Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянцін Голубеў: Ніл Гілевіч хацеў, каб яго запомнілі поўным сіл


Валянцін Голубеў

Вестка пра сьмерць Ніла Сымонавіча мяне вельмі ўзрушыла, — кажа былы дэпутат Вярхоўнага Савету, прафэсар Валянцін Голубеў. — Адразу згадваю гэтую вялікую фігуру — ён вялікім быў і зьнешне, як мужчына, быў вялікі як чалавек і вялікі адметны беларус.

Ведаеце, я быў яшчэ зусім малады, калі разам зь ім стаў дэпутатам Вярхоўнага савету Беларусі 12-га скліканьня. А Гілевіч тады ж быў асобай ужо вельмі вядомай на ўсю краіну. Напачатку мы яшчэ шмат ў чым зь ім спрачаліся, бо ён жа спачатку стаяў на пазыцыях, будзем гаварыць гэтак, савецкіх, камуністычных. А Беларускі народны фронт, які я тады прадстаўляў, быў даволі радыкальнай арганізацыяй, якая выступала за поўную незалежнасьць Беларусі. І Ніл Сымонавіч на першых парах гэтага не зусім падзяляў: як гэта Беларусь можа быць цалкам незалежнай? Але ён быў беларусам, быў за беларускую мову, вельмі шмат зрабіў дзеля беларускай справы і таму ня дзіва, што як працаваў наш Вярхоўны савет, як расьлі мы, гэтак жа рос і мяняўся Ніл Сымонавіч. І бліжэй да заканчэньня нашага дэпутацтва, пасьля прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, а потым пасьля 1994 году і наступных падзей, якія Гілевіч расцаніў як адыход ад беларускасьці і прынцыпаў незалежнасьці, ён стаў такім беларускім дзяржаўнікам, такім незалежнікам! І ўжо усё астатняе жыцьцё, да сёньняшняга апошняга ягонага дня ён правёў у змаганьні за Беларусь і яе незалежнасьць.

У парлямэнце ён быў старшынёй камісіі на культуры, і вельмі шмат зрабіў на гэтай пасадзе, каб быў прыняты Закон аб культуры, ды ўсё беларускае заўсёды падтрымліваў. А калі паўстала пагроза беларускасьці, ён адкрыта стаў на пазыцыі ня проста не прыняцьця гэтага, а актыўнага змаганьня.

Апошнія гады ён ужо амаль не выходзіў на вуліцу, я неяк зь ім гаварыў па тэлефоне, калі журналісты прапанавалі мне ўзяць у яго інтэрвію, і я яму гэта прапанаваў, ён сказаў мне: «Валянцін, я не хачу, каб мяне бачылі старым і хворым, хачу, каб мяне запомнілі такім, якім я быў — поўным сілаў, калі я змагаўся за нашу беларускую справу». Вось гэта вельмі важна пра яго — што ён той чалавек, які змог сябе пераасэнсаваць, змог убачыць, што лепш для Беларусі і стаць самому іншым. І гэта для мяне такі прыклад, што як людзі, грамадзяне мяняюцца да лепшага, гэтак і дзяржава можа зьмяніцца. І таму магу сказаць, што ганаруся, што яго ведаў і заўсёды буду, покуль жывы, расказваць, які гэта быў чалавек, змагар, паэт, мысьляр. Разьвітваючыся з такімі людзьмі кажаш, што ўсё роўна жыве Беларусь. Бо ён, Ніл Гілевіч, пражыў жыцьцё для Беларусі."

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG