Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крыме зноў пачалі выключаць сьвятло па 3 гадзіны


У акупаваным Расеяй Крыме вярнуліся да графіку адключэньня электраэнэргіі, які апошні раз быў уведзены ўзімку — «тры гадзіны праз тры». Як перадае «Крим.Реаліі», адключэньне электраэнэргіі ў такім рэжыме зь 19 сакавіка праводзяць у Сімфэропалі, Эўпаторыі, Сакскім раёне. Як патлумачылі спажыўцам мясцовыя энэргетыкі, прычына адключэньняў сьвятла — зьніжэньне лімітаў падачы электрычнасьці праз энэргамост з Кубані.

У суботу таксама аднавілі адключэньне электрычнасьці ў Севастопалі. У цэнтральнай частцы гораду аднавілі працу электрагенэратары.

Раней у падкантрольным Расеі ўрадзе Крыму папярэджвалі аб тым, што з-за выкананьня плянавых рамонтных работ у магістральных электрасетках 220 кв будзе зьніжаны апэратыўны ліміт на электрычнасьць зь 19 да 26 сакавіка.

30 сьнежня 2015 году ў Крым перастала паступаць электраэнэргія з мацерыковай Украіны з-за пашкоджаньня (верагодна, у выніку выбуху) электраапоры ў Херсонскай вобласьці. Цяпер ЛЭП адноўленая, але электраэнэргія ў Крым не паступае з-за заканчэньня дзеяньня кантракту аб пастаўках электрычнасьці на паўвостраў, анэксаваны Расеяй.

Зараз Крым забясьпечваецца за кошт уласнай генэрацыі, генэратарных установак з Расеі і праз энэргамост з Кубані. Апошні не вытрымлівае нагрузак, таму часта здараюцца перабоі ў яго працы.

Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла 20 лютага 2014 году пачаткам часовай акупацыі Крыму і Севастопаля Расеяй. 7 кастрычніка 2015 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў адпаведны закон. Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыму незаконнымі і асудзілі дзеяньні Расеі. Краіны Захаду ўвялі шэраг эканамічных санкцыяў. Расея адмаўляе акупацыю паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG