Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі выступілі супраць «юрлівага абмену сьлінай»


Ілюстрацыйнае фота. Дзень сьвятога Валянціна ў кіеве, 2007 год
Ілюстрацыйнае фота. Дзень сьвятога Валянціна ў кіеве, 2007 год

«Каханьне — ілжывая каштоўнасьць, чужая расейскай культуры», — заявілі актывісты, якія ладзілі акцыю супраць Дня сьвятога Валянціна ў Краснадары.

Актывісты праваслаўнага таварыства «Гімена» выразілі пратэст супраць Дня сьвятога Валянціна, вывесіўшы ў ноч з 13 на 14 лютага расьцяжку «Ты целуешь ее, а Иуда целует нас всех» на мосьце Пацалункаў у Краснадары (Расея), паведамляе yuga.ru. На раніцу 14 лютага банэр быў сарваны і скінуты ў раку.

У афіцыйнай заяве актывістаў гаворыцца, што адзначэньне Дня сьвятога Валянціна гэта «трагедыя сучаснай Расеі, бо каханьне — ілжывая каштоўнасьць, чужая расейскай культуры».

Рамантыка куртуазных стасункаў, канвэерная вытворчасьць валянцінак, юрлівы абмен сьлінай — ці гэта не адраджэньне Антыхрыста ў бяскрайнім Гэтсыманскім садзе? Каханьне прыдуманае Захадам.

«Расейскі шлюб заснаваны на ўзаемапавазе сужэнцаў, шанаваньні традыцыяў і веры ў Бога, — пішуць актывісты. — А рамантыка куртуазных стасункаў, канвэерная вытворчасьць валянцінак, юрлівы абмен сьлінай — ці гэта не адраджэньне Антыхрыста ў бяскрайнім Гэтсыманскім садзе [паводле Новага запавету, месца арышту Хрыста. — РС]? Каханьне прыдуманае Захадам. Каханьне, якое ёсьць канцэнтрацыяй д’ябальскіх і пагібельных жарсьцяў. Трыстан і Ізольда, Рамэо і Джульета — за ўсімі гэтымі маскамі хаваецца Юда, які здрадзіў Хрысту».

Як адзначае іншы мясцовы партал yugopolis.ru, у 2012 годзе мясцовыя праваслаўная эпархія выступіла з рэзкай крытыкай Дня сьвятога Валянціна і «разьвянчаньнем мітаў» адносна «напаўпаганскага-напаўкаталіцкага», «нікчэмнага камэрцыйнага» сьвята.

Замест Дня сьвятога Валянціна ў Расеі прапануецца адзначаць Дзень сям’і, каханьня і вернасьці 8 ліпеня, у дзень памяці праваслаўных сьвятых Пятра і Фэўроніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG