З гэтым прадуктам я пазнаёміўся перад Новым годам. Рука сама пацягнулася да паліцы ў краме «Евроопт», дзе ён горда вазьляжаў. Плаўлены сырок «Российский» вараць і ў Беларусі. Але ж беларускія сыравары, дакладней, дызайнэры, не зусім даганяюць сэнс слова «российский». Яно крыху зьмянілася за апошнія гады. Што выдатна прадэманстравалі омскія харч-дызайнэры. Як бачыце, тут і трыкалёр лунае, і двухгаловая птушка. Не хапае толькі партрэта Ўладзіміра Ўладзіміравіча. Ці «на худой конец» якога-небудзь Гундзяева. Ну як можна было не купіць такі шэдэўр?
Акрамя шэдэўральнага дызайну мяне захапіла інтрыга – а на халеру фірма «Евроопт» везла гэтыя сыркі ажно з Сыбіры? Ад Омску да Менску тры з паловай тысячы кілямэтраў. І як так здарылася, што пасьля ўсіх транспартных расходаў гэты прыгажун аказаўся таньнейшым за свае беларускія аналягі? Ці няма тут якой падступнасьці?
Але ў працэсе далейшага знаёмства з сёньняшнім «русским духом» высьветлілася адна цікавая акалічнасьць. Гэты сырок можна прыціскаць да грудзей. Можна прасьпяваць гімн з сырком у руках. Адно зь ім зрабіць немагчыма. Яго нельга есьці. Нават калі закусіць ім віно Падсвільскага вінзаводу «Смак каханьня», «Смак каханьня» не пераможа «Российского». На жаль, не пераможа. Толькі падкрэсьліць, што «букет» бывае і ў беларускіх чарніл.
Апісаць смак гэтага «Российскаго» сырка няпроста. Бліжэйшы прадукт да «Российского» па смакавых якасьцях – гэта мыла. Гаспадарчае мыла зь лёгкай ноткай хімічнай прагоркласьці. Прычым гэтая нотка надоўга затрымліваецца ў роце. Бо прадукт выдатна клеіцца да зубоў і дзёснаў. Нават паласканьне «Смакам каханьня» не дапамагае.
Мае расейскія сябры раскрылі мне вочы на тое, з чым я сутыкнуўся. Вы ніколі ня чулі такое словазлучэньне, як «пальмовое масло»? Я цяпер ведаю ягоны смак. І ўсё гэта дзякуючы «Евроопту»! Гэта ня проста гандаль паміж дзьвюма краінамі. Гэта асьветніцкая акцыя беларускай фірмы для сваіх грамадзян. За свой кошт «Евроопт» дэманструе беларусам, да чаго ім трэба рыхтавацца. Спадзяюся, я быў не адзіны, хто гэта пакаштаваў?
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.