Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэцяя сусьветная пачнецца ў траўні 2017?


Расейскія вайскоўцы бяруць удзел у парадзе на 9 траўня ў Тыраспалі.
Расейскія вайскоўцы бяруць удзел у парадзе на 9 траўня ў Тыраспалі.

Былы генэрал НАТО лічыць, што Расея ў траўні 2017 уварвецца ў Латвію. Ці магчыма прадухіліць ваеннае сутыкненьне Расеі з Захадам?

Максімюк: На гэтае пагрозьлівае пытаньне ў сёньняшнім Трайным удары мяне натхніла прэзэнтацыя кнігі, якая некалькі дзён таму адбылася ў Лёндане. Кніга называецца «2017 — вайна з Расеяй». Напісаў гэтую кнігу не пісьменьнік-фантаст, а натаўскі генэрал. І то ня першы лепшы генэрал, а Аляксандр Рычард Шырэф, які ў 2011-2014 гадах быў намесьнікам галоўнакамандуючага аб’яднаных сіл НАТО ў Эўропе.

І вось гэты генэрал Шырэф прэзэнтаваў кнігу, у якой ён папярэджвае пра магчымую ядзерную вайну з Расеяй, якая можа пачацца на працягу найбліжэйшага году як наступства ўварваньня расейскіх войскаў у балтыйскія краіны. На думку брытанскага генэрала, у якасьці зачэпкі для інтэрвэнцыі ў Латвіі, Літве і Эстоніі Масква выставіць уціск правоў рускамоўнай меншасьці ў гэтых краінах. Ён таксама падае і некаторыя канкрэтныя дэталі гэтай меркаванай апэрацыі — маўляў, расейская інтэрвэнцыя пачнецца ўварваньнем у Латвію, у траўні 2017 году.
Журналісты, прысутныя на прэзэнтацыі, выказалі свой сумнеў у такім сцэнары. Маўляў, Латвія, Літва і Эстонія — сябры НАТО, і Расея ня будзе рызыкаваць ладзіць інтэрвэнцыю, бо нарвецца на натаўскі вайсковы адказ. На што генэрал Шырэф адказаў, што Пуцін можа ўварвацца ў балтыйскія краіны і потым прыгразіць НАТО ядзерным ударам, а НАТО не наважыцца рызыкаваць ядзернай вайной з Расеяй і таму можа пагадзіцца са стратай трох балтыйскіх краінаў.

Ян Максімюк
Ян Максімюк

Паводле генэрала Шырэфа, гэткі сцэнар можна адвярнуць, калі НАТО неадкладна прыме рашэньне разьмясьціць у трох балтыйскіх краінах сур’ёзныя вайсковыя сілы, якія змогуць адбіць расейскае ўварваньне ў звычайнай вайне.

На кніжку генэрала Аляксандра Рычарда Шырэфа можна паглядзець па-рознаму. Зразумела, можна гэтыя перасьцярогі і гэты сцэнар, абмаляваны аўтарам, падняць на сьмех. Але мне здаецца, што сёньня ахвотных паднімаць на сьмех такі ці падобны сцэнар разьвіцьця дачыненьняў паміж Расеяй і НАТО не назьбіраецца зашмат. Тое, што Эўропа ў гэтым новым стагодзьдзі, пасьля дэмантажу камуністычнай сыстэмы ў апошнім дзесяцігодзьдзі мінулага стагодзьдзя і пабудовы новай сыстэмы бясьпекі абапёртай на НАТО, вярнулася ў часы халоднай вайны, не падлягае сумневу. І сёньня штораз больш людзей задае сабе пытаньне, ці гэтая халодная вайна ня стане гарачай.

Калегі, я хачу зьвярнуць вашу ўвагу толькі на некалькі падзеяў апошняга часу, зьвязаных з пытаньнямі эўрапейскай бясьпекі і, так бы мовіць, эўрапейскай баяздольнасьці.

12 траўня ЗША ўвялі ў дзеяньне ў Румыніі першы эўрапейскі аб’ект гэтак званага глябальнага супрацьракетнага шчыта. Расея лічыць гэтую сыстэму супрацьракетнай абароны спробай нівэляваць яе ядзерную зброю і кажа наўпрост, што ён закранае яе нацыянальную бясьпеку.

На гэтым тыдні Чарнагорыя падпісала ў Брусэлі пратакол аб далучэньні да НАТО. Калі пратакол будзе ратыфікаваны ўсімі краінамі-ўдзельніцамі альянсу, Чарнагорыя стане паўнапраўным 29-м сябрам НАТО. На гэтае далучэньне рэзкай рыторыкай зрэагаваў Крэмль.

Што яшчэ? У Польшчы на гэтым тыдні пачаліся вучэньні НАТО па перакідцы сілаў хуткага рэагаваньня, якія маюць паказаць саюзьнікам альянсу і Расеі, што НАТО гатовае абараняць балтыйскія краіны. У вучэньнях бяруць удзел 2,5 тысячы вайскоўцаў, галоўным чынам з Гішпаніі. Значна буйнейшыя вучэньні НАТО, у якіх возьмуць удзел каля 30 тысяч вайскоўцаў, пройдуць у Польшчы ў наступным месяцы. Такіх маштабных вучэньняў не было ў Польшчы пасьля падзеньня камунізму. А ў ліпені ў Варшаве адбудзецца саміт НАТО, галоўнай тэмай якога будзе павелічэньне вайсковай прысутнасьці альянсу ў такіх краінах як Польшча, Літва, Латвія і Эстонія.

Выглядае на тое, што да кіраўніцтва НАТО дайшло разуменьне, што сама фармальная прыналежнасьць краіны да НАТО яшчэ не дае людзям у гэтай краіне гарантыі поўнай бясьпекі. Праўда, у статуце НАТО ёсьць 5-ты артыкул, які гаворыць аб ваеннай салідарнасьці сябраў альянсу: атака супраць аднаго зь сябраў патрабуе калектыўнага адказу ўсіх сяброў НАТО. Але людзі ў Польшчы ці ў трох балтыйскіх краінах, як падаецца, усё ж хацелі б бачыць у сябе базы з натаўскімі вайскоўцамі, танкамі, самалётамі і ракетамі, каб адчуваць сябе больш бясьпечна. Ці так гэта будзе насамрэч? То бок, ці НАТО рызыкне стварыць такія моцныя базы ў краінах, якія мяжуюць наўпрост з Расеяй? Ці магчымая баявая сутычка войскаў НАТО і Расеі? Вось некалькі пытаньняў, на якія хацелася б пашукаць адказу разам з вамі, калегі.

Мне здаецца, што пасьля расейскай інтэрвэнцыі ў Грузіі ў 2008 годзе і пасьля далучэньня Крыму ў 2014 годзе Крэмль набраў упэўненасьці ў тым, што шмат якія пытаньні палітычна-вайсковага балянсу ў Эўропе Расея сапраўды можа вырашыць пры дапамозе вайсковай сілы, паколькі бачыць НАТО, як сьцьвярджае згаданы генэрал Аляксандр Шырэф у згаданай кнізе, як структуру на дадзены момант няздольную супрацьстаяць Расеі ў ваенным пляне. А што пра гэта думаеце вы, калегі?

Уладзімер Глод
Уладзімер Глод

Глод: Я пачну адказы на пытаньне з цытаты, якая належыць Уладзімеру Пуціну. «Ні ў кога не павінна быць ілюзій адносна магчымасьці дамагчыся ваеннай перавагі над Расеяй. Мы гэтага ніколі не дапусьцім. Расея адкажа на ўсе гэтыя выклікі: і палітычныя, і тэхналягічныя. Ўвесь неабходны патэнцыял у нас для гэтага ёсьць».

У гэтым выказваньні важны ня толькі сам зьмест. Яшчэ больш прынцыпова нагадаць, калі гэтыя словы прагучалі. А прагучалі яны ў пасланьні Фэдэральнаму сходу Расеі ў сьнежні 2013 году, калі аб анэксіі Крыма або канцэнтрацыі войскаў на мяжы з Украінай, а тым болей удзелу ў баявых дзеяньнях яшчэ і гаворкі не было.

І тады на гэтае выказваньне амаль ніхто не зьвярнуў увагі. Да яго паставіліся як да чарговага слоўнага прыёму расейскага прэзыдэнта. Маўляў, гэта толькі словы, і ня болей за тое.

Але ж цяпер бачна, што гэта ня толькі мілітарысцкая рыторыка. Яна, як паказалі падзеі ва Ўкраіне, ператварылася ў рэальныя справы. Вельмі доўгі час аналітыкі на Захадзе і заходнія лідэры прапускалі міма вушэй мілітарысцкую рыторыку Пуціна. Яны думалі, што такі прыём выкарыстоўваецца толькі для таго, каб апавясьціць аб сваёй незадаволенасьці тым ці іншым крокам Захаду. Яны ня верылі, што расейскі прэзыдэнт сапраўды гатовы спадзявацца на ваенную сілу ў зьнешняй палітыцы.

Але і ня гэта самае галоўнае. Калі глядзіш расейскія афіцыйныя тэлеканалы, праглядаеш іншыя выданьні, то складаецца жудаснае ўражаньне, што ў Крамлі шчыра вераць у ваеннае супрацьстаяньне з Захадам.

Ян Максімюк пачаў сваю размову з новай кніжкі натаўскага генэрала. Крыху раней за яе зьявілася кніга вайсковага экспэрта Стэнлі Слоўна (Stanley Sloan, Middlebury College) «НАТО і трансатлянтычныя зьдзелкі ад Трумэна да Абамы». Дык спадар Слоўн так пракамэнтаваў расейскай службе Голасу Амэрыкі дзеяньні і тактыку Паўночнаатлянтычнага саюзу перад тварам магчымай ваеннай пагрозы з боку Расеі:

«Бальшыня краін НАТО разумеюць, што дзеяньні Пуціна ў Крыме могуць прадстаўляць сабой другі крок (пасьля Грузіі) вялікага пляну па аднаўленьні кантролю або, па меншай меры, пераважнага ўплыву на як мага большую частку былога СССР... Таму Злучаныя Штаты павінны аднавіць сваю вядучую ролю ў сыстэме эўрапейскай бясьпекі, адкінуўшы рыторыку пра „паварот ў бок Азіі“. Усе дзяржавы-чальцы трансатлянтычнай супольнасьці — сябры НАТО і Эўрапейскага Зьвязу — павінны сфармаваць новае пачуцьцё агульных каштоўнасьцяў і інтарэсаў і супрацьстаяць Расіі, якая дапускае ўжываньне сілы для падаўленьня свабоднай волі сваіх суседзяў».

І толькі пры гэтых умовах Крэмль можа адмовіцца ад сваіх агрэсіўных намераў.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Натуральна, здаровы сэнс нас падштурхоўвае адказаць, што гэткі сцэнар немагчымы. Але варта ўзгадаць, хто мог уявіць яшчэ некалькі гадоў таму анэксію Крыму і вайну ў Данбасе? Самыя неверагодныя сьцьвярджэньні раптам аказваюцца рэалістычнымі падзеямі.

Апошнія падзеі ажывілі ваенна-прамысловы комплекс з усіх бакоў, у тым ліку і ў НАТО. Пад расейскую пагрозу можна даказваць неабходнасьць новых сродкаў для абароннага вайсковага бюджэту. Нагадаю, што апошнія як мінімум 20 гадоў вайсковыя бюджэты ўсіх краін НАТО няўхільна памяншаліся, і цяпер у большасьці краін, напрыклад, Эўропы, яны складаюць менш за 2%, а гэта той узровень, які патрабуецца пэўнымі дамовамі і абавязкамі, якія накладаюцца на чальцоў НАТО. Мяркую, што прынамсі некаторыя краіны зараз ужо пачнуць па-іншаму разглядаць свае абаронныя патрэбы і павялічваць ваенны бюджэт.

Нават балтыйскія экспэрты публічна і непублічна кажуць пра тое, што вайсковымі сродкамі на цяперашні момант абараніць іхнія краіны немагчыма. У выпадку сапраўднай вайны арміі гэтых краін няздольныя будуць арганізаваць абарону ці нават на некалькі дзён затрымаць патэнцыйнае расейскае ўварваньне. Таму тут застаюцца альбо палітычныя сродкі — відавочна пазыцыя НАТО, той самы 5-ы артыкул, што любая агрэсія супраць яе краін вядзе да паўнамаштабнай абароны іх з боку НАТО, альбо папярэдні крок — гэта разьмяшчэньне ваенных баз. Магу сказаць, чаму і Польшча, і краіны Балтыі хочуць гэтага разьмяшчэньня, бо псыхалягічна гэта ўжо зусім іншы падыход. У выпадку агрэсіі расейскія войскі сутыкнуцца не з мясцовымі салдатамі, а, напрыклад, з вайскоўцамі ЗША, якія будуць разьмешчаныя на пэўнай тэрыторыі. А гэта ўжо зусім іншы ўзровень абароны.

Аналізуючы апошнія дзеяньні — той жа супрацьракетны шчыт у Румыніі і Польшчы, які зараз разьмяшчае НАТО, хоць заяўляе, што гэта супраць пагроз з Блізкага Усходу, але мае ў галаве і Расею, а можа нават і перш за ўсё Расею — можна зрабіць выснову, што НАТО ўспрымае Расею больш сур’ёзна. Як лічаць многія аналітыкі, менавіта гонка ўзбраеньняў не толькі псыхалягічная, калі бралі заявамі, а сапраўдная, пагубіла СССР. У краіне не было элемэнтарных тавараў, бо ўсё лепшае ішло на ваенныя патрэбы, інтэлект, лепшыя тэхналёгіі, прадукты. У выніку адбыўся каляпс на спажывецкім рынку, незадавальненьне людзей. Расейскім кіраўнікам варта ўспомніць гэты гістарычны ўрок.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG