Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нельга выключаць, што і Расея ўзмоцніць ахову межаў, у тым ліку зь Беларусьсю, — экспэрт


Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

У сувязі з тэрактамі ў Парыжы 13 лістапада беларускі экспэрт у міжнародных справах Андрэй Фёдараў прадбачыць агульнае ўскладненьне сытуацыі зь бясьпекай ня толькі ў Францыі, але і ва ўсёй Эўропе.

«Сытуацыя складаная і становіцца ўсё больш складанай. Што да захадаў Францыі, тое, што там ужо абвешчана ваеннае становішча ў гарадах і ўзмоцнена ахова межаў, гэта заклікана даць вынік, але трэба ўлічваць, што ў краіне жыве вельмі шмат прадстаўнікоў Паўночнай Афрыкі, і сярод іх тэрарыстам зручна хавацца.

Таму я баюся, што вельмі цяжка будзе знаходзіць тых, хто спачувае тэрарыстам, хто ім дапамагае і сам зьяўляецца тэрарыстам. Канечне, спэцорганы Францыі будуць спрабаваць зрабіць усё магчымае, яны ў такіх справах дасьведчаныя, але ў такіх абставінах, паўтаруся, выканаць гэтыя задачы будзе цяжка.

— Як вы ацэньваеце эфэктыўнасьць органаў бясьпекі Францыі? На самі тэракты яны зрэагавалі хутка, але ці не падаецца вам, што гэта агульная параза, калі спэцслужбы прапускаюць адначасовыя масавыя ўдары з боку тэрарыстаў? Пасьля «Шарлі Эбдо» нібыта ўсе мусяць быць напагатове, але, атрымліваецца, высноў не зрабілі?

— Мне цяжка казаць, тут мусяць ацэньваць адмыслоўцы менавіта па антытэрарыстычнай дзейнасьці. Працягваю падкрэсьліваць, што такая вялікая колькасьць выхадцаў з Афрыкі і Блізкага Ўсходу, што жывуць у Францыі, не дазваляе сачыць за ўсімі, а гэта аблягчае дзейнасьць тэрарыстаў. Ня ўпэўнены, што тут можна казаць пра нейкія вялікія праколы спэцслужбаў. Але ўсё ж гэта пытаньне да адмыслоўцаў.

— Як вы мяркуеце, ці пойдуць іншыя эўрапейскія краіны, найперш суседзі Францыі, за ёй на такія захады, як закрыцьцё межаў ці нават увядзеньне элемэнтаў вайсковага становішча?

— Усё залежыць ад таго, як будуць разьвівацца падзеі далей. Ад таго, ці была гэта ўсё ж аднаразовая, хоць і маштабная, акцыя, ці яна будзе мець хуткі працяг. Калі будзе працяг, дык не выключаю такіх рашэньняў асноўных эўрапейскіх краін, ня толькі Францыі.

— Ісламская дзяржава ўжо абвясьціла, што гэта помста Францыі за яе ўдзел у змаганьні з гэтай тэрарыстычнай арганізацыяй у Сырыі. Як вы мяркуеце, Францыя можа пасьля гэтага спыніць ці паменьшыць свой удзел у апэрацыі супраць Ісламскай дзяржавы ў Сірыі?

— Не, вось гэта я цалкам выключаю, бо гэта было б сьведчаньнем таго, што яны паддаліся на пагрозы тэрарыстаў. Перакананы, што Парыж на гэта ня пойдзе.

— Як на вашу думку, тэракты адаб’юцца на лёсе ўцекачаоў з Сырыі і Іраку, якія цяпер спрабуюць знайсьці прытулак і ўладкавацца ў Эўропе, у тым ліку ў Францыі?

У мяне ўпэўненасьці, што ўдасца зрабіць нешта радыкальнае, каб цалкам выключыць паўтарэньне трагедый у іншых месцах

— Зразумела, што кантроль за межамі будзе ўзмоцнены, і гэта ўскладніць іх становішча. Але наколькі гэта будзе дзейсна? Мяркую, пры такіх масах уцекачоў, якія хлынулі ў Эўропу, зусім стрымаць іх вельмі цяжка. Таму няма ў мяне ўпэўненасьці, што ўдасца зрабіць нешта радыкальнае, каб цалкам выключыць паўтарэньне трагедый у іншых месцах.

— Ці можа гэта хваля дакаціцца і да Беларусі?

— Пакуль малаверагодна. Па-першае, мы нават фармальна ніякага дачыненьня да таго, што адбываецца ў Паўночнай Афрыцы, ня маем. Па-другое, у нас унутры краіны тых, хто відавочна выдзяляецца з агульнай масы, ня гэтак і шмат, а колькасьць спэцслужбаў даволі вялікая. Трымаць усіх на кантролі не асабліва цяжка. Да таго ж, ня думаю, што ў тэрарыстаў ёсьць такая мэта, — яны ўсё ж будуць больш канцэнтравацца на тых, хто жыве ў краінах Эўразьвязу, а тут іх лягчэй кантраляваць. Таму асаблівых апасеньняў у мяне няма, хоць цалкам выключаць, калі маеш саправу з фанатыкамі, нічога нельга.

— Ісламская дзяржава ж ужо пагражала масавымі тэрактамі Расеі. На вашу думку, такія тэракты магчымыя?

— Вось для Расеі небясьпека значна больш высокая, там заклапочанасьць мусіць быць значна большай. Сапраўды, ужо былі і пагрозы, а па-другое, там значна болей жыве людзей, сярод якіх можна схавацца тэрарыстам.

— Расея, мяркуеце, таксама будзе прымаць нейкія дадатковыя захады бясьпекі?

— Не выключаю, што ўзмоцняць кантроль за межамі. Не закрыюць межы, але больш пільна будуць кантраляваць пэўных асобаў, калі тыя будуць перасякаць мяжу. Гэта, канечне, складана зрабіць пры расейскіх маштабах міграцыі і перасоўваньня людзей па тэрыторыі краіны, але такія захады напрошваюцца. У тым ліку не выключаю, што будзе ўзмоцнены кантроль за ўчасткам мяжы зь Беларусьсю, якая фактычна адзіная па пэрымэтры Расеі застаецца адкрытым кавалкам. Як гэта будзе рабіцца тэхнічна, пакуль сказаць цяжка, але можна чакаць, што нейкія падыходы будуць перагледжаныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG