Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індывідуальныя прадпрымальнікі заклікаюць падтрымаць мітынг на Кастрычніцкай плошчы 28 лютага


Славамір Адамовіч, Мікалай Аўтуховіч, Аляксандар Макаеў, Тацяна Міронава, Віктар Ламека

Адзін з удзельнікаў, прадпрымальнік і былы палітвязень Мікола Аўтуховіч, паведаміў, што становішча пагаршаецца ня толькі ў галіне перавозак: узмацняецца падатковы ціск, павялічваюцца незаконныя патрабаваньні, людзі ператвараюцца ў жабракоў.

Каб заплаціць падаткі, перавозчыкі вымушаныя браць крэдыты. Мікалай Аўтуховіч сказаў:

«Мне не падабаецца пазыцыя Шумчанкі, які дэзарганізуе прадпрымальнікаў. Трэба выйсьці на плошчу і заявіць, што мы гаспадары ў гэтай краіне. І што ўлада павінна рабіць так, як мы хочам. Без супрацьстаяньня нічога не атрымаецца».

Мікола Аўтуховіч таксама выказаў пажаданьне пачуць ад палітычных лідэраў на Кастрычніцкай плошчы Менску выразныя палітычныя заклікі і патрабаваньні. Паводле яго, зьмены ў краіне павінны адбывацца комплексна — ня толькі ў эканоміцы, але таксама ва ўпарадкаваньні ўсяго дзяржаўнага ладу краіны.

Пра эканамічнае і сацыяльнае становішча ў рэгіёнах краіны паведаміў прадпрымальнік з Зэльвы Віктар Ламека. Паводле яго, з-за беспрацоўя людзі зьяжджаюць з краіны, і эканамічная праблема ўжо перарастае ў палітычную: падрываецца інтэлектуальны і дэмаграфічны фонд краіны. Менская прадпрымальніца Тацяна Міронава заклікала менскіх прадпрымальнікаў, і асабліва мужчын, падтрымаць мітынг.

Аляксандар Макаеў адзначыў, што на мітынгу будзе вырашацца пытаньне пра палітычныя лёзунгі, а таксама пра нясплату падаткаў. Прадпрымальнікі таксама віталі мітынг, прызначаны Анатолем Шумчанкам і Мікалаем Статкевічам на 14 сакавіка, і заклікалі яго будучых удзельнікаў далучыцца і да мітынгу 28 лютага на Кастрычніцкай плошчы Менску.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG