Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 сфэраў эканомікі, якія могуць расьці ў крызіс

абноўлена

Тэорыя эканамічнага крызісу як удалай магчымасьці для новага бізнэс-старту ў Беларусі пакуль не спрацоўвае.

Пра тое, што эканамічны крызіс — прыдатны час для новых стартаў, кажуць даволі часта. Свабода паразмаўляла зь бізнэсоўцамі і чыноўнікамі пра сфэры, якія могуць паказваць рост у крызісны пэрыяд.

Дырэктар эканамічных праграмаў маскоўскага цэнтру Карнэгі Андрэй Моўчан падчас леташняга Кастрычніцкага эканамічнага форуму ў Менску назваў галіны, якія могуць вырасьці нават у крызіс.

Перадусім гэта вывад капіталу за мяжу, крымінальны бізнэс і рост паслугаў ахоўных агенцыяў, дыскаўнт спажываньня (напрыклад, перашыў старой вопраткі), выраб субстытутаў і сурагатаў, элястычныя ў коштавым пляне сэрвісы (напрыклад, моўныя курсы). Мы дадалі да гэтага сьпісу ўнутраны турызм і праверылі, наколькі гэта актуальна для Беларусі.

Рамонт вопраткі

У швейных атэлье Менску адзначылі, што попыт на іх паслугі застаўся на ранейшым узроўні. Дырэктар кампаніі «Глобал індастрыял» пацьвердзіў, што многія ўдзельнікі рынку сапраўды чакалі павелічэньня колькасьці кліентаў у сувязі з крызісам, але гэтага не адбылося. У тым ліку, з тэхнічных прычынаў:​

«Нам прыносяць дублёнкі і просяць перашыць па-моднаму. Але гэта проста немагчыма. Альбо просяць з адной дублёнкі зрабіць дзьве дзіцячыя. Не, можна зрабіць і дзесяць лялечных, мікрадублёнак, але па-нармальнаму, нічога добрага ня выйдзе».

Субстытуты

Ці гатовыя людзі адмовіцца ад дарагой імпартнай касмэтыкі на карысьць таннай беларускай? Гэта было б шанцам для айчыннай прамысловасьці. Аднак у кампаніі «Беліта-Вітэкс» не заўважылі, што продажы ў Беларусі вырасьлі, але і падзеньня попыту там не адзначаюць. Хоць заўважылі зьмяншэньне колькасьці кліентаў у спальных раёнах і малых гарадах. «Але мыцца людзі будуць у крызіс і ў вайну», — паведамілі ў прэсавай службе кампаніі.

Крымінальны бізнэс і ахова

Статыстыка па эканамічных злачынствах будзе даступная пазьней, таму казаць упэўнена пра гэтую крызісную тэндэнцыю сёньня нельга. А як з аховай? Дамінантную ролю на рынку прыватнай і камэрцыйнай аховы займае адпаведны дэпартамэнт Міністэрства ўнутраных спраў. Там вы можаце заключыць дамову на ахову крамы альбо наняць пэрсанальнага целаахоўніка. Але прэсавая служба адмовілася ад камэнтароў. Мы паспрабавалі даведацца, ці расьце попыт на адукацыю «целаахоўнікаў» і агульныя курсы, зьвязаныя з аховай. Амаль адзінае месца, дзе такія паслугі прапаноўваюць — цэнтар спэцыяльнай падрыхтоўкі «Дынама». Там сапраўды адзначылі рост колькасьці зацікаўленых у такіх курсах. Але зьвязваюць гэта ня з крызісам, а зь лепшай уласнай маркетынгавай стратэгіяй.

Курсы мовы і праграмаваньня

Кацярына Пшэдзяк, дырэктар курсаў замежнай мовы «Паліглёт» кажа пра мінімальны рост актыўнасьці з боку кліентаў, якія жадаюць вывучыць мову для падвышэньня ўласнай кваліфікацыі. Але яна заўважае, што агульная колькасьць кліентаў узімку расьце — беларусы пачынаюць новае жыцьцё і пасьля Новага году ідуць вучыць мовы. Цэны ў гэтай галіне ня вырасьлі.

А як з тым, каб кінуць працу на заводзе і запісацца на апошнія ашчаджэньні на курсы праграмістаў? Наш суразмоўца з «Kursy.by» лічыць, што гэта было б лягічным, але у іх колькасьць кліентаў упала на 20% пры ранейшых коштах, у курсаў «Шаг» адзначаецца невялікі рост попыту.

Унутраны турызм

Мы абзванілі некалькі аграсядзібаў, санаторыяў і гатэляў — нідзе не заўважылі росту колькасьці беларускіх турыстаў. Верагодна, беларусы, у якіх былі грошы на адпачынак у Турэччыне, замест яе не паедуць у Гародню, а проста застануцца дома.

У санаторыі «Журавушка», што ў Мядзельскім раёне, паведамілі пра нулявую запоўненасьць у студзені — нягледзячы на тое, што некаторыя прадпрыемствы гатовыя аплочваць супрацоўнікам 70% кошту пуцёўкі. Адпачынак на 12 дзён і поўны курс лячэньня абыдзецца патэнцыйнаму кліенту ў 5 мільёнаў рублёў або ў 2 мільёны з улікам датацыяў прадпрыемства. Але ня едуць.

У Міністэрстве спорту і турызму дакладных лічбаў за 2015 год ня маюць, але кажуць — галіна моцна пацярпела. Езьдзіць пачалі менш як за межы Беларусі, так і ўнутры краіны. У Usadby.by таксама распавялі пра агульнае зьмяншэньне попыту на агратурыстычны адпачынак пачынаючы з 2014-га: менш сталі езьдзіць як з-за мяжы, так і зь Беларусі, агульнае зьніжэньне попыту набліжаецца да 50%.

Арэнда камэрцыйных памяшканьняў з аплатай у валюце

У абвестках аб арэндзе камэрцыйнай нерухомасьці ў Менску цэны ўказваюцца ў далярах альбо эўра, а арандатар павінен плаціць хоць і ў беларускіх рублях, але па актуальным курсе Нацбанку. Такім чынам, кошт на арэнду расьце, хоць тарыфы ў валюце зьменшыліся — паводле зьвестак кампаніі «Твая сталіца», цэны арэнды камэрцыйных памяшканьняў за год зьменшыліся на 31%.

Дарэчы, у Міністэрстве гандлю паведамілі, што практыка пазначэньня цэнаў у замежнай валюце незаконная. А ў саміх агенцыях зазначаюць, што гэта ўстойлівая традыцыя дадзенага сэгмэнту і патрабаваньне ўладальнікаў маёмасьці.

Вывад капіталу

Паводле дасьледаваньня, праведзенага цэнтрам GlobalFinancialIntegrity, у 2004-2013 гадах зь Беларусі было незаконна выведзена каля 89 мільярдаў даляраў ЗША. Паводле аналітыкаў, самы нізкі паказчык быў у 2004-м — тады з краіны «сышло» 4 мільярды, з 2011-га лічбы перавышаюць 10 мільярдаў на год. Хто і як выводзіць гэтыя грошы, высьветліць немагчыма.

Рыбалка

Можа быць крызіс настолькі моцны, што ёсьць сэнс здабываць ежу натуральным шляхам? Напрыклад, лавіць рыбу. Мы пазванілі ў рыбалоўную базу «Навасёлкі», але і там крызіс толькі разбурае бізнэс — колькасьць ахвотных парыбачыць (цана квітка — 200 тысяч рублёў) там зьменшылася ў два разы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG