Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна мець дэпазыт у банку і лічыцца дармаедам?


Калі гэта 2015 год, то можна, — патлумачыла намесьніца міністра па падатках і зборах Сьвятлана Шаўчэнка.

У сувязі з новым дэкрэтам прэзыдэнта № 7 «Аб прыцягненьні грашовых сродкаў ва ўклады» фізычныя асобы, якія маюць прыбытак ад «кароткіх» дэпазытаў, будуць плаціць падатак у 13%. Ці пазбаўляе гэта статусу «дармаеда» тых людзей, якія падпадаюць пад дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», але маюць дэпазыты? На прэсавай канфэрэнцыі ў Нацбанку намесьніца міністра па падатках і зборах Сьвятлана Шаўчэнка патлумачыла, як тут быць.

«Сплата збору (на прыбытак ад дэпазытаў. — РС) будзе ў 2016 годзе. Будуць зьвяртаць увагу на прыбыткі 2015 году. У 2015 годзе, калі мы кажам пра падаткаабкладаньне па ўкладах і дэпазытах, сёньня сплаты падаходнага падатку няма. Калі грамадзянін разьмяшчае грошы па ўкладах у дэпазытах, атрымлівае працэнты і ня сплачвае падатак, больш не займаецца аніякай працоўнай дзейнасьцю, падатак ня плаціць, то такі грамадзянін будзе прызнавацца асобай, якая ня ўдзельнічае ў фінансаваньні расходаў дзяржавы, і, адпаведна, будзе прыцягвацца да сплаты збораў (за дармаедзтва. — РС).

Згодна з дэкрэтам падаткаабкладаньню будуць падлягаць прыбыткі па дамовах, заключаных з 12 лістапада. А прыбыткі па гэтых дамовах будуць выплачвацца і падлягаць падаткаабкладаньню з 1 красавіка 2016 году.

Калі асоба ня ўдзельнічае ў фінансаваньні дзяржаўных расходаў, але сплачвае падатак, сума якога перавышае 20 базавых велічыняў, то ў 2017 годзе збор за «дармаедзтва» зь яе спаганяцца ня будзе.

Калі асоба ня ўдзельнічае ў фінансаваньні дзяржаўных расходаў, але сплачвае падатак, сума якога перавышае 20 базавых велічыняў, то ў 2017 годзе збор за «дармаедзтва» зь яе спаганяцца ня будзе», — патлумачыла намесьніца міністра.

Новы прэзыдэнцкі дэкрэт будзе тычыцца на роўных умовах і нерэзыдэнтаў, і пэнсіянэраў.

У адпаведнасьці з дэкрэтам № 7 падаходны падатак у 13% з прыбытку на дэпазыты трэба будзе плаціць пры наступных умовах:

— Грашовыя сродкі ў беларускіх рублях разьмешчаныя на тэрмін менш за 1 год.

— Грашовыя сродкі ў замежнай валюце разьмешчаныя на тэрмін менш за два гады.

— Прыбыткі налічаныя па працэнтнай стаўцы, якая перавышае памер працэнтнай стаўкі па банкаўскім укладзе і дэпазыце «да запатрабаваньня».

— Прыбытак выплачаны пасьля 1 красавіка 2016 году.

Абавязак вылічваць, спаганяць і пералічваць падатак у бюджэт ускладзены на банк. Падаваць дэклярацыю на гэты прыбытак і пазначаць яго ў Дэклярацыі аб прыбытках і маёмасьці ўкладчыку ня трэба.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG