Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі перакуліўся аўтобус зь беларускімі дзецьмі


У сераду, 6 студзеня, у ваколіцах чэскага населенага пункту Літаборж (Litoboř) перакуліўся турыстычны аўтобус, які перавозіў 49 чалавек зь Беларусі - дзяцей і іх бацькоў.

Як паведаміла нашаму радыё консул Беларусі ў Чэхіі Ірына Штурма, у аўтобусе ехалі дзеці з бацькамі, яны вярталіся з экскурсійнай паездкі ў Прагу.

У выніку аварыі 11 дзяцей атрымалі раненьні. На месца прыбылі некалькі брыгад хуткай дапамогі, пажарныя і верталёт выратавальнай службы.

ДТЗ адбылося каля 11:00 мясцовага часу. Паводле папярэдняй вэрсіі паліцыі, кіроўца недаацаніў складанасьць умоў надвор’я, у краіне другі дзень сьнегапад, і занадта моцна разагнаўся.

«Турыстычны аўтобус зьехаў з трасы, якую на той момант блякавала аварыя, і пачаў аб’яжджаць шашой ніжэйшай катэгорыі. На пласьце разьмяклага сьнегу аўтобус занесла, і ён перакуліўся на правы бок на полі каля шашы», – сказала нашаму радыё Эва Прахаржава, прэсавы прадстаўнік паліцыі ў Нахадзе.

Спадарыня Прахаржава дадала, што тэст на ўжываньне алькаголю ў адносінах да двух кіроўцаў аўтобусу, які правяла паліцыя, даў адмоўны вынік.

«Пашкоджаньні атрымалі 11 дзяцей ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў. Аднаго пятнаццацігадовага хлопчыка зь цяжкімі траўмамі верталётам даставілі ў шпіталь. Яшчэ адна дзяўчынка такога самага ўзросту атрымала раненьне сярэдняй ступені цяжкасьці. Астатнія дзеці абышліся лёгкімі ранамі», — распавёў прадстаўнік службы хуткай дапамогі Кралавэградзкага краю Чэхіі Іва Новак.

Усіх пасажыраў пажарныя перасадзілі ў службовы аўтобус, даставілі і разьмясьцілі ў пасёлку Горжычкі (Hořičky). Зь імі працуе псыхоляг. Стараста вёскі Горжычкі Ёзэф Качэр паведаміў нам, што турысты з аўтобуса былі змешчаныя ў аб'екце фэрмэрскай гаспадаркі Доланы (Dolany), дзе атрымалі прытулак, гарбату, ежу, цяпло. З Прагі па іх ужо выехаў аўтобус, магчыма яшчэ сёньня яны выедуць.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG