Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама: Мы не паддамося страху перад пагрозай тэрарызму


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў нядзелю выступіў з пасланьнем супраць тэрарызму на закрыцьці штогадовай нарады Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Ўсходняй Азіі (АСЕАН) і ўсходнеазіяцкага саміту.

Перад адбыцьцём з Куала-Лумпура, дзе ён казаў пра дасягнуты Амэрыкай прагрэс у паглыбленьні сувязяў з рэгіёнам, прэзыдэнт ЗША заявіў, што значная частка яго працы ў сталіцы Малайзіі «была прысьвечаная актуальнай пагрозе тэрарызму».

У пятніцу баевікі-ісламісты напалі на гатэль у сталіцы Малі Бамако. Раней у гэтым месяцы групоўка баевікоў «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за сэрыю ўзброеных нападаў і выбухаў у Парыжы, у выніку якіх загінулі 130 чалавек.

«Сёньня ў занадта многіх краінах сем’і аплакваюць бессэнсоўныя страты сваіх родных у выніку нападаў у Францыі і Малі», — сказаў прэзыдэнт ЗША.

Кааліцыя з 65 краінаў на чале з ЗША, якая ставіць сваёй мэтай барацьбу з «Ісламскай дзяржавай», «не супакоіцца», сказаў Абама, дадаўшы, што пасьля апошніх тэрактаў некаторыя краіны заявілі пра намер актывізаваць барацьбу з экстрэмісцкай групоўкай.

«Вельмі важна, каб кожная краіна, кожны лідэр накіравалі сыгнал, што злосьць купкі забойцаў не прымусіць сьвет спыніць займацца жыцьцёва важнымі справамі», — сказаў Абама. Значную частку свайго гадзіннага брыфінгу з журналістамі амэрыканскі лідэр прысьвяціў намаганьням па барацьбе з тэрарызмам.

«Мы не паддамося страху», — сказаў Абама. Хоць пагроза тэрарызму рэальная, дадаў ён, ёсьць розьніца паміж пільнасьцю і страхам, з-за якога людзі адмаўляюцца ад сваіх каштоўнасьцяў.

У апошнія тыдні ў ЗША і іншых краінах ідуць актыўныя дэбаты аб тым, ці ўяўляюць ўцекачы, якія хаваюцца ад гвалту ў Іраку і Сырыі, пагрозу бясьпецы з-за таго, што тэрарысты могуць паспрабаваць згубіцца сярод іх.

«Мы не паддамося страху і не пачнем паварочвацца адзін супраць аднаго або абыходзіцца зь нейкімі людзьмі па-іншаму з-за іх рэлігіі, расы або паходжаньня», — настойваў Абама. Перад ад’ездам з Куала-Лумпура прэзыдэнт ЗША таксама заявіў аб дасягнутым прагрэсе ў аднаўленьні балянсу адносінаў паміж ЗША і краінамі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, што зьяўляецца галоўным кірункам зьнешняй палітыкі адміністрацыі Абамы ў рэгіёне, паведамляе Голас Амэрыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG