18 траўня спаўняецца 72 гады з моманту гвалтоўнай дэпартацыі крымскіх татараў з Крыму.
На паўвостраве гэтая дата ўжо трэці год праходзіць пад знакам барацьбы крымскіх татараў за захаваньне памяці аб трагедыі і тых, хто стаў яе ахвярамі. На мацерыковай Украіне і ў сьвеце дата 18 траўня становіцца ўсё больш заўважнай.
Штогадовыя забароны падкантрольных Расеі ўладаў Крыму на правядзеньне масавых памятных акцыяў у Дзень дэпартацыі на паўвостраве спрыялі таму, што гэты дзень стаў адзначацца на дзяржаўным узроўні на мацерыковай частцы Ўкраіны. Такое рашэньне прыняў у мінулым годзе ўкраінскі парлямэнт, дапоўніўшы пералік памятных дат і юбілеяў Днём смутку і памяці, які адзначаюць 18 траўня.
14 траўня мінулага году парлямэнт Украіны таксама зьвярнуўся да Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Эўрапейскага парлямэнту, Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, да сусьветных лідэраў і да ўсёй міжнароднай супольнасьці з заклікам да асуджэньня парушэньняў правоў і свабодаў крымскататарскага народу. А ў лістападзе 2015 году прызнаў дэпартацыю 1944 году генацыдам крымскіх татараў.
Сёлета пракуратура Аўтаномнай Рэспублікі Крым, падкантрольная Ўкраіне, пачала расьсьледаваньне абставінаў дэпартацыі крымскіх татараў з Крыму ў 1944 годзе. Па гэтым факце адкрыта крымінальная вытворчасьць паводле артыкулу 442 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (генацыд). Яе вынікі павінны пакласьці пачатак афіцыйнаму прызнаньню гэтага факту ва Ўкраіне і сьвеце.
Гэтым рашэньням папярэднічалі гібель ад рук так званай прапуцінскай «крымскай самаабароны» на пачатку анэксіі паўвострава Рашата Аметава, дзясяткі арыштаў, затрыманьняў, ператрусаў і допытаў крымскіх татараў, забарона на ўезд у Крым лідэрам крымскататарскага народу і іншыя трагічныя падзеі.
Прызнаньне Дня дэпартацыі ва Ўкраіне на дзяржаўным узроўні важна для крымскататарскага народу, паколькі ў родным Крыме за права на памяць аб трагедыі і яе ахвярах крымскім татарам ужо трэці год запар даводзіцца змагацца.
Крым: забароны, кветкі да помнікаў і выступы чыноўнікаў
Спробы прыхільнікаў Мэджлісу і крымскататарскіх грамадзкіх арганізацыяў правесьці жалобныя мерапрыемствы на паўвостраве ў чарговы раз не завяршыліся посьпехам, насуперак абяцаньню расейскага прэм’ера Крыму Сяргея Аксёнава ня перашкаджаць масавым мерапрыемствам, прысьвечаным 18 траўня.
Рэгіянальныя арганізацыі Мэджлісу ў Судаку і Краснаперакопску падалі заяўкі ў мясцовыя расейскія органы ўлады на правядзеньне жалобных мерапрыемстваў і атрымалі адмову.
Кіраўнік Бахчысарайскага рэгіянальнага мэджлісу Ільмі Умераў памятныя мерапрыемствы з расейскімі ўладамі не ўзгадняў. Паводле яго інфармацыі, 18 траўня тут заплянавана ўскладаньне кветак да мэмарыяльнай дошкі на сьцяне Бахчысарайскага вакзалу і хвіліна маўчаньня ў памяць пра ахвяраў дэпартацыі, а потым — малебен на паўдзённым намазе.
На мацерыковай Украіне ўпершыню ў мерапрыемствах у гонар памяці ахвяраў дэпартацыі задзейнічаны цэлы шэраг дзяржаўных ведамстваў, а акцыі, арганізаваныя ўкраінскімі ўладамі і прадстаўнікамі Мэджлісу, выйдуць і за межы краіны.
У пляне — мітынг на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве і памінальныя набажэнствы ў розных рэлігійных арганізацыях пра ахвяраў генацыду крымскататарскага народу і іншых нацыянальнасьцяў.
У Кіеве таксама будзе прадстаўлена стылізаваная фотавыстава аб дэпартацыі крымскіх татараў у вагоне цягніка ўзору 1930-1940 гадоў.
Пасьля расейскай анэксіі Крыму і масавых рэпрэсіяў у дачыненьні да крымскіх татараў на паўвостраве мерапрыемствы, прысьвечаныя Дню дэпартацыі 1944 году, пачалі праводзіцца і за межамі Ўкраіны.
Сёлета кінапаказы аб дэпартацыі і інфармацыйна-тлумачальныя мерапрыемствы будуць праводзіцца ўкраінскімі дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі ў шэрагу краінаў.
Трагедыі крымскіх татараў прысьвечаны фільм «Калі аціхне вецер» польскага прадусара Міраслава Дэмбіньскі, зьняты разам тэлеканалам «Белсат» і Польскім тэлебачаньнем.