Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы ўладаў з прадпрымальнікамі: Крок наперад, два крокі назад


Пасьля двухмесячнага страйку індывідуальныя прадпрымальнікі з пачатку сакавіка памалу вяртаюцца на працоўныя месцы. Рынкі пачынаюць запаўняцца, хоць бальшыня гандлёвых павільёнаў па-ранейшаму пустуе. Ці не азначае гэта, што паціху прадпрымальнікі пачынаюць здавацца і пагаджаюцца з жорсткімі ўмовамі, якія ставяць улады?

У той жа час за два месяцы паседжаньняў адмысловай працоўнай групы, створанай пры Міністэрстве эканомікі, прадпрымальнікі так і не прыйшлі з уладамі да кампрамісу.

«Кожны ІП сам вызначае рызыкі і прымае рашэньне, працаваць ці не»

Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

Лідэр Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка тых, хто выйшаў на працу, не дачакаўшыся саступак з боку дзяржавы, не асуджае:

«Кожны сам вызначае для сябе рызыкі і сам прымае рашэньне, працаваць ці не працаваць. Людзей можна зразумець: ім трэба карміць свае сем’і.

Мая задача зараз — дамагчыся, каб праца прадпрымальнікаў была бясьпечная і каб ад іх былі адведзеныя асноўныя пагрозы ў выглядзе ўказу № 222 і сэртыфікацыі.

Я нікога не зьбіраюся асуджаць: ні тых, хто вымушаны быў выйсьці, ні тых, хто пакуль страйкуе. Усе аб’яднаныя адной мэтай: дамагчыся нармальных умоваў працы. І ўжо відавочна, што без актыўных дзеяньняў гэта немагчыма. Але мы разумеем, што як толькі пойдуць першыя праверкі, будуць сур’ёзныя наступствы, пачнуць зноў сур’ёзна штрафаваць. Таму мы падалі заяўку на правядзеньне Маршу прадпрымальнікаў 14 сакавіка».

Заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне Маршу прадпрымальнікаў падавалі Анатоль Шумчанка і Мікола Статкевіч. Адказ павінен прыйсьці не пазьней за 9 сакавіка.

А пакуль на месцах прадпрымальнікі вырашаюць, што рабіць далей. Ірына Яскевіч зь Віцебску кажа:

Ірына Яскевіч
Ірына Яскевіч

«Паколькі Міністэрства па падатках і зборах учора нам адмовіла, паведаміла, што ня будзе ні амністыі, ні мікрапартыяў, то мы ў роспачы і 4 сакавіка зьбіраемся правесьці сход.

Некаторыя прадпрымальнікі выйшлі на працу, не сплаціўшы падаткі, нехта ня выйшаў. Многія дагэтуль у роспачы: што рабіць? Кожны выкручваецца як можа. Так што адназначна не магу сказаць, хто і як. Але настроі пэсымістычныя. Гамельчукі наагул хочуць сабраць атрад абароны, каб не пускаць падатковых інспэктараў, кантралёраў на рынкі.

Зьбіраемся разам зь юрыстамі пісаць ліст першаму віцэ-прэм’еру Васілю Мацюшэўскаму».

Полацкі прадпрымальнік Генадзь Бердзянёў таксама кажа, што сярод прадпрымальнікаў пануюць дэпрэсіўныя настроі:

Генадзь Бердзянёў
Генадзь Бердзянёў

«3 сакавіка а 12-й гадзіне зьбіраемся праводзіць сход. А так — атмасфэра напружаная, людзі веру страцілі, што перамовы з уладамі чымсьці скончацца. Настроі пэсымістычныя, нават дэпрэсіўныя. Хоць я так і думаў і даўно ім тлумачыў, што якія сустрэчы і размовы, ужо трэба больш жорсткія патрабаваньні вылучаць».

«Выходзьце на працу. Хопіць, лежачы на канапе, абараняць свае правы»

Прадпрымальнік са Сьветлагорску Анатоль Зьмітровіч, які прадстаўляе гомельскіх ІП у складзе працоўнай групы, катэгарычна выступае за тое, каб людзі выходзілі працаваць:

«Паколькі мы бачым, што ўвесь сакавік яшчэ давядзецца весьці дыялёг з уладамі, а сіл не хапае, самае прагматычнае рашэньне — вывесьці народ на працу, як бы дзіўна яно ні гучала. Хопіць, лежачы на канапе, абараняць свае правы ці пісаць блогі. Выходзьце на рынкі і абараняйце сябе самі. Мы будзем дапамагаць: забясьпечым інфармацыйную работу і юрыдычную абарону, калі спатрэбіцца. Міністэрства па падатках і зборах дало гарантыю, што ніякіх праверак цягам паўгода ня будзе. Дзяржстандарт таксама паабяцаў не правяраць сэртыфікаты да ліпеня. А ў прадпрымальнікаў ужо скончыліся грошы, арэнду трэба плаціць, камунальныя паслугі, у многіх крэдыты.

Але, выйшаўшы зараз на працу, прадпрымальнікі зразумеюць, што шмат не заробяць — настолькі зьнізілася пакупніцкая здольнасьць насельніцтва. Нават тыя нешматлікія, хто выйшаў на працу пры адсутнасьці канкурэнтаў, не акупляюць месцы. Улада ня хоча мяняць умовы. Так што прадпрымальнікі, якія выйшлі на працу, праз паўмесяца стануць яшчэ больш раззлаваныя.

Мы прапануем: хлопцы, стварайце атрады самаабароны. Мы ў Сьветлагорску стварылі такі атрад з 70 чалавек.

Пра функцыі пакуль нічога казаць ня буду. Але мы будзем імгненна ведаць, у каго праверка, зачынім свае кропкі і паедзем дапамагаць чалавеку. Будзем дзейнічаць у межах прававога поля, а ня так, як у Полацку. Нават у самой працэдуры праверкі можна знайсьці шмат парушэньняў з боку асобаў, якія вядуць адміністрацыйны працэс. Мы патлумачым прадпрымальнікам, што казаць правяраючым і як казаць».

Мінэканомікі: «Сябрам працоўнай групы была выкладзена пазыцыя рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня»

1 сакавіка прайшло шостае паседжаньне працоўнай групы па пытаньнях дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў пры грамадзка-кансультацыйнай (экспэртнай) радзе па разьвіцьці прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі ў пашыраным складзе. У дыялёгу ўдзельнічалі чыноўнікі высокага рангу: намесьніца міністра эканомікі Ірына Касьцевіч, намесьнік міністра фінансаў Дзьмітры Кійко, намесьніца міністра гандлю Ірына Наркевіч, намесьнік старшыні Дзяржстандарту Сяргей Іўлеў, начальнік галоўнага ўпраўленьня Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька. Прысутнічалі і лідэры бізнэс-супольнасьцяў, прадстаўнікі рэгіёнаў.

Ацэнкі паседжаньня працоўнай групы з боку чыноўнікаў і з боку прадпрымальнікаў — дыямэтральна процілеглыя. У Міністэрстве эканомікі паведамілі, што сябры працоўнай групы дамовіліся працягнуць абмеркаваньне прапановаў прадпрымальнікаў па зьмяншэньні штрафаў, амністыі:

«Па выніках дыскусіі прынята рашэньне вярнуцца да разгляду гэтых ініцыятыў на чарговым паседжаньні працоўнай групы 9 сакавіка».

Анатоль Зьмітровіч: «Атрымалася размова сьляпога з глухім»

Сябра працоўнай групы, сьветлагорскі прадпрымальнік Анатоль Зьмітровіч наракае на дрэнную арганізацыю працы з боку чыноўнікаў:

«Нам абяцалі, што да 1 сакавіка Міністэрства эканомікі падрыхтуе два лісты на падставе нашых абгрунтаваньняў — адзін па амністыі, другі па мікрапартыях, — каб перадаць ураду на вывучэньне. Гэта ня зроблена.

Другое. Міністэрства фінансаў — а на паседжаньне прыйшоў намесьнік міністра Дзьмітры Кійко — не атрымала нашы абгрунтаваньні, каб мы маглі дыскутаваць зь імі. Яны прыйшлі цалкам неінфармаваныя. Чаму ім не перадалі пытаньні і матэрыялы, якія былі вынесеныя на гэтае паседжаньне? Атрымалася размова сьляпога з глухім. Таму мы лічым, што быў крок наперад і два назад».

Анатоль Шумчанка: «Усе надзеі прадпрымальнікаў дамовіцца і знайсьці кампраміс пацярпелі крах»

Лідэр Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва», што да вынікаў шостай сустрэчы з чыноўнікамі, таксама выказаў расчараваньне.

«У аўторак на паседжаньні працоўнай групы ўсе надзеі прадпрымальнікаў дамовіцца і знайсьці кампраміс пацярпелі крах. Так, яны сказалі, што будуць яшчэ падаваць нейкія праекты па амністыі, прапановы па мікрапартыях.

Але я перакананы, што без сур’ёзнага ціску ніхто насустрач прадпрымальнікам ня пойдзе.

Сёньня трэба актыўна ціснуць на чыноўнікаў, каб тыя пайшлі на кампрамісныя рашэньні. Мы ж не патрабуем чагосьці радыкальнага. Мы прапануем дзяржаве кампраміс.

Першая прапанова, што тычыцца ўказу № 222: накладныя з Расейскай Фэдэрацыі, па якіх сплачаны ўвазны падатак на дададзеную вартасьць, больш не правяраюць, і адказнасьці нашы прадпрымальнікі не нясуць. То бок такім чынам яны прызнаюцца добрасумленнымі набыўцамі. Гэта была наша прапанова на першых паседжаньнях працоўнай групы.

Другая прапанова. Прымяніць амністыю для прадпрымальнікаў, якія працавалі з 1 ліпеня 2014 году па 1 студзеня 2016 году і якія ўжо паказалі накладныя. Таму што папярэдняе кіраўніцтва Міністэрства па падатках і зборах трактавала па-свойму, а новае — па-іншаму. І ўчора Міністэрства па падатках і зборах адмовіла ў амністыі.

Трэцяя прапанова: падзел тавару на мікрапартыі. У асноўным малы бізнэс завозіць мікрапартыі. Калі ты вязеш на суму да 1500 эўра, павінен быць спрошчаны дакумэнтаабарот. То бок ты можаш прыкласьці таварны чэк, выпісаць сам сабе таварна-транспартную накладную (на мяжы альбо ў Расеі), і з гэтай накладной сплаціць ПДВ.

Гэтыя тры прапановы дастаткова кампрамісныя і дастаткова канструктыўныя. І ўсе яны былі абгрунтаваныя — з улікам дырэктывы № 4, з улікам розных інструкцый краінаў Мытнага саюзу. Але ўсё гэта было адхілена.

Нам кажуць, што калі мы тут ня можам вырашыць, трэба выходзіць на Савет Міністраў, на міжведамасную групу па разьвіцьці прадпрымальніцтва. Выбачайце, а колькі гэта яшчэ будзе цягнуцца? Мы ўжо месяц засядаем. Таму цяпер мы пераходзім да патрабаваньняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG