Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антытурэцкая кампанія ў Расеі: «Натальля» замест «Анталіі»


Расейцы паляць турэцкі сьцяг каля амбасады Турэччыны ў Маскве.
Расейцы паляць турэцкі сьцяг каля амбасады Турэччыны ў Маскве.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, выступаючы ў чацьвер з штогадовым пасланьнем Фэдэральнаму сходу, заявіў, што Турэчына «не абыдзецца памідорамі» за зьбіты 24 лістапад расійскі бамбавік Су-24.

Можна бачыць за гэтымі словамі ваенныя пагрозы, а можна проста прыгадаць, што крызыс у расейска-турэцкіх адносінах ўжо адчулі на сабе многія грамадзяне Турэччыны, якія жывуць у Расеі, а таксама турэцкі бізнэс у самых розных галінах — далёка ня толькі сельскагаспадарчай.

Так, сытуацыя закранула дзесяткі тысяч турак, занятых ў будаўнічым бізнэсе, а таксама іх сем’і, часта — зьмешаныя. На сайце пэтыцый change. org на гэтым тыдні былі апублікаваныя адразу два заклікі да расейскага прэзыдэнта, аўтарамі якога зьяўляюцца расейкі, якія знаходзяцца ў шлюбе з грамадзянамі Турэччыны, — яны просяць Пуціна «спыніць прапаганду, што распальвае міжнацыянальную варожасьць і нянавісьць».

Ціск на грамадзян Турэччыны і турэцкі бізнэс у Расеі пачаўся менш чым праз суткі пасьля падзеньня расейскага Су-24 у гарах на мяжы Сырыі і Турэччыны. У Маскве была атакаваная турэцкая амбасада, ва Ўльянаўску — піўны завод турэцкага брэнда Efes, у Растове-на-Доне сілавікі наляцелі з праверкай на фабрыку дываноў, выключыўшы сэрвэр і выслаўшы з краіны 9 турэцкіх спэцыялістаў, якія займаліся навучаньнем рабочых, у Краснадары былі затрыманыя і дэпартаваныя 39 удзельнікаў сельскагаспадарчай выставы «ЮГАГРО».

Разам з гэтым з расійскіх рэгіёнаў пачалі прыходзіць анэкдатычныя навіны — ў Саратаве ўладальнік кафэ схаваў слова «Турэцкі» на шыльдзе «Турэцкі тандыр», а ў Санкт-Пецярбургу гаспадары рэстарана «Анталія», названага па імя папулярнага ў расейцаў турэцкага курорта, апэратыўна перайменавалі яго ў «Натальлю».

Аднак шматлікім расейска-турэцкім сем’ям не да сьмеху — людзі, якія пражылі ў Расеі больш за 10 гадоў, выхавалі там дзяцей і якія зладзілі побыт, вымушаныя думаць пра тое, каб кінуць усё і пераехаць у Турэччыну. Усяго ў Расеі, па словах прэс-сакратара Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрыя Пяскова, можа знаходзіцца да 90 тысяч турэцкіх рабочых і прадпрымальнікаў, а уключна зь іх сямейнікамі — да 200 тысяч.

Пераважная большасьць гэтых людзей занятая ў будаўнічым бізнэсе. Бум новага будаўніцтва прыйшоўся на пачатак нулявых, «тлустыя гады», калі нафта каштавала больш за 100 даляраў і для ўзьвядзеньня новых аб’ектаў расейскія ўлады і прыватныя інвэстары сталі актыўна прыцягваць турэцкія фірмы. За апошнія 15 гадоў турэцкія будаўнічыя кампаніі трывала ўладкаваліся ў гэтай нішы і выйшлі на лідзіруючыя пазыцыі. Нядзіўна, што менавіта будаўнічыя праекты трапілі пад афіцыйныя антытурэцкія санкцыі Крамля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG