэцэнат, як казалі ў кулюарах.

Славамір Адамовіч, Альгерд Бахарэвіч, Віктар Марціновіч прысутнічалі на дыскусіі, але думкамі не падзяліліся. Ня маюць ілюзіяў? Альбо проста ведаюць сваё месца, адсюль пэўная раўнавага, нават упэўненасьць у сваім становішчы. Нам вядома дзе мы, у якім умовах пішам і хто мы. Такая ўрэшце роля сёньняшняга беларускага пісьменьніка. Пагаджайся ці не, іншай няма.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG