Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі міністар назваў сябе тутэйшым


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Вітальд Вашчыкоўскі ў Горадні ўсклаў вянок да помніка польскай пісьменьніцы і сказаў пра сябе, што яго можна лічыць тутэйшым: яго маці паходзіць з Ваўкавыску.

Я жыву каля помніка Элізе Ажэшцы, бачу яго кожны дзень, праходжу міма. Гэта, можна сказаць, мой помнік. І такая нечаканая падзея. Яна пакінула ў душы ўражаньне, выклікала думкі. Самае элемэнтарнае: Вашчыкоўскі быў з аховай, але яна рабіла сваю справу незаўважна. У гэтым адчувалася польская звычка. Канечне, гэта толькі міністар. Але памятаю, калісьці праходзіў у Варшаве за дваццаць мэтраў ад былога прэзыдэнта Камароўскага. Ніхто мяне не спыняў, нічога не патрабаваў, торбу не глядзеў. Ахова рабіла сваю справу, але рабіла ўзважана, стрымана.

Вітальд Вашчыкоўскі чыноўнік зь вельмі вялікім досьведам. Але ён абараніў доктарскую дысэртацыю і, як на мяне, выглядае хутчэй на выкладчыка, прафэсара. І гэтым выклікае дадаткова давер. Яго словы падзейнічалі, думаю, і на нашых палякаў – як даволі супакаяльны сродак і таксама на мяне, у прыватнасьці. Госьць распавёў сьцісла аб сваёй сустрэчы з Лукашэнкам і сваім калегам Макеем. Аб тым, што Польшча хацела б разам зь Беларусьсю зрабіць наступны крок ва ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне. Тут псыхалягічны момант важны для жыхара Горадні, скажам. Да апошняга часу за сьпінай была глухая сьцяна. Былі мы і Пуцін, перад магчымай агрэсіяй якога за нас ніхто не заступіцца. Цяпер можна прынамсі ўшчыльную кантактаваць з палякамі, якія без эківокаў называюць сытуацыю на Данбасе «расейска-ўкраінскай вайной». А вядома: каб мець шанцы разьвязаць праблему, трэба яе выразна, сумленна, дакладна акрэсьліць. І няхай агрэсар прыкідваецца блазнам.

Канечне, мы ўбачым толькі пазьней, ці дадуць рэальныя вынікі візыт Вашчыкоўскага і наступныя кантакты. У большай ступені будзе залежаць ад пазыцыі афіцыйнага Менску. Зразумела, што пацяпленьне дачыненьняў з суседзямі-палякамі стала магчымым з-за агрэсіўнай палітыкі Пуціна. Раней Беларусь вешалася на шыю Расеі і ніякіх палякаў слухаць не жадала. Не давала візаў палітыкам з Варшавы. І ня толькі палітыкам, гісторыкам, якія вывучаюць беларускую мінуўшчыну. Цяпер паявіўся страх. Страх штурхае размаўляць з разумнымі людзьмі, з Польшчай.

Навошта гэта Польшчы? Палякі ўвесь час патрабавалі, каб іх далучылі да працэсу ўрэгуляваньня на Данбасе. Марна. Вядома, што Польшча мяжуе з Украінай і мае мяжу з адной з абласьцей РФ. Яна вельмі зацікаўленая, каб спыніць ваенны канфлікт. Польшча вялікая краіна са стабільнай эканомікай на ўсходняй мяжы Эўразьвязу. Яна ўсьведамляе сваю вагу і хацела б адыгрываць сваю ролю ў замірэньні ў Данбасе. Варшава напрасткі падтрымлівала апошнія два гады кантакты з Кіевам. У прыватнасьці, праз ранейшага міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага. Між іншым, ён быў хвацкі, аднойчы і ў Менску пабываў. А вось ягоны наступнік Гжэгаж Схетына пабыў мала, адносна Беларусі ніяк сябе ня выявіў.

Для мяне яшчэ важна, што Вітальд Вашчыкоўскі сказаў падчас свайго візыту: у беларусаў і палякаў «падобныя мовы і культура». Заўважце: як далікатна і з пэўным піетэтам нават. Адчуйце розьніцу: Лукашэнка з Пуціным пастаянна заяўлялі, што ў расейцаў і беларусаў «адна мова» і што мы «адзін народ». Я нават перастаў уключаць тэлевізар. Колькі можна!

Дзіўна чуць, што беларускае начальства хоча схіліць польскі ўрад, каб не фінансаваў «Белсат» і Радыё Рацыя. Трэба даваць тым людзям, якія робяць у Польшчы на беларускай мове тэлебачаньне і радыё прынамсі ордэн Скарыны. За тое, што яны робяць за беларускі ўрад ягоную справу. Ня просячы, заўважце, у гэтага ўраду ніякіх грошай! У Менску няма беларускага тэлебачаньня! А ў Варшаве ёсьць. Дык што дрэнна? Тое, што ў нас няма, ці тое, што ў іх ёсьць?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG