Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўкраінскай хаце Караткевіча цяпер жыве ўцякач з Данбасу


Вёска Лісавычы раскінулася на прыгорках па абодва бакі мясцовай ракі Катлуй

Рэпартаж Свабоды зь мясьцінаў Уладзімера Караткевіча ў вёсцы Лісавычы Кіеўскай вобласьці. Праз 60 гадоў пасьля таго, як будучага пісьменьніка разьмеркавалі ў тутэйшую школу.

Украінскія дасьледчыкі біяграфіі і творчасьці Ўладзімера Караткевіча сьцьвярджаюць, што вядомы беларускі пісьменьнік, выпускнік Кіеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, імгненна пагадзіўся з прапановай камісіі па разьмеркаваньні — паехаць на працу ў вёску Лісавы́чы Тарашчанскага раёну, за 130 кілямэтраў ад украінскай сталіцы.

«Назва — нібыта недзе ў нас на беларускім Палесьсі», — кажуць, менавіта так Караткевіч адрэагаваў на пастанову камісіі. Мясцовыя ж жыхары дагэтуль мяркуюць, што маладога хлопца туды папросту саслалі як нядобранадзейнага.

На ўезьдзе ў вёску
На ўезьдзе ў вёску

У жывапісных Лісавычах, дзе жыве каля 1,5 тысячы чалавек, засталіся адзінкі тых, хто памятае Ўладзімера Караткевіча. Уладзімер Білавус, гэтаксама як і ягоны настаўнік, скончыў Кіеўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, гістарычна-філязофскі факультэт, і ўсё жыцьцё выкладаў філязофію. Кажа, што прафэсію абраў пад уплывам настаўніка. На бацькаўшчыну ён цяпер прыяжджае з Кіева толькі на лета. Але школа, у якой працаваў беларускі пісьменьнік, амаль не зьмянілася.

Школа, дзе працаваў Караткевіч
Школа, дзе працаваў Караткевіч

У драўляным, уцепленым поўсьцю жывёл будынку са стогадовай гісторыяй — некалі тут была яшчэ земская школа — вучыцца каля сотні дзяцей. І ўсе яны ведаюць, што тут калісьці выкладаў беларускі пісьменьнік. Нагадвае пра гэта і памятная дошка на сьцяне школы.

У школе зараз навучаецца каля сотні дзяцей
У школе зараз навучаецца каля сотні дзяцей

У Доме культуры на другім паверсе — бібліятэка, тут ёсьць дзьве кнігі Ўладзімера Караткевіча: «Дзікае паляваньне караля Стаха» ў перакладзе на ўкраінскую мову і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ў арыгінале.

Мясцовы Дом культуры
Мясцовы Дом культуры

Загадчыца бібліятэкі Людміла Палішчук кажа, што наведнікі часьцей цікавяцца «Дзікім паляваньнем», і гасьцінна пагаджаецца правесьці карэспандэнта Свабоды па мясьцінах Караткевіча.

Людміла Палішчук, загадчыца мясцовай бібліятэкі
Людміла Палішчук, загадчыца мясцовай бібліятэкі

З гісторыяй на «ты»

24-гадовы Караткевіч ужо добра ведаў край, у якім меўся настаўнічаць. Лісавычы з XV стагодзьдзя ўваходзілі ў склад Кіеўскага павету ў Кіеўскім ваяводзтве Вялікага Княства Літоўскага. А пад самай вёскай праходзіў сумнавядомы Чорны шлях, якім у XVI–XVII стагодзьдзях карысталіся крымскія татары для нападаў на Правабярэжную і Заходнюю Ўкраіну, а таксама на Польшчу. Пра гісторыю паселішча Ўладзімер Караткевіч неаднойчы гутарыў са сваім вучнем Уладзімерам Білавусам.

Уладзімер Білавус
Уладзімер Білавус

— У нас тут каля могілак ёсьць такое ўрочышча, мы яго называлі «стары горад» — Самбір, які яшчэ Яраслаў заснаваў, там і раскопкі вяліся. І вось калі я яму распавядаў пра гэтае ўрочышча, то ён яшчэ больш ведаў. Ён так бліскуча ведаў гісторыю, што як пачне распавядаць, асабліва пра сярэднявечча, то маглі і да сьвітанку заседзецца. Тады я і падумаў — напэўна, пайду на гістарычны факультэт, — згадвае Ўладзімер Білаус. У ягоным дзявятым клясе Ўладзімер Караткевіч выкладаў расейскую літаратуру, а ў малодшых клясах — расейскую мову.

Пэдагог па натуры

Уладзімер Білавус кажа, што настаўнік на сваіх уроках і па-за імі не забываўся і пра беларускую літаратуру. У пацьвярджэньне сваіх словаў бязь цяжкасьці дэклямуе мне на беларускай мове спачатку верш Максіма Танка «Паслухайце, вясна iдзе», а потым і самога Караткевіча — «Гусі-лебедзі ў лугах зялёных».

Мясцовы краявід
Мясцовы краявід

— Пашанцавала нам на настаўніка, вельмі пашанцавала. Ён нас вучыў паэзіі. Пасьля я чытаў беларускую літаратуру. Іншым разам у інтэрнэце нешта бяру, чытаю. Калі гэта сапраўдная паэзія, то яна абавязкова чапляе.

— А не складана чытаць на беларускай мове?

— Успрыняцьце беларускай мовы дзесьці было закладзена. Кожная мова — асаблівая, але вось «зьвякне» можа быць толькі ў беларускай мове. Я чытаў гэтыя вершы ў перакладзе і на расейскую, але ў перакладах ужо губляецца гэты звон.

Архіўнае фота
Архіўнае фота

— А што вы памятаеце пра Караткевіча — якім чалавекам ён быў, настаўнікам?

— Я яго ведаў ня проста як настаўніка, а як чалавека. Ён сябраваў з маім братам Аляксеем. Яны былі аднагодкамі. Калі Аляксей вярнуўся з войска, яны вельмі хутка пасябравалі. Мы і на рыбалку хадзілі, разам праводзілі час. Ён часта ў нас бываў. Мама заўсёды шкадавала яго, малачком яго частавала. Бо ён кватараваў у незаможных людзей, у невялікай двухпакаёвай хаце. Праўда, у яго там быў асобны пакой, а гаспадары — загадчык клюбу з жонкай і дачкой — жылі ў другім пакоі. У нас ён вельмі часта бываў. Памятаю, як ён заходзіў пасьля школы да нас, у яго быў такі вялікі партфэль. Дык ён ім гучна так шлёпне па стале, сядзе і распавядае. Ён вучыў нас ня толькі літаратуры. Уладзімер Сямёнавіч ведаў шмат славянскіх моў — і баўгарскую, і славацкую, польскую вельмі добра ведаў. Для нас ён быў кумірам, хоць і кажуць — не ствары сабе куміра. Для нас, сельскіх пастухоў, гэта быў чалавек, які цягнуў нас да чагосьці вышэйшага. Ён казаў: «Хлопцы, ідзіце і вучыцеся ня толькі па праграме». Караткевіч быў пэдагогам па сваёй натуры, які мог выкладаць без мэтодык і трымаць увагу сваёй эрудыцыяй. Нельга было яго ня слухаць.

Уладзімер Білавус
Уладзімер Білавус

— А двоек Уладзімер Сямёнавіч не шкадаваў?

— Я ня памятаю, ці былі гэтыя двойкі... Але хуліганаў не любіў. Аднаго хлопца, які абразіў настаўніцу, дагнаў і добра даў яму кухталёў.

— У савецкі час вучні часта давалі настаўнікам нейкія мянушкі. Як называлі Ўладзімера Сямёнавіча за вочы?

— Не, мянушак у яго не было. Яго ў нас усе звалі Ўладзімірам Сямёнавічам. Праўда, націск у імені ставілі на апошні склад. Размаўлялі пераважна на расейскай мове, а калі трэба было, то ён пераходзіў і на ўкраінскую мову.

У школе, дзе калісьці працаваў Уладзімер Караткевіч. Падчас перапынку
У школе, дзе калісьці працаваў Уладзімер Караткевіч. Падчас перапынку

— Пра Беларусь настаўнік вам распавядаў?

— Мы ведалі, што ён зь Беларусі, ён распавядаў, як у гады вайны быў эвакуіраваны ў лягер, калі іх ратавалі ад немцаў. Галоўнае, што я памятаю, ён казаў, і потым я прачытаў гэтую думку ў ягоным рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», — якая цудоўная Беларусь, які мяккі, добры і падатлівы беларускі народ, а на кіраўніцтва не шанцуе. Гэта ж ён і тады так казаў — і пра Беларусь, і пра Ўкраіну. Ён вельмі сьмелы быў для таго часу. На яго нават сакратар Тарашчанскага райкаму Якаб Плецень на адной з нарадаў пэдагогаў, калі ён нешта такое сказаў, прыкрыкнуў: «Мы вас ведаем, вы ў нас пад наглядам». Так і сказаў. То ўвесь час за ім трошкі сачылі, таму што ён пасьля Кіеўскага ўнівэрсытэту сюды трапіў. Тады ж там быў рух шасьцідзясятнікаў.

І чарачку вып’е, і «Лявоніху» станцуе

Лідзія Старажэнка ў сярэдзіне 50-х гадоў працавала загадчыцай Лісавыцкай бібліятэкі. Пачуўшы, што я зь Беларусі, адразу здагадалася, зь якой нагоды сустрэча.

Лідзія Старажэнка
Лідзія Старажэнка

— То пра Сямёнавіча хочаце спытаць?

— Так. Раскажаце?

— Ён сябраваў з намі. Муж таксама ў школе працаваў. А калі ў нас сын нарадзіўся, то абодва стаялі пад радзільняй, а потым сьвяткавалі. Мы і сына назвалі Ўладзімірам у гонар Караткевіча. Калі шчыра, ён трошкі «страляў» за мной, мы так зь ім «Лявоніху» танчылі! Муж раўнаваў, і яны нават з-за гэтага неяк паскандалілі. Але і пасьля таго сябравалі. Пасьля школы ўдваіх прыходзілі на абед. Ужо не прыгадаю, ці прыяжджаў ён яшчэ ў Лісавычы... Але ой, як танчылі «Лявоніху»!

У хаце Караткевіча — перасяленец з усходу

Традыцыйная для цэнтральнага рэгіёну Ўкраіны хата-мазанка, у якой кватараваў Караткевіч
Традыцыйная для цэнтральнага рэгіёну Ўкраіны хата-мазанка, у якой кватараваў Караткевіч

Пасьля вяртаньня ў Беларусь Уладзімер Караткевіч не забываўся пра Лісавычы. Шмат каму ён прысылаў свае кнігі, камусьці дапамагаў зь лекамі, нехта езьдзіў да яго ў госьці ў Воршу.

А ў хаце на лісавыцкай вуліцы Перамогі, дзе кватараваў беларускі пісьменьнік у 1954–1956 гадах, цяпер жыве Станіслаў, перасяленец з Данбасу. Два гады таму ён выехаў са Стаханава Луганскай вобласьці, калі там абвясьцілі гэтак званую ЛНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG