Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мост у Крым і «Мёртвыя душы»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Гітлер першы злучыў Крым зь «вялікай зямлёй». Сталін працягнуў справу. Цяпер Пуцін хоча сучасны мост, але будаўніцтва адклалі.

Пуцін з Мядзьведзевым традыцыйна за самаварам. Размова дзелавая, але неафіцыйная.

– Ну вось мы з табой п’ем чай, як Манілаў з Чычыкавым, Дзьмітры Анатолевіч, што скажаш?

– У іх да дзела не дайшло, Уладзімір Уладзіміравіч. Яны толькі марылі. Манілаў выдумляў, калі папраўдзе.

– Манілаўшчыну разводзіў, гаворыш? Марылі аб чым?

– Пабудаваць мост, Уладзімір Уладзіміравіч, і дом з бэльвэдэрам. І сядзець зьверху з самаварам.

– І чай са сподка?

– Пра сподкі ня знаю.

– Ну раскажы. Я-то даўно чытаў, столькі пасьля работы перарабіў. «Мёртвыя душы», канечне, харошая кніга.

– Харошая. У Манілава, знаеш, карысныя думкі, разумныя, але да дзела рукі ніколі не даходзяць.

– Ну гэта не пра нас з табой.

– Не пра нас. Ён жа мучаецца: дзе мост лепей — цераз возера пабудаваць ці над ракою? А ў нас варыянтаў няма, толькі мора.

– Дзе ўзяць грошы, Дзьмітры Анатолевіч?

– Дзе ж іх возьмеш? Данбас ня кінеш і Сірыю. І Крым усё толькі — грошай давай! А дзе іх узяць? Ты правільна задаў пытаньне.

– Ясна. Але ты на пытаньне не адказаў.

– Не адказаў. А як адказаць? Крым не Аляска, нікому не прадасі.

– Крым наш, ты гэта кінь. Наш і ўсё.

– Наш, безумоўна наш. Але дзе ўзяць грошы?

– Ты мне пытаньні не задавай. Ты давай адказы.

– А што адказваць? 19 кілямэтраў мост. Вышыня над вадой 35. Для цягнікоў дзьве пары рэек. І хайвэй: 120 кілямэтраў за гадзіну каб.

– Ты зразумей, Дзьмітры Анатолевіч, пра мост у Крым яшчэ цар марыў, а ты на яго падобны партрэтам.

– Ну ёсьць троху, сам бачыў у інтэрнэце.

– Дык вось: сто гадоў прайшло, як цар марыў, а дзе мост?

– Няма.

– Сам знаю, што няма.

– Грошы трэба.

– Што ты заладзіў: грошы? Знайдзі. Кроў з носу! Адольф пачаў будаваць, але не пасьпеў, але пантонны змог, а мы што? Бязрукія?

– У Адольфа былі суровыя законы ваеннага часу. А ў нас вайны няма.

– Правільна, няма. Мы мірныя людзі, нам трэба мост у Крым.

– Трэба, згодны. А то востраў Крым атрымаўся.

– Ты бяры абаранкі, не саромся. І варэньне падкладай.

– Ды я бяру. А можа нафта падымецца, Уладзімір Уладзіміравіч? Тады будуць грошы. Колькі ёй падаць?

– Пра нафту забудзь. Прыдумай што-небудзь крэатыўнае. Па сусеках пашкрабіце з урадам. І ты падумай, як гэта будзе па-чалавечы: Гогаль марыў за Манілава з Чычыкавым, а мы возьмем і пабудуем. І мост цераз мора, і дом з бэльвэдэрам. І чаі ганяць у бэльвэдэры будзем, і глядзець на караблі, яхты, на цягнікі і на аўтабан, на справу рук нашых. Галоўнае для нас людзі, Дзьмітры Анатолевіч, межы для нас значэньня ня маюць.

– Так, мы ўсё для чалавека, каб яму было хораша… А ты не падумаў, Уладзімір Уладзіміравіч, што касьцямі пакладземся, пабудуем, а потым у нас Крым адбяруць?

– Ціпун табе на язык. Хто адбярэ? Крым наш. Аддаваць нельга, баяцца і паважаць ня будуць.

– Згодзен. Вось толькі дзе ўзяць грошы?

Даведка: будаўніцтва моста цераз Керчанскую пратоку ў анэксаваны Расеяй Крым пачалося 17 жніўня 2015 году. Закончыць яго, паводле плянаў расейскага кіраўніцтва, павінны да канца 2018 году, а ў чэрвені 2019-га адкрыць пастаянны рух.

Пры Сталіне пачалі рыхтаваць будоўлю чыгуначнага мосту паміж Крымам і мацерыком. Буйныя канструкцыі былі замоўленыя ў Нямеччыне. Але яна напала на СССР.

У 1943 годзе нямецкія інжынэрныя часткі злучылі два берагі пантоннай пераправай. Але Гітлер запатрабаваў пабудаваць чыгуначны мост цераз пратоку. Будаўніцтва пачалося… Яго закончылі пасьля вызваленьня Крыму ад нямецкіх войскаў. Але неўзабаве ён быў зьнішчаны плоймай крыгаў з Азоўскага мора. Пабудаваць новы грунтоўны мост пасьля гэтага не дайшлі рукі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG