Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 прыкметаў эканамічнага заняпаду ў Беларусі


Калі праблемы з эканомікай, людзі адмаўляюцца ад раскошы. Салёны прыгажосьці, пракат лімузынаў, арганізацыя карпаратываў і вясельляў, арэнда фракаў і наведваньне прыватных мэдычных цэнтраў — Радыё Свабода паразмаўляла з прадстаўнікамі названых сфэраў і высьветліла, як ідуць справы.

Працягваем тэму, узьнятую на мінулым тыдні ў публікацыі «Бачыце крызіс? Топ-8 прыкмет эканамічнага заняпаду з вуліц і крамаў».

Пракат вячэрніх сукенак і строяў

У кампаніі Beaty Hall паведамілі, што колькасьць кліентаў у параўнаньні зь мінулым годам зьменшылася ў два разы. Да таго ж самі кошты на арэнду строяў істотна зьменшыліся, калі не сказаць абрынуліся — напрыклад, вечаровая сукенка, якую можна было ўзяць напракат за 200 даляраў год таму, сёлета даступная за 50. Супрацоўніца кампаніі дадае, што крызіс закрануў усю сфэру, і шмат якія бізнэсы ўжо пазачыняліся. Beaty Hall нясе страты з кастрычніка.

Арэнда дарагіх аўтамабіляў

Сфэра таксама перажывае крызіс — зьніжаюцца кошты і зьмяншаецца колькасьць кліентаў. У кампаніі Seven.by кажуць пра зьмяншэньне попыту напалову і дадаюць, што кошты таксама ўпалі ў два разы. Гаворкі пра масавыя банкруцтвы ў гэтай галіне пакуль не вядзецца, але фірмы скарачаюць аўтапарк.

Салёны прыгажосьці

У салёне прыгажосьці «Бонжур» адзначаюць падзеньне попыту, але не называюць яго ашаламляльным. Наша суразмоўца заўважае, што стрыжку людзі робяць і ў крызіс, не адмаўляюцца і ад масажу ці масак для твару. Але пачалі менш карыстацца, напрыклад, паслугамі СПА. Прыкладна такую ж сытуацыю апісалі і ў некаторых іншых сталічных салёнах.

Мэдычныя цэнтры

Аўтаадказьнікі ледзь ня ў кожнай другой установе паведамляюць пра зьніжкі — месцамі да 70%. Агульную сытуацыю катастрафічнай тут не называюць — попыт зьменшыўся, але не радыкальна. Суразмоўцы Свабоды казалі пра лічбу ў 10–15 працэнтаў. Хоць запісвацца на прыём цяпер можна літаральна за адзін дзень.

Арганізацыя вечарынаў

Свабода рабіла адмысловы матэрыял пра карпаратывы, цяпер мы паразмаўлялі з тымі, хто арганізуе ў тым ліку прыватныя сьвяты. Менавіта па іх і прайшоўся крызіс — на вясельлі запрашаюць менш гасьцей, абіраюць больш сьціплыя рэстарацыі. Але па-ранейшаму беларусы не адмаўляюцца ад набыцьця дарагіх вясельных строяў. Гэта нам пацьвердзілі і тыя, хто іх прадае, і хто дае напракат — попыт застаўся на ранейшым узроўні.

Кейтэрынг

Гэта калі ежу на мерапрыемства замаўляюць у староньняй фірмы, а не гатуюць самі арганізатары. Але есьці сталі менш — зьменшылася колькасьць кліентаў, сярэдні чэк патаньнеў на 20%, а некаторыя фірмы пайшлі на зьніжэньне коштаў у два разы. Гэта не павялічыла колькасьць замоваў, але дазволіла ўтрымаць яе прыкладна на ўзроўні мінулага году.

Пэрсанальныя трэнэры

Ёсьць рынкі, якія ў Беларусі і да крызісу былі неразьвітыя, таму ў іх назіраецца рост нават цяпер. Напрыклад, Белавія павялічвае колькасьць рэйсаў у сувязі з расейска-ўкраінскім канфліктам, зарабляючы на транзыце. Часьцей беларусы сталі хадзіць у спартовыя залі. Залі адкрываюцца, расьце колькасьць прыватных фітнэс-трэнэраў. Сярэдні кошт аднаго занятку ў Менску — 120–150 тысяч рублёў. Цэны не растуць, зьніжэньня попыту трэнэры не заўважылі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG