Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У брытанскай прэсе — шэраг ухвальных рэцэнзіяў на спэктаклі Беларускага Свабоднага Тэатру

абноўлена

Фота: Беларускі Свабодны Тэатар
Фота: Беларускі Свабодны Тэатар

Беларускі Свабодны Тэатар адзначае 10-годзьдзе пры поўным аншлягу

Моцна ўхвальныя рэцэнзіі і водгукі ў брытанскай прэсе спадарожнічаюць кожнаму са спэктакляў Беларускага Свабоднага Тэатру, якія ён ставіць у Лёндане, адзначаючы дзесяцігодзьдзе свайго існаваньня.

Пра міні-фэстываль тэатру Мікалая Халезіна, Натальлі Каляды і Ўладзімера Шчэрбаня — які пачаўся 18 кастрычніка пад агульнай назвай «Беларускі Свабодны Тэатар: Пастаноўка рэвалюцыі» — пішуць вельмі прыхільна такія выданьні, як The Telegraph, The Guardian, Spectator, Huffington Post, Exeunt Magazine, A Younger Theatre, The Stage, What’s on Stage, News US & UK.

Некаторыя са сваіх спэктакляў — агулам будзе іх 10 — Свабодны Тэатар паказвае ў тэатры Young Vic, дзе трупа зьяўляецца рэзыдэнтам цягам апошніх чатырох гадоў. Іншыя адбываюцца ў месцах, пра якія паведамляць у самы апошні момант — ідэя тут у тым, каб імітаваць умовы, у якіх тэатар паказвае свае спэктаклі ў Беларусі.

Некалькі кароткіх цытатаў з прэсавых водгукаў на пастаноўкі Беларускага Свабоднага Тэатру:

«Пад кіраўніцтвам Уладзімера Шчэрбаня Марыя Сазонава і Яна Русакевіч даюць нам дзікі карнавал няшчасьця дзьвюх жанчынаў у цеснай як турэмная камэра прасторы».

(The Telegraph пра пастаноўку «Псыхозу 4.48»)

«Нягледзячы на тое, што трупа Беларускага Свабоднага Тэатру заўсёды выкарыстоўвае асабісты досьвед у сваёй працы, выканаўцы паказваюць узьдзеяньне рэпрэсій на чалавека так, што сытуацыю можна аднесьці да любой краіны сьвету».

(The Guardian пра пастаноўку «Пакаленьня джынс»)

«Спэктакаль распавядае гісторыю Ірыны, заўчасна высьпелага дзіцяці, чыё першае сур’ёзнае каханьне, Толя, выходзіць аднойчы з дому і ніколі не вяртаецца. Лекаваньне гэтай бяды, як падаецца, не зьяўляецца галоўнай сюжэтнай лініяй, але сама пастаноўка і вобразнасьць — калі становіцца ясна, што Толя быў забіты — знаходзіць месца для гэтай тэмы празь цеплыню, гумар і любоў суседзяў, праз касьцюмы, народную музыку і магутную энэргію, якая ўзрастае да такой ступені, што, калі здараецца трагедыя, на сцэне нічога не застаецца, акрамя адчуваньня пусткі і страты».

(Exeunt Magazine пра пастаноўку «Спасьцігаючы любоў»)

«Што мы ведаем пра Беларусь? Я асабіста ня ведаю нічога болей за яе геаграфічнае месцазнаходжаньне, некаторыя зьвесткі са СМІ і парачку песьняў з Эўрабачаньня. Сьвяткуючы дзясятую гадавіну свайго існаваньня, Беларускі Свабодны Тэатар застаецца верны сваёй місіі адукаваньня аўдыторыі. „Зона маўчаньня“ зьяўляецца пастаноўкай, якая часткова verbatim, а часткова праз тэатральную дзею імкнецца намаляваць пасьлядоўную карціну Беларусі, яе народу і яе праблематычнага мінулага».

(A Younger Theatre пра пастаноўку «Зоны маўчаньня»)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG