Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: У разуменьні Лукашэнкі культура — гэта «Славянскі базар», а Алексіевіч туды ня ўпісваецца


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Чаму ў Беларусі расейскага кампазытара-песеньніка ці поп-выканаўцу ўлады цэняць вышэй за нобэлеўскага ляўрэата? Чаму першыя асобы дзяржавы не ганарацца тым, што ў краіне ўпершыню зьявіўся ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, а нават выказваюцца пра яго нэгатыўна? Меркаваньні беларускіх і расейскага літаратараў выслухала Іна Студзінская.

Паэт і палітык Уладзімер Някляеў кажа, што за ўсю гісторыю савецкай і постсавецкай літаратуры не было ніводнага выпадку, каб сур’ёзнымі міжнароднымі ўзнагародамі, прэміямі адзначаліся людзі, якія служылі савецкім і пазьнейшым дыктатарам. І яны аўтаматычна станавіліся ў шэрагі непрыяцеляў гэтых рэжымаў. І прывёў прыклад: ні Васіль Быкаў, ні Рыгор Барадулін, якія вылучаліся на Нобэлеўскую прэмію, не падтрымалі рэжым Лукашэнкі, адкрыта называючы яго антыбеларускім. І ў гэтым кантэксьце Сьвятлана Алексіевіч стаіць на тых жа пазыцыях: яна адпачатку не прымала рэжым Лукашэнкі, і Лукашэнка адпачатку не прымаў творчасьць Сьвятланы Алексіевіч, кажа Ўладзімер Някляеў:

«Ён ня можа ўплываць на пашырэньне вядомасьці Алексіевіч у сьвеце і раўнуе страшэнна (а ён раўнівы чалавек) да яе славы. І калі да гэтай пары Беларусь распазнавалася выключна па гэтым дыктатарскім знаку, які называўся „Лукашэнка“, то цяпер краіна пачала распазнавацца яшчэ і па Алексіевіч, якая супрацьстаіць Лукашэнку. І гэты знак — Алексіевіч — успрымаецца як выява беларускай культуры, як выява дэмакратыі, як знак існаваньня свабоднай думкі. Перш за ўсё. І тут Лукашэнку закліньвае: як, да гэтай пары быў толькі ён, а тут зьявіўся яшчэ нехта, чые словы ня толькі набылі вагу, раўназначную ягоным заляпухам, але і пераўзышлі іх?».

І тут усё разам сплялося ў тое, што Лукашэнка выказаў, чапляючы ордэн на грудзі чалавека, які абсалютна ня мае ніякага дачыненьня ні да беларускай культуры, ні да беларускай гісторыі. У разуменьні Лукашэнкі Алексіевіч — гэта проста чалавек, які піша кнігі, мяркуе спадар Някляеў:

«А вось чалавек, якому ён ордэн даў, стаіць на сцэне, яму ўсе на „Славянскім базары“ ў Віцебску пляскаюць у ладкі. У ягоным разуменьні культура — гэта і ёсьць „Славянскі базар“. А тое, што ёсьць Алексіевіч — ня ўпісваецца ў ягонае разуменьне культуры, бо ён ніколі — я перакананы — нічога з твораў Алексіевіч не чытаў, як не чытаў нічога ні з Быкава, ні з Караткевіча, ні з Барадуліна. Ён чалавек далёкі ад культуры. Таму ягонае сяброўства — у сфэры папсы, і ніколі зь людзьмі сапраўднай культуры ён не пачуваў сябе камфортна. Гэта заўважалася на ўсіх сустрэчах, на якіх я назіраў яго зблізку і здалёку, і ў гэтым ён застаецца нязьменным».

Адам Мальдзіс
Адам Мальдзіс

Прафэсар, дасьледчык беларускай гісторыі і літаратуры Адам Мальдзіс працуе цяпер над стварэньнем парталу «Беларусь гуманітарная», дзе будзе асобны разьдзел «Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі — ураджэнцы Беларусі». І там будуць усе апублікаваныя матэрыялы пра Сьвятлану Алексіевіч — публікацыі, меркаваньні, выказваньні. На думку Адама Мальдзіса, гэта нармальна, што выказваньні дыямэтральна процілеглыя:

«Канечне, па-рознаму людзі адносяцца... Я вось успамінаю, калі я быў яшчэ на 5-м курсе, гэта быў 1956 год, у нас была сустрэча з Канстанцінам Сіманавым. Адзін мой аднакурсьнік (прозьвішча ня буду называць, таму што яго ўжо няма ў жывых, але гэта чалавек, які заняў выбітнае месца ў гісторыі беларускай культуры) падышоў да Сіманава са зборнікам сваіх вершыкаў, прычым вершыкі на рускай мове (а ён як паэт не ўвайшоў у гісторыю) і пачаў Сіманаву ўручаць гэтыя творы, каб той надрукаваў. Сіманаў спытаў у яго: „А ворагі ў вас ёсьць?“ Той сказаў: „Што вы! Ні ў якім разе, якія ворагі?“ Сіманаў кажа: „Тады я нічога не вазьму. Чалавек, у якога няма ворагаў, нічога ня варты“. Таксама і тут. Гэта натуральная рэакцыя, ёсьць і адмоўныя, і рэзка адмоўныя водгукі. Значыць, у яго ёсьць пазыцыя, якая выклікае адпаведную рэакцыю».

Карэспандэнтка: «А калі гэта кіраўнік дзяржавы?»

«Калі гэта пра пісьменьніка, то самыя розныя меркаваньні могуць быць. Гісторыя ацэніць належным чынам. У ХХІІ стагодзьдзі прыйдуць да адзінай думкі, гэта плюс ці мінус».

Дзьмітры Быкаў
Дзьмітры Быкаў

Расейскі літаратар і дасьледчык Дзьмітры Быкаў наагул адмовіўся разважаць пра выказваньні кіраўніка беларускай дзяржавы:

«Мяне Лукашэнка не цікавіць, проста не цікавіць, і ўсё. Гэта беларускія справы, а мяне цікавяць расейскія».

Карэспандэнтка: «А чаму тады многія расейскія пісьменьнікі так неадназначна ўспрынялі прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі Алексіевіч? Гэта зайздрасьць ці што?»

«А пісьменьнікі наагул ня любяць, калі кагосьці ўзнагароджваюць. Ну чаму абавязкова зайздрасьць? Гэта такая асаблівасьць. Пісьменьніцкая праца цяжкая і небясьпечная. У яе ёсьць свае выдаткі. У шахцёра, напрыклад, выдаткі — лёгачныя хваробы. У паэта выдаткі — боязь за зьвязкі, таму што шмат даводзіцца ўслых чытаць і зьвязкі часта баляць. Ну, а ў пісьменьнікаў — свае выдаткі: ім не падабаецца, калі кагосьці ўзнагароджваюць. Гэта нармальная прафэсійная хвароба».

24 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка, наведаўшы творчы вечар расейскага кампазытара Віктара Дробыша, які быў арганізаваны ў «Менск-Арэне», зрабіў рэзкую заўвагу «творчым асобам, нават ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі», якія кепска выказваюцца пра Беларусь за мяжой: «Скажу зноў жа пра нашых асобных „творцаў“, творчых асобаў, нават ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, якія не пасьпелі яшчэ яе атрымаць, выехалі за межы краіны і пастараліся цэбар бруду выліць на сваю краіну. Гэта няправільна, гэта не апазыцыйнасьць. Гэта абсалютна няправільна, таму што Радзіму, сваю зямлю, як і сваіх бацькоў, сваю маці, не выбіраюць. Яна такая, якая яна ёсьць. Калі ты дрэнна кажаш пра Радзіму, саромеесься яе, значыць, ты перш за ўсё дрэнны сын», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG