Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школа будучыні: як вучні і настаўнікі пераходзяць на электронныя дзёньнікі


Адгаворкі ў стылі «ня ведаў, што задалі» ў 40-й гімназіі Менску ўжо не прымаюць. Трэці год тут працуюць з электроннымі дзёньнікамі. А зь мінулага верасьня зусім пазбавіліся папяровых — цяпер расклад заняткаў, хатняе заданьне і абвесткі публікуюцца на сайце школы.

«Адгаворка ў вучняў можа цяпер быць толькі адна — не было інтэрнэту», — жартуюць настаўнікі. Тры гады гімназія ўдзельнічала ў экспэрымэнце з электроннымі дзёньнікамі. У 2015 годзе Міністэрства адукацыі распрацавала мэтадычныя рэкамэндацыі, і электронныя дзёньнікі дазволілі весьці без звычайных. Старыя дзёньнікі тут цяпер нават называюць «папяровымі аналягамі».

«Пераходзілі ня вельмі лёгка, бо зьмяняць стэрэатыпы ніколі ня проста — кажа Ігар Бабкоў, дырэктар гімназіі. — Але я ўпэўнены, што каб навучаць дзяцей, настаўнікі самі павінны пастаянна вучыцца».

Электронны дзёньнік — гэта, па сутнасьці, сацыяльная сетка з рознымі адміністратарскімі правамі. У вучняў свае профілі, у настаўнікаў і бацькоў — свае. Настаўнік запісвае хатняе заданьне, і яго бачаць і вучні, і бацькі. Кожны тыдзень бацькі яшчэ мусяць ставіць электронны подпіс у электронным дзёньніку — усё як і раней.

«Мы не сумуем па папяровых дзёньніках, — кажа Алена Торлапава, маці вучня 40-й гімназіі. — Нашы дзеці ў нагу з часам, і мы хочам адпавядаць сваім дзецям».

Настаўнікі мусілі патраціць час на тое, каб вывучыць новую сыстэму. Затое цяпер справаздачы пасьля кожнай чвэрці, якія раней яны рабілі ўручную з калькулятарам цягам гадзіны, складаюцца аўтаматычна.

«Зьбіраецца інфармацыя і выводзіцца сярэдні бал, і мы бачым рэйтынг вучня, — кажа Алена Кавешнікава, настаўніца хіміі і клясная кіраўніца. — Дастаткова націснуць адну кнопку».

Сёньня электронныя дзёньнікі і журналы ў Беларусі вядуць 2398 школ. Дзеля гэтага яны павінны быць зарэгістраванымі на сайце schools.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG