Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволены міністар гандлю апошнія гады ўвесь час баяўся арышту — крыніца


Валянцін Чаканаў. Фота: vialejka.info
Валянцін Чаканаў. Фота: vialejka.info

Сьледчы камітэт пацьвердзіў арышт былога міністра гандлю Валянціна Чаканава, які абвінавачаны ў перавышэньні ўлады ці службовых паўнамоцтваў.

«Дзеяньні падазраванага кваліфікаваныя па частцы 3 артыкулу 426 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, у дачыненьні да яго ўжытая мера ўтрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту», — паведамляе праз свой сайт Сьледчы камітэт. Артыкул, па якім падазраецца Валянцін Чаканаў, прадугледжвае пакараньне ў выглядзе 8 гадоў зьняволеньня.

Таксама Сьледчым камітэтам расьсьледуецца крымінальная справа ў дачыненьні да былога намесьніка міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Васіля Півавара, заведзеная па матэрыялах праверкі, праведзенай супрацоўнікамі КДБ.

Васілю Півавару выстаўленае абвінавачваньне ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкулу 424 Крымінальнага кодэкса — гэта злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі. У дачыненьні да яго ўжытая мера ўтрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Вядома, што спачатку Васіль Півавар утрымліваўся ў сьледчай турме КДБ, цяпер ён знаходзіцца ў менскім ізалятары на вуліцы Валадарскага. Былому міністру пагражае да 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

На мінулым тыдні мэдыі паведамлялі таксама пра магчымы арышт былога намесьніка міністра транспарту Яўгена Рагачова. Сёньня ў Сьледчым камітэце гэтыя зьвесткі не пацьвердзілі, але і не абверглі. «Пра Рагачова пакуль ніякая інфармацыі ня будзе», — сказаў 21 сьнежня карэспандэнту Свабоды кіраўнік прэсавай службы Сяргей Кабаковіч.

Што кажуць пра арышты былых высокапастаўленых чыноўнікаў дасьведчаныя людзі?

«Ён апошнія гады жыў у пастаянным страху. Баяўся, што арыштуюць», — гэтак згадвае пра Валянціна Чаканава дасьведчаная крыніца, якая не пажадала, каб яе імя называлі. Паводле суразмоўцы карэспандэнта Свабоды, перасьлед былога міністра гандлю Валянціна Чаканава можа быць зьвязаны з самымі рознымі дзеяньнямі.

Хабар, адкат, перавышэньне ўлады, злоўжываньні — гэта ўсё магчыма ў цяперашняй працы любога беларускага міністра

«Хабар, адкат, перавышэньне ўлады, злоўжываньні — гэта ўсё магчыма ў цяперашняй працы любога беларускага міністра, тым больш, калі той можа нешта разьмяркоўваць, кантраляваць ці выдаваць ліцэнзіі. У міністэрства гандлю некалькі гадоў таму зьявіўся дадатковы рычаг — гандлёвая інспэкцыя. Празь яе можна было ўплываць нават на вялікія гандлёвыя сеткі, а гэта велізарны карупцыйны патэнцыял. Але, як было насамрэч, лепш вядома сьледчым. Не выключаю таксама, што Чаканава затрымалі і за дзеяньні на папярэдняй пасадзе, як кіраўніка „Белбакалеі“. Дарэчы, перадапошні дырэктар Белбакалеі Ткачоў быў затрыманы год таму і дагэтуль пад сьледзтвам, а яны з Чаканавым добрыя сябры яшчэ з часоў працы ў камсамоле. Тут таксама можа быць сувязь, тым больш, сын Чаканава пэўны час таксама працаваў у „Белбакалеі“», — паведамляе крыніца.

Пры гэтым, як лічыць суразмоўца, за 6 гадоў працы міністрам гандлю Валянцін Чаканаў выявіўся моцным прафэсіяналам. А вось што да адносін з начальствам, дык яны складваліся па-рознаму. Прыкладам, як лічыць крыніца, з былым прэм’ерам Міхаілам Мясьніковічам Чаканаў ладзіў добра, а вось зь цяперашнім кіраўніком ураду Андрэем Кабяковым адносіны склаліся напружаныя, прычым яшчэ ў той час, калі Кабякоў кіраваў адміністрацыяй прэзыдэнта.

Адносна справы экс-намесьніка міністра сельскай гаспадаркі Васіля Півавара экспэрты найперш указваюць на тое, што ён кіраваў управай вэтэрынарнага кантролю — установы, ад дазволаў якой залежыць ня проста посьпех, але само існаваньне бізнэсу для шмат каго з прыватных гандляроў, прадпрымальнікаў, нават алігархаў. Другая вэрсія — гэта дзейнасьць па выкарыстаньні тых 4 мільярдаў рублёў штогадовых датацыяў, якія атрымлівае зь бюджэту сельская гаспадарка краіны. Незалежны экспэрт Яраслаў Раманчук мяркуе, што «расьпіл» чыноўнікамі часткі гэтых грошай — звычайная практыка ў Беларусі.

«Што там зрабілі гэтыя чыноўнікі пэўна, я ня ведаю, але мяркую, што яны былі часткай тых схемаў па каналізацыі грошай зь сельскагаспадарчых, ці другіх інвэстыцыйных праектаў. А гэтыя схемы альбо канкурэнты „зьлілі“, альбо ўжо такі быў іх маштаб, што немагчыма было схаваць. А паколькі лёгіка беларускай улады — гэта такая руская рулетка, каб пэрыядычна адстрэльваць нейкіх людзей — вось яны і трапілі пад раздачу. „Даху“ не было, ніхто не заступіўся, трэба было кагосьці здаць, здалі гэтых. Але ніякай прынцыповай розьніцы абсалютна няма, каго здаваць. Сыстэма працуе, як і раней працавала, і новыя людзі будуць такімі ж, як і папярэднія».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG