Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мустафа Джамілеў: у экстрэмісты запісалі ўвесь крымскататарскі народ


Мустафа Джамілеў
Мустафа Джамілеў

Джамілеў заявіў, што на пачатак 2015 году з моманту акупацыі ў Крыме было праведзена больш за 200 ператрусаў. Сярод зьніклых і забітых лічацца 22 чалавекі.

Лідэр крымскіх татараў Мустафа Джамілеў заявіў аб тым, што з-за забароны Мэджлісу ў Расеі ўсе прадстаўнікі крымскататарскага народа, якія прымалі ўдзел у выбарах дэлегатаў Мэджлісу, знаходзяцца пад пагрозай абвінавачваньня ў экстрэмізьме. Пра гэта ён заявіў падчас дыскусіі «Старшынства Нямеччыны ў АБСЭ — час для абароны правоў чалавека ў Данбасе і ў Крыме», якая праходзіць цяпер у Кіеве. Мерапрыемства арганізаванае прадстаўніцтвам Фонду Фрыдрыха Наумана і Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў.

«Мэджліс — гэта ня проста арганізацыя, і нават ня кола аднадумцаў. Гэта орган, абраны сваім народам, — адзначыў Джамілеў. — У гады перабудовы нам удалося правесьці сярод усяго нашага народа выбары на Нацыянальны зьезд, які таемным галасаваньнем выбраў прадстаўнічы орган. Пасьля гэтага сярод усіх крымскіх татараў былі праведзеныя выбары ў мясцовыя і рэгіянальныя мэджлісы».

Па словах Джамілева, у цяперашні час у Крыме налічваецца каля 230 мясцовых і рэгіянальных мэджлісаў, у якіх задзейнічаныя 2500 тысячы чалавек, якіх могуць абвінаваціць у экстрэмізьме за прыналежнасьць да Мэджлісу. «Ня трэба органам расейскім даказваць, што яны нешта зьдзейсьнілі, дастаткова даказаць, што яны ўваходзілі ў гэтую арганізацыю. А тыя, хто абіралі, атрымліваецца, — таксама. Цяпер увесь крымскататарскі народ зьяўляецца ў вачах расейскіх акупантаў экстрэмістамі».

Акрамя таго Джамілеў заявіў, што на пачатак 2015 году з моманту акупацыі праваахоўнымі органамі ў Крыме было праведзена больш за 200 ператрусаў. Сярод зьніклых і забітых лічацца 22 чалавекі. «І самае страшнае тое, што цяперашнія ўлады рэспублікі Крым ня толькі не расьсьледуюць факты забойства (а вінаватых знайсьці няцяжка), але выкарыстоўваюць гэтыя выпадкі для запалохваньня. Калі чалавек трымаецца годна, яму пагражаюць: „А ты не баісься зьнікнуць?“ Вось зь якой пачварай нам даводзіцца мець справу», — адзначыў Джамілеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG