Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым адрозьніваюцца ўзбэцкія Курапаты ад беларускіх


Сьвятлана Калінкіна

Прыехаўшы ва Узбэкістан, гэтага чакаеш менш за ўсё. Аўтарытарная і вельмі закрытая дзяржава з нязьменным прэзыдэнтам і бязьлітаснай спэцслужбай, на думку многіх — практычна ўсходняя дэспатыя. І раптам у самай сучаснай частцы сталіцы — Ташкент-сіці — трапляеш у велічны і з вялікім густам зроблены мэмарыял «Шахідлар хацірасі».

Гэта месца — нашы Курапаты. Месца пакараньня, створанае пражэрлівым савецкім малохам. Вось толькі Курапаты і «Шахідлар хацірасі» нельга параўнаць. У Ташкенце гэта найпрыгажэйшы мэмарыяльны комплекс, створаны не энтузіястамі-адзіночкамі, а зь дзяржаўным размахам і на дзяржаўныя грошы. Прыгожы, дагледжаны парк, вялікі музэй, будынак якога пабудавана ў духу ўсходніх маўзалеяў.



У цэнтры — высокая, скіраваная ў неба ратонда, купал якой сымбалічна дае цень і супакой усім бязьвінна загінулым. У іх гонар і велізарны надмагільны камень з белага іранскага нэфрыту, надпіс на якім абвяшчае: «Памяць пра тых, хто загінуў за сваю Бацькаўшчыну, будзе жыць вечна».

Вельмі прыгожае месца выбралі савецкія карнікі для сваіх пакараньняў сьмерцю — на беразе шырокага, паўнаводнага каналу. Зараз аўтары комплексу гэты канал штучна перагарадзілі і акурат ля падножжа комплексу ўтварыўся круты выгін, пасьля якога вада з яшчэ вялікім напорам вяртаецца ў ранейшае рэчышча. Гэта таксама сымбаль — сымбаль таго, што жыцьцё ўцягвае людзей у стромкія і бязьлітасныя віры, лёс можа рабіць нечаканыя і стромкія выгібы, але нягледзячы на гэта жыцьцё працягваецца.


Дарэчы, цікава, што пэрыядаў рэпрэсій ва Ўзбэкістане налічваюць больш, чым у іншых савецкіх рэспубліках. Тут гэта ня толькі канец 30-х і пасьляваенныя «чысткі», але і 80-ыя — калі на ўвесь Савецкі Саюз прагрымела знакамітая «ўзбэцкая» або «баваўняная справа», зьвязанае з карупцыяй і маштабнымі прыпіскамі. Цалкам рэабілітавалі ва Ўзбэкістане і тагачаснага першага сакратара ЦК кампартыі УзССР Шарафа Рашыдава — яго імя цяпер носіць адзін з цэнтральных праспэктаў Ташкенту. Але цяпер гутарка пра іншае.

Чаму Іслам Карымаў — не вялікі дэмакрат і нават зусім не дэмакрат — распарадзіўся будаваць комплекс памяці ахвяраў «любімай» савецкай сыстэмы?

пэрыядаў рэпрэсій ва Ўзбэкістане налічваюць больш, чым у іншых савецкіх рэспубліках

Чаму ў яшчэ аднаго «аўтарытарнага азіята» — Нурсултана Назарбаева па ўсім Казахстане ёсьць мэмарыяльныя комплексы ў памяць аб ахвярах рэпрэсій? Чаму там памятаюць і праклінаюць і Карлаг (сыстэма лягераў, якая была створана ў Карагнадзінскай вобласьці), і Алжыр — Акмалінскі лягер жонак здраднікаў Радзімы?

Чаму мэмарыялы або помнікі ахвярам рэпрэсій ёсьць у Бішкеку, Эрэване, ва ўсёй Украіне, так ці інакш — у Расеі ... У Грузіі, як і ў краінах Балтыі, наогул створаны музэй савецкай акупацыі. І толькі ў Беларусі — «лінія Сталіна». Мы што, жылі ў іншай краіне? Нашы загінулыя ня вартыя таго, каб іх памяталі? ..

У Азербайджане адсутнасьць помніка ахвярам рэпрэсій — гэта пытаньне вернасьці сына памяці бацькі: Гейдар Аліеў пачынаў кар’еру ў НКВД, працягнуў у КДБ, узначаліў КДБ Азэрбайджана, а потым і рэспубліку. Зразумела, што яго сын, цяперашні прэзыдэнт Ільхам Аліеў, маральна не гатовы трывожыць памяць бацькі. Тым больш, што ў мэтадах кіраваньня многае ад яго пераняў.

У Туркмэністане ня помніць — гэта справа прынцыпу: у гэтай краіне, як сьцьвярджаюць спэцыялісты, тэма рэпрэсій у публічнай прасторы ў сувэрэнны пэрыяд не абмяркоўваецца ўвогуле. Яна — табу.

Ёсьць яшчэ Таджыкістан, блізкі да Туркмэністану па падыходах, хоць тут пра рэпрэсіі ўжо загаварылі, зьявіліся першыя кнігі-дасьледаваньні на гэтую тэму. Ну і трэцяй «няпомняшчай» апынулася Беларусь.

Чаму старыя камуністы Назарбаеў і Карымаў не адмаўляюць рэпрэсіі і лічаць, што бязьвінныя ахвяры савецкага вар’яцтва з пабудовай камунізму вартыя памяці, а гісторык Лукашэнка лічыць, што не? Мабыць, трэба было вучыць гісторыю ў Магілёўскім пэдінстытуце, каб настолькі вульгарна да яе ставіцца. А яшчэ трэба не мець сэрца, каб не дазволіць дзецям, у якіх савецкая сыстэма забрала бацькоў і маці, прыйсьці хоць бы на іх сымбалічную магілу. Каб не дазволіць ўнукам пакласьці кветкі да помніка дзядам, якія зьніклі бязь вестак у савецкім палоне. Беларускія ўлады не дазваляюць.

Дарэчы, агульны дэвіз комплексу ў Ташкенце — «Няма дарогі ў сьветлую будучыню без памяці пра грахі мінулага і ахвяраў, прынесеных дзеля высакародных мэтаў». Залатыя словы! Вось толькі ня кожны зразумее.

Арыгінал публікацыі можна паглядзець тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG