Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сырыйскім дзецям у нямецкім лягеры для ўцекачоў раздалі калядныя цукеркі. «Мы лішнія на гэтым сьвяце», — уцекачы зь Беларусі


Юры Рубцоў з жонкай, фота 24 жніўня 2015 году
Юры Рубцоў з жонкай, фота 24 жніўня 2015 году

Як адзначаюць Раство жыхары лягеру ўцекачоў у нямецкім Нюрнбэргу? Пра гэта карэспандэнту Свабоды праз Фэйсбук распавёў былы беларускі палітвязень Юры Рубцоў, які ў кастрычніку разам з жонкай папрасіў прытулку ў Нямеччыне.

— Юры, якая абстаноўка ў вашым лягеры на Каляды? Ці адчуваецца сьвята? Ці павіншаваў вас хто з Калядамі?

Тут, у лягеры, людзі заклапочаныя найперш сваімі праблемамі і пра Раство думаюць, толькі калі выходзяць за межы лягеру.

— Першым павіншаваў вядомы інтэрнэт-мультыплікатар і таксама ўцякач зь Беларусі Алег Мініч. Тут, у лягеры, людзі заклапочаныя найперш сваімі праблемамі і пра Раство думаюць, толькі калі выходзяць за межы лягеру. Немцы з адміністрацыі павіншавалі, дзецям напярэдадні раздалі цукеркі, магчыма, яшчэ і на вячэру нечым пачастуюць. А вось ў горадзе, у самім Нюрнбэргу сапраўды адчуваецца, што гэта ня проста сьвята, а вялікае сьвята. Адзначу, што да яго пачалі рыхтавацца даволі даўно. Асабліва ў старым горадзе, дзе ўжо месяц адбываюцца перадсьвяточныя распродажы. Набудавалі гандлёвых шэрагаў, прадаюць там лялькі, упрыгожваньні на ялінку, печыва, слодычы. Таксама прадаюць самаробныя цацкі, драўляныя салдацікі, кубікі-рубікі, крыштальныя сьняжынкі. Хадзіў па шэрагах і вельмі ўпадабаў аленя з крышталя, які вязе ў вазку Дзеда Мароза, дакладней — Санта Клаўса. На плошчы ў старым горадзе створаная цэлая экспазыцыя, якая паказвае нараджэньне Ісуса Хрыста. У савецкія часы, ды і пазьней, я ніколі не цікавіўся гэтай традыцыяй, Калядаў мы не адзначалі, нават Новы год упершыню пачаў адзначаць, толькі калі пайшоў на працу. Гэтак атрымалася, што да сьвятаў увогуле ставіўся спакойна, як да камуністычных, гэтак і да рэлігійных. Але тут і мяне гэта закранула. Толькі, на жаль, адчуваю, што мы на гэтым сьвяце аказаліся крыху незапатрабаванымі. Неяк яно само па сабе, а мы — самі па сабе. Ладна, мы з жонкай з-за гэтага асабліва не перажываем. У нас у лягеры працягваецца вір сваіх праблем. Кожны жыве марай пра свой асабісты кавалак: кавалак плошчы і жыцьця, кавалак шчасьця.

— Зразумела, што вам самотна ў лягеры, але жадаем вам душэўных сілаў і цярпеньня. Ці ёсьць магчымасьць нечым заняцца, адпачыць маральна?

Цяпер тут асноўная ўвага арабскім краінам.

— Мой улюбёны хатні занятак — сталярнічаць, неяк паляпшаць умовы ў доме, прыдумляць і рабіць прыстасаваньні, прычым нетаропка, надзейна. Тут для гэтага ніякай магчымасьці, на жаль, няма. Заняцца ў лягеры практычна няма чым. Ёсьць толькі курсы нямецкай мовы, але і яны для прадстаўнікоў іншых краін, але не для расейскамоўных. Цяпер тут асноўная ўвага арабскім краінам. Але я ўсё ж хаджу на курсы, стараюся, як магу, разумець і вучыць мову. А чым тут яшчэ займацца? Глядзець на разборкі іншых уцекачоў? Выхадцы з Блізкага Ўсходу — людзі эмацыйныя, паміж імі здараюцца і бойкі. Прычыны боек мне невядомыя з-за таго, што не разумею па-арабску. Дарэчы, сярод арабаў людзі самыя розныя. Шмат хто зь дзецьмі, ёсьць інваліды, якія пацярпелі, згубілі частку рукі, нагі. Ёсьць людзі з вышэйшай адукацыяй, прафэсары, а ёсьць зусім простыя. Ёсьць добрыя, а ёсьць і дрэнныя, нават паводле паводзінаў гэта бачна. Розныя, як паўсюль. Калі канфлікты здараюцца, тады тут зьяўляецца мясцовая паліцыя, а ў самім горадзе паліцыянтаў я амаль ня бачыў, там ідзе сапраўды іншае жыцьцё.

— У Беларусі стаіць надзвычай цёплае надвор’е, на вашай роднай Гомельшчыне і ў Менску — плюсавыя тэмпэратурныя рэкорды. А якое надвор’е ў Нюрнбэргу? І ці цёпла вам ў лягеры — гэта ж фактычна намёт, толькі што вялікі.

— У Нюрнбэргу таксама вельмі цёпла, надвор’е камфортнае. І ў лягеры ў сэнсе ацяпленьня ўсё арганізавана сур’ёзна, па-нямецку. Я як былы кіроўца «Ікарусу» параўноўваю сыстэму ацяпленьня з маім аўтобусам. Дакладна тое самае. Цёплае паветра запампоўваюць у трубы, якія вісяць пад стольлю, а адтуль цяпло ідзе па ўсім памяшканьні. Праблем няма, нават калі былі дні халаднейшыя, чым цяпер. Але мы доўга тут усё роўна не сядзім, шмат гуляем на паветры. Сумую па часах, калі працаваў на аўтобусе, на легкавіку, вельмі люблю быць за стырном. Цяпер даводзіцца проста хадзіць пехатой, але сьвяточны Нюрнбэрг варты таго, каб яго абысьці і ўсё пабачыць сваімі вачамі. Нават адчуць сьвяточныя пахі — ужо прыемна. Адчуваць, як на сьвяточных базарах прадаюць каву, глінтвэйн, тут жа смажаць і прадаюць каўбаскі, такія асаблівыя іхныя катлеткі. Нюрнбэрг адзначае галоўнае сусьветнае сьвята і гэта добра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG