Міністэрства замежных спраў Украіны патрабуе ад італьянскага аналітычнага выданьня «Лімес» замяніць на сайце мапу, на якой некарэктна пазначаная тэрытарыяльная прыналежнасьць Крыму.
«Амбасадар Украіны ў Італіі зьвярнуўся ў рэдакцыю часопіса з патрабаваньнем прывесьці мапы ў адпаведнасьць з нормамі міжнароднага права», — інфармуе МЗС Украіны ў Facebook.
Сярод іншага, у сваім лісьце украінскі дыплямат адзначыў, што тэхнічная памылка або сьвядомая правакацыя, «якая зьяўляецца выклікам тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны, ігнаруюць кансалідаваную пазыцыю ЭЗ і ААН аб непрызнаньні акупацыі Крыму з боку Расейскай Фэдэрацыі».
Раней на гэтым тыдні кампанія Coca-Cola выбачылася за апублікаваныя ў Расеі мапы, на якіх Крым пазначаны як расейская тэрыторыя.
5 студзеня расейскае прадстаўніцтва кампаніі Coca-Cola разьмясьціла ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» мапу, на якой часткай Расеі быў намаляваны Крым — тэрыторыя, якую міжнародная супольнасьць лічыць акупаванай Расеяй.
Пасьля таго, як вакол гэтага ўспыхнуў скандал з заклікамі да ўкраінцаў байкатаваць прадукцыю кампаніі Coca-Cola, мапа Расеі ўвогуле была зьнятая з сацыяльных сетак кампаніі.