Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі застаюцца трое пацярпелых у аварыі беларускага аўтобуса: 15-гадовы хлопец і яго бацькі

абноўлена

У чэскіх шпіталях усё яшчэ праходзяць лячэньне тры асобы, якія пацярпелі ў аварыі беларускага турыстычнага аўтобуса 6 студзеня.

Як пацьвердзілі Радыё Свабода дзяжурны доктар клінікі ў Градцы Кралавэ і прэсавы прадстаўнік паліцыі ў Нахадзе, у клініцы ў Градцы Кралавэ застаецца 15-гадовы хлопец, а ў шпіталі ў Нахадзе — ягоныя бацькі.

Гэтыя асобы пацярпелі найцяжэй у аварыі, калі беларускі аўтобус занесла на шашы і ён перакуліўся на бок каля Нахаду, у паўночнай частцы Чэхіі. Усе іншыя пасажыры аўтобуса, як паведамляюць беларускія СМІ, ужо пасьпелі вярнуцца ў Беларусь.

Як мы паведамлялі раней, у дачыненьні да пацярпелага хлопца на месцы аварыі лекары праводзілі рэанімацыйныя захады. У яго былі зламаныя некалькі рэбраў і пашкоджаныя лёгкія. Пасьля дастаўленьня хлопца верталётам у клініку ў Градцы Кралавэ, лекары падключылі яго да апарата штучнага дыханьня.

Ні паліцыя, ні лекары не паведамляюць аб цяперашнім стане здароўя траіх пацярпелых і не называюць іхных прозьвішчаў.

Зранку 8 студзеня да Беларусі дабраўся аўтобус з 38 людзьмі — амаль усе турысты, якія трапілі ў аварыю ў Чэхіі, вярнуліся дамоў, перадае tut.by.

Як паведаміла турфірма, якая арганізавала паездку, мэдыцынская дапамога не спатрэбілася нікому зь дзяцей і дарослых, якія сёньня вярнуліся ў Беларусь. Па прыезьдзе на радзіму яны разьехаліся па дамах, школьнікаў сустракалі бацькі. Большасьць з пацярпелых атрымалі няцяжкія траўмы. Шасьцёра турыстаў, у ліку якіх трое дзяцей, змаглі выехаць з Чэхіі толькі ўчора, калі атрымалі дазвол лекараў. На 8 студзеня яны яшчэ ў дарозе.

Па словах супрацоўніцы турфірмы, у Чэхіі зь ліку пацярпелых беларусаў застаецца адна сям’я, дзіця і бацькі. Вядома, што бацькам патрэбная апэрацыя. Удакладняецца, што ўсе пасажыры аўтобуса былі застрахаваныя ў «Белдзяржстраху» ці «Прамтрансынвэсьце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG