Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лазэртагам — па піянэрах: чаму дзясяткі аздараўленчых лягераў ляжаць у руінах


Руіны імя Алега Кашавога
Руіны імя Алега Кашавога

Дзясяткі дзіцячых аздараўленчых цэнтраў, зьнятых з балянсаў дзяржаўных міністэрстваў, ведамстваў і прадпрыемстваў, за гады безгаспадарнасьці ператварыліся ў руіны. Колькасьць закінутых аб’ектаў расьце, нягледзячы на разьмяшчэньне ў жывапісных мясьцінах і попыт на адпачынак за горадам. Напярэдадні школьных вакацыяў наш карэспандэнт наведаў такі лягер-прывід пад Менскам.

Паводле афіцыйных дадзеных, цяпер у Беларусі працуе блізу 170 атэставаных аздараўленчых комплексаў — пры тым, што яшчэ 10 гадоў таму іх было ледзь не на сотню больш, а за савецкім часам лік піянэрскіх лягераў дасягаў паўтысячы. У ваколіцах беларускай сталіцы функцыянуе каля 60 сэзонных дзіцячых установаў — прынамсі на паперы. На справе значная колькасьць альбо перапрафіляваная, альбо проста зарастае хмызьняком: установы адна за адной адмаўляюцца ўтрымліваць затратныя гаспадаркі толькі дзеля трох летніх месяцаў актыўнай эксплюатацыі.

Год таму Свабода ўжо рабіла рэпартаж з закінутага лягера «Кіравец» за 20 кілямэтраў ад Менску, у напрамку Маладэчна: спачатку менскі станкабудаўнічы завод імя Кірава скінуў зь сябе лішні «баляст», а далей новыя гаспадары, якія ад пачатку 2000-х зьмянялі адзін аднаго, паступова забыліся пра першапачатковую ідэю ўзьвесьці тут культурна-забаўляльны цэнтар з этнаграфічным ухілам. Апроч таго, што пайшоў з жыцьця апошні начальнік лягера Мікалай Трухан, які пасьля «рэструктурызацыі» застаўся на старым месцы вартаўніком, — усё бязь зьменаў.

Колішняя парадная брама
Колішняя парадная брама

Піянэрская прыбіральня: у калідоры — два вядры побач

Сёньня падарожжа па іншым адрасе — у ваколіцы станцыі Зялёнае, дзе некалі канцэнтрацыя піянэрлягераў была адна з найбольшых на Меншчыне. Літаральна па суседзтве зь дзясятак профільных установаў: «Сонейка», «Зялёны бор», «Энэргетык», «Дзяржынец», «Юны камунар», «Сонечны круг», «40 гадоў піянэрыі», імя Гастэлы і г.д. Адны дзякуючы падтрымцы шэфаў дагэтуль больш-менш на плыву, іншыя закінутыя і разрабаваныя — або сталі натуральнымі дэкарацыямі для аматараў лазэртагу.

У пэйнтбалістаў свае арыенціры
У пэйнтбалістаў свае арыенціры

Лягеру імя Алега Кашавога ацалець не ўдалося. Адзін са старэйшых пасьляваенных комплексаў, збудаваны ў 1950-х, да канца свайго існаваньня заставаўся ў падпарадкаваньні ўстановаў сфэры гандлю. Штолета празь яго праходзіла блізу 1000 хлопчыкаў і дзяўчатак — 12 атрадаў па 25 чалавек у кожнай зьмене. На пачатку 2000-х лягер пачаў пераходзіць з рук у рукі, апошнія гады зарастае лесам. Зрэшты, як выказаўся малады ахоўнік, які ня стаў перашкаджаць невялікаму шпацыру сярод руінаў, такі расклад задавальняе новага гаспадара — агароджаная і схаваная ад вачэй тэрыторыя карыстаецца попытам у аматараў пастраляць на прыродзе. Лягер арандуецца ў якасьці страйкбольнага палігону, і плянаў перабудоўваць яго няма.

Апусьцелыя карпусы
Апусьцелыя карпусы

Па зарослых дарожках, дзе некалі дружна маршавалі піянэры, крочым зь менскай журналісткай Кацярынай Ткачэнкай. У гэтым месцы яна праводзіла ўсе летнія вакацыі аж да старэйшых клясаў — ад 1981-га да 1987-га. І вось праз 30 гадоў вярнулфася.

Спыняемся каля клюбу. Над вырванымі дзьвярыма — фрагмэнты «вітражоў», усярэдзіне — рэшткі сцэны, на супрацьлеглай сьцяне — чорныя квадраты «рубкі» кінамэханіка:

Кацярына Ткачэнка ў мясьціне, памятнай зь дзяцінства
Кацярына Ткачэнка ў мясьціне, памятнай зь дзяцінства

«Сем гадоў запар я прыяжджала ў гэты лягер, таму для мяне гэта цалкам зразумелы элемэнт настальгіі. Справа ў тым, што тут працавала мая мама, яна была музычным кіраўніком, арганізоўвала хор. Вось гэты колішні клюб — асноўнае яе месца працы. Зноў жа, усё піянэрскае жыцьцё віравала ў гэтай залі, тут давалі канцэрты, паказвалі кіно. Уласна кажучы, мы тут і жылі — побач з клюбам быў пакойчык. Кожнае лета прыяжджалі на тры месяцы: лічылася, што я адношуся да нейкага атраду, але жыла не ў „казарме“, а асобна з мамай».

Будынак клюбу
Будынак клюбу
Рэшткі сцэны
Рэшткі сцэны
Будка кінамэханіка
Будка кінамэханіка

Кацярына лёгка пазнае іншыя «культавыя» лягерныя будынкі: мэдпункт, бібліятэку, сталоўку, лазьню. А вось пляц, дзе ладзіліся лінейкі, цалкам зарос. Трыбуна, зь якой піянэрважатыя віталі шыхты атрадаў, развалілася да самага падмурку. Не засталося сьлядоў ад вулічных прыбіральняў, горы друзу на месцы ўмывальнікаў. На пастамэнтах традыцыйных гіпсавых скульптураў «юных ленінцаў» — толькі чаравікі дзяўчынкі і мяч хлопчыка:

«Ступні» піянэркі
«Ступні» піянэркі

«Самае цікавае, што гэта адзін з тых лягераў, у якім не было аніякіх праяваў цывілізацыі — ні каналізацыі, ні гарачай вады, — кажа мой „гід“ па руінах „Алега Кашавога“. — То бок прыбіральні — на вуліцы, умывальнікі — там жа. Лазьня — раз на тыдзень, на ўвесь лягер — адзін душавы пакойчык, памыцца ўвечары з-за колькасьці ахвотных проста нерэальна. Добра, што я была з мамай, дык мела пэўныя „прэфэрэнцыі“ — прынамсі, была магчымасьць нагрэць вады кіпяцільнікам. Умовы нават як на той час, ня кажучы пра сёньняшні, зусім спартанскія».

Цягам усёй зьмены, якая цягнулася бяз пары дзён месяц, дзяцей і падлеткаў прывучалі да суровых рэаліяў. Гледзячы на жылыя карпусы, Кацярына прыгадвае:

Унутраны разгром
Унутраны разгром

«Кожны дамок быў разьлічаны на два атрады. Дзьве „палаты“ — адна для хлопчыкаў, другая для дзяўчатак. У кожным пакоі па 10–12 ложкаў. Прыбіральня на вуліцы, асабліва ўначы — страшнавата, таму выхавацелі ставілі ў калідоры два вядры: адно для хлопчыкаў, другое для дзяўчатак. Вёдры стаялі побач, і калі выходзіш у цемры, адразу трэба было прыслухацца, што струмень ужо ня льецца, пераканацца, што зь іншага пакоя раней за цябе ня выйшаў нейкі хлопчык. Уласна кажучы, так і вучылі: спачатку паслухайце, каб адзін аднаму не перашкаджаць, а потым ужо рабіце сваю справу».

Доўгае жыцьцё трафэйнай жуйкі: пакарыстаўся — перадай сябру

Пры гэтым, згадвае Кацярына Ткачэнка, лягер рэгулярна наведвалі замежныя дэлегацыі. Асаблівы ўздым у выхаванцаў выклікалі вялікія валізкі, якія госьці цягнулі з сабой — не расьпешчаныя разнастайнасьцю савецкія дзеці не маглі дачакацца, калі адтуль пачнуць даставаць салодкія «дэфіцыты» ў рознакаляровых абгортках:

Адзін з жылых карпусоў
Адзін з жылых карпусоў
Памяшканьні з тэрасамі
Памяшканьні з тэрасамі
Ад некаторых будынкаў засталіся толькі сьцены
Ад некаторых будынкаў засталіся толькі сьцены

«Лягер у 1970-я выйграў нейкі конкурс, і кожную зьмену сюды прыяжджалі замежнікі. Прычым ня толькі з сацыялістычных краін, а і з ФРГ, Галяндыі, Японіі. З гэтай нагоды ў клюбе ладзіўся канцэрт. Праўда, асноўную масу выводзілі за плот, заставаліся толькі ўдзельнікі, якіх строга папярэджвалі: ні ў якім разе нічога не прасіць! Сьпевы, танцы, пасьля выходзілі на сцэну кланяцца. Туды ж падымаліся іншаземцы і дарылі цукеркі, печыва. Няшчасныя савецкія дзеці забываліся пра інструкцыі і цягнулі рукі, каб узяць болей. Мы нават не здагадваліся, што такое існуе ў прыродзе: жуйкі ў выглядзе манэтак, цыгарэтак, з пацешнымі налепкамі. А потым гэтая шчасьлівая меншасьць сустракала сваіх сяброў, якія ўсё самае цікавае прапусьцілі за плотам. Якая ўздымалася хваля зайздрасьці! Дарэчы, нічога не выкідалі: жуйкі жавалі і перадавалі іншаму».

Лягернае спартанства нярэдка прыводзіла да міжнародных канфузаў: адзін з «цывілізаваных гасьцей» захацеў у прыбіральню і ў пошуку абсталяванага санвузла так далёка забраўся ў лес, што заблудзіў. Нават давялося адкласьці ад’езд дэлегацыі, бо ўсёй зьменай шукалі небараку.

Колішні мэдпункт
Колішні мэдпункт
Былая лазьня
Былая лазьня
Рэшткі вэранды
Рэшткі вэранды

А ў прамежках паміж заездамі іншаземцаў, кажа Кацярына, сэнсу ў лягерным жыцьці не было ніякага:

«Насамрэч абсалютна не было чым заняцца. Штодзённыя мерапрыемствы — аднолькавыя са зьмены ў зьмену, нічога не мянялася. Тыя, хто пабыў у лягеры раз ці два, усю праграму ведалі на памяць. На самой справе вельмі сумна. У бібліятэцы ніякай дзіцячай літаратуры, толькі кнігі пра вайну. А паколькі часу было шмат, надвор’е часьцяком не спрыяла, чыталі шмат. Таму маё дзяцінства прайшло з ваеннай літаратурай у руках. Змарнаваны час. Нават не было ніякіх гурткоў, усё жыцьцё па раскладзе: раніцай — зарадка, лінейка, абед, ціхая гадзіна, падвячорак, зноў лінейка. Дзякуй богу, што я была з мамай, дык мела магчымасьць усё гэта прафілоніць. Сучасныя дзеці такі „адпачынак“ нават уявіць сабе ня могуць».

Гаспадарчыя пабудовы
Гаспадарчыя пабудовы
Некаторыя будынкі выглядаюць капітальна
Некаторыя будынкі выглядаюць капітальна

У адсутнасьць цікавых і захапляльных ідэяў, на якія піянэрскія важатыя не былі запраграмаваныя ад пачатку, самае цікавае, што заставалася, — абмяркоўваць «адносіны полаў»: «Паколькі займацца не было чым, па большай частцы абмяркоўвалі, хто каму падабаецца, — кажа былая малалетняя наведніца лягера імя Кашавога. — Прычым, па ўласных адчуваньнях, гэта пачыналася ўжо гадоў ад 6–7, бо сюды прывозілі яшчэ дашкалятамі. Гэта быў улюбёны занятак, прынамсі ў дзяўчатак».

Лягерная прапаганда — мітынгі-рэквіемы і гульні ў рэзалюцыі

Калі дзеці не былі пакінутыя на саміх сабе, іх займалі ідэалягічным «напампоўваньнем» — зь вечарынамі патрыятычнай песьні ды рэзалюцыямі ў падтрымку міру ва ўсім сьвеце:

Трыбуна зруйнаваная да асновы
Трыбуна зруйнаваная да асновы
Будынкі імкліва зарастаюць лесам
Будынкі імкліва зарастаюць лесам

«Сапраўднае ідэалягічнае прамываньне мазгоў: лінейкі, палітынфармацыі, ваенізаваныя „Зарніцы“, — кажа Кацярына. — Адкрыцьцё зьмены пачыналася з агульнага збору, кожны атрад мусіў прамаршыраваць пад нейкую патрыятычную песьню. Абавязкова нешта рыхтавалі да 22 чэрвеня — кшталту мітынгу-рэквіему „Не — вайне!“. Нейкія іншыя мерапрыемствы пад лёзунгам „За мір ва ўсім сьвеце“, са сьпевамі і дэклямацыямі. А пры канцы прымалася рэзалюцыя ў падтрымку міру, за якую мы — дзеці — мусілі аднагалосна прагаласаваць. І так з году ў год, са зьмены ў зьмену».

Кацярына Ткачэнка ня мае ніякай настальгіі па піянэрскім мінулым, але часта згадвае тыя бесклапотныя летнія месяцы ў зьвязку са сваёй мамай — яе ўжо няма на гэтым сьвеце. І яшчэ адно ніяк ня ўкладваецца ў галаве: як улады трываюць сам факт існаваньня сотняў гектараў руінаў побач са сталіцай?

Яшчэ адзін аб’ект страйкбалістаў
Яшчэ адзін аб’ект страйкбалістаў
Усе дзьверы наросьцеж
Усе дзьверы наросьцеж

«Гэта ня столькі дзіўна, колькі дзіка — гэта ж усё літаральна пад Менскам, літаральна за 15–20 кілямэтраў. Тут можна абсталяваць усё што заўгодна. Ня можаце справіцца самі — аддайце тым, хто здольны нешта зрабіць, хто мае крэатыўныя ідэі. Каб і квэсты праводзіць, і культурніцкія імпрэзы, ды нават арганізаваныя пікнікі. Пакуль жа, мяркуючы па самаробных шыльдах паўзьверх старых, гэта толькі пляцоўка для пэйнтбалістаў. Вядома, я разумею, што аднавіць гэтыя дамкі немагчыма — дый патрэбы асаблівай у гэтым няма, прасьцей зьнесьці. Але чаму прастойвае такая вялізная тэрыторыя і ніякім чынам не зарабляюцца грошы, мякка кажучы, незразумела».

Груда друзу — колішні калектыўны рукамыйнік
Груда друзу — колішні калектыўны рукамыйнік

Мяркуючы па ўсім, на пачатку 1990-х усё ж была спроба захаваць жыцьцё «Алегу Кашавому». Пра гэта сьведчаць абсталяваныя кабінкі прыбіральняў ды водаправод у адным з карпусоў. Але на тым усё і спынілася — Міністэрства гандлю не знайшло сродкаў, каб трымаць лягер на балянсе. Цяпер гэта чарговы «піянэрскі прывід» у бары вакол Зялёнага.

Алея без наведнікаў
Алея без наведнікаў

Алесь Жалянкоў, галоўны спэцыяліст аддзелу ўзаемадзеяньня з органамі дзяржаўнага кіраваньня Рэспубліканскага цэнтру аздараўленьня і санаторна-куротнага лячэньня насельніцтва, пракамэнтаваў сытуацыю на запыт Радыё Свабода:

«Дзяржаўны падыход наступны: калі некалі гэта быў лягер, які выкарыстоўваўся для аздараўленьня дзяцей, то ў далейшым ён таксама павінен выкарыстоўвацца для аздараўленьня насельніцтва. Што тычыцца закінутых мясьцінаў, дзяржаўныя органы знаходзяцца ў пэрманэнтным пошуку інвэстараў, якія змогуць аднавіць стан дадзеных аб’ектаў, прывесьці іх да стану, у якім яны здолеюць надалей аказваць паслугі па аздараўленьні.

У зьвязку з тым, што пры адсутнасьці попыту матэрыяльна-тэхнічная база аб’ектаў паступова занепадае, то чым далей у часе, тым шукаць уласьнікаў робіцца больш складаным. Па вялікім рахунку, як такой вялікай цікавасьці на дадзены момант да іх асабліва няма — з боку тых людзей, якія могуць выступіць патэнцыйнымі інвэстарамі. Згодны, што месцы прывабныя, і калі іх выкарыстоўваць у нейкіх іншых мэтах — узводзіць забаўляльныя цэнтры, адміністрацыйную, жылую забудову — то для інвэстараў, можа, інтарэс і будзе. Але ўсе гэтыя лягеры пад Менскам, якія, умоўна кажучы, ідуць ад Ждановіч да Заслаўя, у пэрспэктыве трапяць у рэкрэацыйную зону для аздараўленьня насельніцтва Менску. То бок усе аб’екты будуць разглядацца зыходзячы з патрэбаў насельніцтва менавіта ў аздараўленьні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG