Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнікі саліднага веку


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Адны кажуць, што пісьменьніцкай філіі ў Горадні 52 гады, іншыя, што ўсе 70.

Нядаўна я атрымаў паштоўку, запрашалі на сход: 70 гадоў пісьменьніцкай арганізацыі Горадні. Я зьдзівіўся — ніколі ня думаў, што так шмат, афіцыйна — значна менш. Сход быў даволі людны, вялікі канцэрт. Праваслаўныя сьвятары прасьпявалі «Магутны Божа». Запомніўся піяніст, які выканаў палянэз Агінскага па-свойму, адметна.

Што да сутнасьці. Кароткая гісторыя арганізацыі была агучаная на сходзе: ля вытокаў стаялі Аляксей Карпюк, Васіль Быкаў і яшчэ адна асоба, тады зусім маладая, толькі пачала друкавацца. Год утварэньня філіі — 1964. Называецца — хто зь якога часу кіраваў філіяй і, напрыклад, што паэт Юрка Голуб узначальваў яе з 2003 году да 2015-га. Але я памятаю, як на перавыбарчы сход прыяжджала Вольга Іпатава. А Іпатава кіравала Саюзам пісьменьнікаў кароткі час: у 2001-2002 гадах. У 2003-м старшынём быў Алесь Пашкевіч.

Той сход, дзе была Іпатава, запомніўся скандалам. Плянаваўся іншы чалавек, кандыдатура Голуба паявілася выпадкова. Ён прайшоў з перавагай у адзін голас. Гэта быў мой голас, я галасаваў апошнім. І потым да канца 2015-га перавыбараў не было.

На цяперашнім сходзе наш калега зь Менску паведаміў, што наведаў перад ад’ездам Ніла Гілевіча. І Гілевіч (які ў Саюзе з 1954-га) ніколі ня чуў, што гарадзенскай арганізацыі можа быць семдзесят гадоў. Дык адкуль жа лічба? У 1944-м Горадню робяць абласным цэнтрам (перад вайной ім быў кароткі час Беласток). І вырашана стварыць абласную арганізацыю Саюзу пісьменьнікаў (якая была некалі ў Беластоку). Але не было па сутнасьці з каго. Зь вялікімі цяжкасьцямі стварылі ў 1946-м. Але праз два гады яна перастала існаваць. І да 1964-га ў Горадні не было філіі Саюзу.

Такая гісторыя. Але юбілеі, зразумела, справа неблагая. Вось, дапусьцім, у 1956-м у Горадні выйшаў першы літаратурны альманах «Нёман». 60 гадоў таму. Будзе яшчэ што адзначыць. Тым больш мерапрыемства да 70-годзьдзя падрыхтавалі грунтоўна, будзе што ўспомніць.

Адно зь юбілеямі няясна. Гадавіну стварэньня філіі, якая не распалася адразу, а працягвае існаваць — з 1964-га да сёньняшняга дня, у якой мы самі знаходзімся фізычна, адзначаць будзем? Ці ўжо неабавязкова? Дарэчы, існуе і такая магчымасьць адносна «веку» філіі. Паколькі вобласьць перад вайной была ня ў Горадні, а ў Беластоку, то сьмела можна браць дату стварэньня беластоцкай абласной, бо наша вобласьць лічыцца пераемніцай той, даваеннай (Горадня тады была яе райцэнтрам). У абласной газэце «Гродзенская праўда» (першы нумар якой выйшаў у кастрычніку 1944-га) афіцыйна заўсёды адзначаўся як год стварэньня – 1939-ы. Бярэм чытаем: «9 кастрычніка 1939 году газэта пачала выходзіць у Беластоку пад назвай «Освобожденный Белосток».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG