Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і баевікі з Данбасу зладзілі дэмарш у Менску


Прадстаўнікі сэпаратыстаў Уладзіслаў Дайнэга і Дзяніс Пушылін
Прадстаўнікі сэпаратыстаў Уладзіслаў Дайнэга і Дзяніс Пушылін

Групоўкі «ДНР» і «ЛНР», а таксама прадстаўнік Расеі нечакана выставілі новыя патрабаваньні адносна «асаблівага статусу» акупаваных тэрыторыяў у Канстытуцыі Ўкраіны.

Акрамя гэтага яны патрабуюць квотаў у Вярхоўнай Радзе, амністыі ўсіх арыштаваных баевікоў і поўнай самастойнасьці «рэгіёну Данбас».

У сталіцы Беларусі 27 студзеня адбылося чарговае пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе. У ім узялі ўдзел афіцыйныя прадстаўнікі Ўкраіны, Расеі і АБСЭ — Леанід Кучма, Барыс Грызлоў і Марцін Сайдзік адпаведна. А таксама прадстаўнікі акупаваных тэрыторыяў Данецкай і Луганскай абласьцей. Апошнія разам з прадстаўніком Расеі зладзілі ў канцы пасяджэньня дэмарш.

Пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы працягвалася больш за 5 гадзінаў, яму папярэднічала праца ўсіх 4 рабочых падгруп — па палітычных, эканамічных, гуманітарных пытаньнях і пытаньнях бясьпекі. Ніякіх дамоўленасьцяў зноў дасягнуць не ўдалося, прычым па танальнасьці выказваньняў удзельнікаў перамоваў, у тым ліку прадстаўніка АБСЭ Марціна Сайдзіка, можна меркаваць, што перамовы, якія 2 тыдні таму паказвалі мінімальны прагрэс, пакуль зайшлі ў тупік.

Два тыдні таму былі дасягнутыя дамоўленасьці пра абмен палоннымі агульным лікам 50 з абодвух бакоў, пазьней прадстаўнікі груповак «ДНР» і «ЛНР» іх фактычна заблякавалі, таксама як і ўвядзеньне нарэшце рэжыму цішыні.

На пытаньне Радыё Свабода, якая сытуацыя з абменам палоннымі і ўвядзеньнем рэжыму цішыні на лініі судакрананьня і хто тут замінае працэсу, прадстаўнік АБСЭ адказаў без аптымізму:

«Мы зноў мелі абмеркаваньне гэтага пытаньня, але, на жаль, я не магу вам аб’явіць пра канкрэтныя вынікі», — сказаў Марцін Сайдзік.

Расея і баевікі хочуць назаўжды «асаблівага статусу» акупаваных тэрыторыяў

Два дні запар працягвалася пасяджэньне падгрупы па палітычных пытаньнях, на якім абмяркоўвалі так званы «асаблівы статус» акупаваных раёнаў і правядзеньне выбараў на гэтых тэрыторыях.

Тут Расея і прадстаўнікі груповак «ДНР» і «ЛНР» выступілі з дэмаршам па зьменах у Канстытуцыі Ўкраіны. За 30 хвілінаў да заканчэньня яго пасяджэньня, яны перадалі свае новыя прапановы, новы праект.

Амбасадар Сайдзік заявіў, што асабіста ён пра гэты дакумэнт даведаўся толькі а 19 гадзіне, гэта значыць у самым канцы пасяджэньня Трохбаковай кантактнай групы.

Раней, пасьля пасяджэньня падгрупаў, новы прадстаўнік Расеі ў Трохбаковай кантактнай групе Барыс Грызлоў, а таксама прадстаўнікі сэпаратыстаў Уладзіслаў Дайнэга і Дзяніс Пушылін выступілі са своеасаблівай інфармацыйнай атакай — у камэнтарах для расейскіх СМІ яны выказалі агульную пазыцыю па справе «асаблівага статусу» акупаваных раёнаў і выбараў на гэтых тэрыторыях.

У прыватнасьці Барыс Грызлоў заявіў, што Расея настойвае, каб Данбас заканадаўча атрымаў асаблівы статус назаўжды.

Грызлоў зазначыў, што закон аб адмысловым статусе Данбасу павінен быць прынятым паводле так званай формулы Штайнмаера, гэта значыць, каб усе пункты менскіх дамоўленасьцяў пачалі дзейнічаць адначасова. Гэта супярэчыць пазыцыі Кіева, які спачатку патрабуе вяртаньня кантролю за мяжой, а ўжо потым выбары і асобы парадак мясцовага самакіраваньня ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей, якія ў цяперашні час знаходзяцца пад кантролем груповак «ДНР» і «ЛНР».

Прадстаўнік Украіны ў рабочай падгрупе па палітычных пытаньнях Трохбаковай кантактнай групы Раман Бясьсьмертны заявіў у сераду, што ўкраінскі бок адхіліў патрабаваньні па зьменах у Канстытуцыю, зь якімі выступілі прадстаўнікі Расеі і сэпаратыстаў.

Як ён сказаў, прадстаўнікі груповак «ДНР» і «ЛНР» хацелі, каб на канстытуцыйным узроўні была замацаваная іх квота ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, было права ўзгадненьня ўсіх прынятых законаў і права вета на рашэньні ў галіне зьнешняй палітыкі. Акрамя гэтага, сэпаратысты хочуць поўнай амністыі ўсіх, хто ўдзельнічае ў канфлікце, у прыватнасьці, вызваленьня іх баевікоў, а таксама апэратыўнікаў, арыштаваных у Адэсе, Харкаве, Кіеве і іншых гарадах. Таксама сэпаратысты хочуць, каб «рэгіён Данбас» атрымаў шырокую аўтаномію — эканамічную (права самастойна гандляваць з Расеяй), палітычную (права выбіраць свой парлямэнт, урад і прэзыдэнта) і культурную (абарона расейскай мовы). Акрамя таго, яны патрабуюць сабе правы самастойна фармаваць штат паліцыі, службаў бясьпекі, судовых органаў, пракуратуры, памежных войскаў і іншых устаноў без узгадненьня з кіеўскай уладай.

Наступнае паседжаньне павінна адбыцца ў Менску 10 лютага, калі ў гэты час не зьбяруцца міністры замежных спраў нармандзкай чацьвёркі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG