Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія Coca-Cola афіцыйна выбачылася за мапы з «расейскім Крымам»


Кампанія Coca-Cola выбачылася за апублікаваныя ў Расеі мапы гэтай краіны з акупаваным украінскім Крымам, паведаміла амбасада Ўкраіны ў ЗША.

Як гаворыцца ў паведамленьні, падчас сустрэчы ў амбасадзе кіраўнік вашынгтонскага офісу кампаніі Кейт Ірвін прынесла афіцыйныя прабачэньні за непаразуменьне, якое ўзьнікла ў сувязі з публікацыяй расейскім прадстаўніцтвам кампаніі мапы Расеі з незаконна акупаваным Крымам.

Кейт Ірвін перадала ліст ад старшага віцэ-прэзыдэнта кампаніі Клайда Тагла на імя амбасадара Ўкраіны ў ЗША Валерыя Чалага з выбачэньнямі за гэтую публікацыю. Як заявілі ў кампаніі, зьмест гэтай публікацыі падрыхтавала незалежнае агенцтва бязь ведама кампаніі Coca-Cola і ўзгадненьня зь ёй. Але, гаворыцца ў лісьце, кампанія бярэ на сябе поўную адказнасьць за гэта. У лісьце таксама адзначаецца, што кампанія неадкладна выдаліла гэтую публікацыю, як толькі атрымала інфармацыю пра гэту сытуацыю.

Кейт Ірвін дадала, што кампанія Coca-Cola, якая зьяўляецца адным з найбуйнейшых падаткаплатнікаў ва Ўкраіне, мае на мэце працягваць актыўную працу на ўкраінскім рынку, які зьяўляецца вельмі важным для кампаніі, і быць дзейсным партнэрам у рэалізацыі шэрагу сацыяльных праектаў ва Ўкраіне.

Як паведамілі Радыё Свабода ў амбасадзе Ўкраіны ў ЗША, там таксама ўздымалі пытаньне аб публікацыі мапы Расеі з украінскім Крымам і перад амэрыканскай кампаніяй PepsiCo, на сайце якой таксама былі матэрыялы з такімі мапамі. Гэтая кампанія на запыт амбасады не адказала, але ілжывыя мапы са свайго сайта зьняла.

30 сьнежня на афіцыйнай старонцы кампаніі ў сацсетцы «Укантакце» была апублікаваная мапа Расеі, на якой ня быў паказаны Крым, Калінінградзкая вобласьць і Курыльскія астравы. Пасьля таго, як расейскія карыстальнікі пачалі масава выказваць сваю незадаволенасьць, Coca-Cola ў ноч на 5 студзеня апублікавала новую мапу, на якой Крым быў пазначаны тэрыторыяй РФ, і прынесла расейцам свае прабачэньні. Цяпер гэтая мапа выдаленая зусім.

Раней многія ўкраінскія карыстальнікі сацсетак прапанавалі байкатаваць прадукцыю Coca-Cola, а тэг #BanCocaCola стаў самым папулярным ва ўкраінскім твітэры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG