Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк патлумачыў, хто мусіць плаціць падатак з прыбыткаў на дэпазыты


Усё робіцца для таго, каб людзі аддавалі грошы ў банкі надоўга і не прасілі назад.

У Нацбанку Беларусі патлумачылі, у чым сутнасьць прэзыдэнцкага дэкрэту № 7 ад 11 лістапада. Дэкрэт замацоўвае адрозьненьне паміж дэпазытамі адклікальнымі і безадклікальнымі.

«Насельніцтву будзе прапанаваны мэханізм, пры якім можна атрымліваць больш высокі прыбытак у параўнаньні з адклікальнымі ўкладамі, — заявіў першы намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Тарас Надольны.

Безадклікальны ўклад не прадугледжвае датэрміновага выманьня сродкаў. Зь іншага боку — гарантуе больш высокую прыбытковасьць для фізычных асобаў.

«Безадклікальны ўклад не прадугледжвае датэрміновага выманьня сродкаў. Зь іншага боку — гарантуе больш высокую прыбытковасьць для фізычных асобаў», — патлумачыў Надольны.

Праўда, у выключных выпадках банкі будуць мець магчымасьць выдаць грошы датэрмінова. Даваць вызначэньні такім выпадкам Надольны адмовіўся, але мяркуе, што гэта могуць быць, напрыклад, трагічныя абставіны ў сям’і, калі тэрмінова патрэбныя грошы. Такія рашэньні банк будзе прымаць самастойна, і яны ня будуць мець сыстэмнага характару.

Стаўкі па безадклікальных дэпазытах пакуль плянуюцца на ўзроўні 25–30%.

Па адклікальных укладах укладчык зможа забраць свае грошы датэрмінова. Але стаўка па такім укладзе будзе ніжэйшая — 20–25%.

Ідэя выбару грамадзяніна закладзеная ў ідэалёгію дэкрэта. Альбо больш высокі даход, але ўмова безадклікальнасьці.

«Ідэя выбару грамадзяніна закладзеная ў ідэалёгію дэкрэта. Альбо больш высокі даход, але ўмова безадклікальнасьці. Ці, калі грошы трэба, то адклікальныя дэпазыты, — патлумачыў Надольны.

Якія ўкладчыкі будуць плаціць падатак на прыбыткі з дэпазытаў? Да ўвядзеньня ў сілу дэкрэта існавала ільгота на ўсе віды прыбытку ад укладаў па дэпазыце. Яна захоўваецца для тых, хто пакладзе грошы ў банк на доўгі тэрмін. Падатак на прыбытак ня будуць плаціць асобы, якія маюць безадклікальныя дэпазыты ў беларускіх рублях на тэрмін звыш 1 года. А таксама тыя, хто мае безадклікальныя дэпазыты ў валюце на тэрмін больш як 2 гады.

Норма дэкрэта дзейнічае толькі на дамовы, заключаныя па новых укладах, — падкрэсьліў Надольны.

Калі ў вас адклікальны дэпазыт ці безадклікальны на меншы тэрмін, падатак давядзецца заплаціць. Але не адразу. Як патлумачыла намесьніца міністра па падатках і зборах Сьвятлана Шаўчэнка, мэханізм будзе такі:

Грашовыя сродкі, разьмешчаныя на ўкладах, дэпазытах, рахунках у банках, як і раней, дэкляраваньню не падлягаюць.

«Менавіта банк будзе вылічаць, утрымліваць і пералічаць падатак у бюджэт. На грамадзяніна не ўскладаецца абавязак па дэкляраваньні такіх падаткаў. Дэклярацыю прадстаўляць ня трэба. Грашовыя сродкі, разьмешчаныя на ўкладах, дэпазытах, рахунках у банках, як і раней, дэкляраваньню не падлягаюць. Гэтыя грашовыя сродкі не пазначаюцца ў падатковай дэклярацыі і не падлягаюць дэкляраваньню ў дэклярацыі аб падатках і маёмасьці.

Падаткаабкладаньне будзе толькі па прыбытках паводле дамоваў, заключаных з 12 лістапада. Гэта наноў заключаныя дамовы».

Шаўчэнка патлумачыла, пры якіх умовах будзе налічвацца падатак.

Грашовыя сродкі, разьмешчаныя на тэрмін менш за 1 год, у беларускіх рублях.

Другая ўмова — грашовыя сродкі ў замежнай валюце, разьмешчаныя на тэрмін менш за два гады.

Прыбыткі, налічаныя па працэнтнай стаўцы, якая перавышае памер працэнтнай стаўкі па банкаўскім укладзе і дэпазыце да запатрабаваньня.

Прыбытак, выплачаны пасьля 1 красавіка 2016 году.

Калі ваш уклад падпадае пад гэтыя ўмовы, трэба будзе заплаціць падатак у 13%. Падатак лічыць банк, — заключыла намесьніца міністра.

XS
SM
MD
LG