Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты з Баку і Ерэвану камэнтуюць эскаляцыю ў Нагорным Карабаху


Баі ў Нагорным Карабаху. Ілюстрацыйнае фота
Баі ў Нагорным Карабаху. Ілюстрацыйнае фота

Азэрбайджан і Армэнія абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні замірэньня ў Нагорным Карабаху. Інфармацыя з розных крыніц супярэчлівая і не дазваляе скласьці цэласную карціну таго, што рэальна адбываецца ў рэгіёне.

Сваё бачаньне сытуацыі, якая, паводле Ўпраўленьня ААН па каардынацыі гуманітарных пытаньняў, ужо прывяла да гібелі больш як трох дзясяткаў вайскоўцаў і мірных грамадзянаў з абодвух бакоў, а яшчэ дзьве сотні атрымалі раненьні, у інтэрвію Свабодзе агучваюць аналітыкі з Баку і Ерэвану.

Армянскі блогер, экспэрт у інфармацыйнай бясьпецы Тыгран Качаран называе дзеяньні Азэрбайджану дакладна сплянаванай правакацыяй, скіраванай на тое, каб пасеяць страх сярод мірных жыхароў Нагорнага Карабаху:

Тыгран Качаран
Тыгран Качаран

«Вельмі нечакана пачаліся баявыя дзеяньні, бо нішто падобнага разьвіцьця падзеяў не абяцала. Азэрбайджан без усялякіх папярэджаньняў масіравана атакаваў і армянскія пазыцыі, і армянскія сёлы ды гарады, якія знаходзяцца ў Нагорна-Карабахскай Рэспубліцы. Фактар нечаканасьці ў нечым адыграў сваю ролю, але можна сказаць, што практычна на наступны ж дзень армянскі бок аднавіў той статус-кво, які існаваў на мяжы да моманту агрэсіі.

Тым ня меней перастрэлкі працягваюцца дагэтуль. Вельмі паказальна, што Азэрбайджан ужыў усе віды ўзбраеньняў, якія мае армія — такога, дарэчы, не было ўжо 22 гады, ад моманту падпісаньня замірэньня. То бок не было ад 1994 году, каб Азэрбайджан ужываў авіяцыю, устаноўкі „Град“, баявыя верталёты і г.д.

У выніку абстрэлаў забіты 12-гадовы падлетак, некалькі чалавек параненыя. Таксама распаўсюджаныя кадры, што азэрбайджанцы ўвайшлі на ўскраіну адной з армянскіх вёсак у Мартакерцкім раёне Нагорна-Карабахскай рэспублікі, забілі сталага веку сямейную пару і 96-гадовую бабулю. Іншымі словамі, Азэрбайджан фактычна вядзе вайну ня супраць Арміі абароны Карабаху, а вядзе вайну супраць мірных жыхароў. Спадзяёмся, што гэты працэс урэшце ўрэгулюецца. Але армянскі бок заявіў, што пакуль ня будзе адноўлены той стан, які быў да ваеннай правакацыі Азэрбайджану, армянская армія ня спыніць свае баявыя дзеяньні».

У сваю чаргу палітык, сябра Камітэту па міжнародных адносінах і міжпарлямэнцкіх сувязях азэрбайджанскага Мэджлісу Рахім Мусабекаў у эскаляцыі канфлікту абвінавачвае армянскм бок:

Рахім Мусабекаў
Рахім Мусабекаў

«Увогуле першапрычына канфлікту ў тым, што армяне акупавалі ня толькі Нагорны Карабах, а яшчэ і ўдвая большую тэрыторыю навакол. Нягледзячы на тое, што гэта ўступае ў поўную супярэчнасьць з рэзалюцыямі Рады бясьпекі ААН, Армэнія наадрэз адмаўляецца пакінуць акупаваныя азэрбайджанскія землі і вывесьці адтуль свае войскі. Так цягнецца ўжо 23 гады, як пачаліся перамовы, якія з-за анэксіянісцкіх прэтэнзіяў армянаў не прыносяць ніякага выніку.

Армяне хочуць рознага кшталту правакацыямі вымусіць, каб цяперашні статус-кво, цяперашнюю лінію сутыкненьня і захопленыя тэрыторыі стабілізаваць. Яны правакавалі перастрэлкамі, каб сюды вывесьці калі не разьяднальныя сілы, то нейкіх міжнародных назіральнікаў, каб існуючы статус замацаваць. Што для Азэрбайджану абсалютна непрымальна. Гэта наша тэрыторыя, наша зямля, зь якой, у два разы большай па тэрыторыі за Нагорны Карабах, выгнана 600 тысяч азэрбайджанцаў. Першапрычына ў гэтым. І далей цягнуць гэтыя перамовы немагчыма.

Настаў час, каб сьвет запатрабаваў ад армянаў выканаць рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН — вывесьці свае войскі з акупаваных азэрбайджанскіх тэрыторыяў. А ўжо потым ці паралельна можна забясьпечваць меры бясьпекі, разьяднальныя сілы — усё гэта Азэрбайджан гатовы зрабіць. Пытаньне заключаецца ў тым, што армяне патрабуюць, каб іх жаданьні, зьвязаныя з анэксіяй Нагорнага Карабаху (а пад прыкрыцьцём „калідора“ яшчэ хочуць пару азэрбайджанскіх раёнаў да іх прычапіць, як быццам там не жылі людзі) былі ўлічаныя. Гэта абсалютна немагчыма».

Канфлікт паміж Азэрбайджанам і Армэніяй вакол Нагорнага Карабаху пачаўся пры канцы 1980-х. У 1994 годзе пры міжнародным пасярэдніцтве было дасягнута пагадненьне аб спыненьні агню. Нягледзячы на гэта, час ад часу здараюцца перастрэлкі на лініі сутыку азэрбайджанскіх і армянскіх войскаў.

Апошні сур’ёзны інцыдэнт здарыўся ў ноч на 3 красавіка. Бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні замірэньня ў зоне канфлікту. МЗС Азэрбайджану ўсклаў усю адказнасьць за абвастрэньне сытуацыі ў рэгіёне на Армэнію. Міністэрства абароны Армэніі абвінаваціла азэрбайджанскае войска ў наступе з выкарыстаньнем артылерыі, бранятэхнікі і авіяцыі.

​У сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў зоне карабахскага канфлікту сустаршыні Менскай групы АБСЭ (Расея, ЗША, Францыя), якая ад пачатку 1990-х займаецца ўрэгуляваньнем карабахскай праблемы, маюць сабрацца ў Вене на гэтым тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG