Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя беларусы камэнтуюць заявы Лукашэнкі пра Алексіевіч


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

24 кастрычніка, Аляксандр Лукашэнка, наведаўшы творчы вечар расейскага кампазытара Віктара Дробыша, які быў арганізаваны ў «Менск-Арэне», зрабіў рэзкую заўвагу «творчым асобам, нават ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі» з нагоды таго, што яны кепска выказваюцца пра Беларусь за мяжой: «Скажу зноў жа пра нашых асобных „творцаў“, творчых асобаў, нават ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, якія не пасьпелі яшчэ яе атрымаць, выехалі за межы краіны і пастараліся цэбар бруду выліць на сваю краіну. Гэта няправільна, гэта не апазыцыйнасьць. Гэта абсалютна няправільна, таму што Радзіму, сваю зямлю, як і сваіх бацькоў, сваю маці не выбіраюць. Яна такая, якая яна ёсьць. Калі ты дрэнна кажаш пра Радзіму, саромеесься яе, значыць, ты, перш за ўсё дрэнны сын», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Казько: Лукашэнка злуецца, бо людзі прыслухоўваюцца да Алексіевіч, а не да яго

Пісьменьнік, ляўрэат літаратурнай прэміі Гедройця ў 2015 годзе Віктар Казько адзначае, што прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка дэманструе неспагадлівае стаўленьне ня толькі да канкрэтнай асобы нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, а да ўсёй культуры, да таго, што мае прыкметы беларускай сацыянальнасьці:

Віктар Казько
Віктар Казько

«Яму хочацца, каб мы былі як авечкі ў загоне, слухалі, што скажа пастух-правадыр. Але ў мастацтве так ня можа быць. Мастак таму і мастак, што мае сваё меркаваньне. І толькі праз адлюстраваньне гэтага меркаваньня можа адбывацца творчасьць. Мастакі ня хочуць быць у статку, брахаць на загад.

Сьвятлана Алексіевіч — асоба, да якой прыслухоўваюцца. Як да Коласа, як да Купалы. Таму што ў словах такіх літаратараў заўсёды ёсьць нешта прарочае. Вось Лукашэнка і злуецца, што людзі хутчэй прыслухаюцца да Алексіевіч, чым да яго».

Віктар Казько падкрэсьліў, што вельмі высока цэніць творчасьць Сьвятланы Алексіевіч, але адзначыў, што ў «нобэлеўскія кабінэты Беларусі дарогу праклаў Васіль Быкаў».

Шушкевіч: Лукашэнка не разумее, што такое Нобэлеўская прэмія

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч адзначае рост Сьвятланы Алексіевіч як палітыка і гаворыць пра недарэчнасьць варожых выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі ў бок пісьменьніцы.

«Лукашэнка ўвогуле не разумее, што такое Нобэлеўская прэмія. Любы прэзыдэнт маліцца павінен, каб прадстаўнік яго краіны стаў ляўрэатам, таму што гэта вялізнае прызнаньне на сусьветным узроўні. Што бачым мы? Абвінавачваньне ў апазыцыйнасьці пісьменьніцы, якая ўпершыню такое прызнаньне атрымала.

Гэта яшчэ адно сьведчаньне таго, што Аляксандр Лукашэнка — антыбеларус і ўся яго 20-гадовая дзейнасьць антыбеларуская. Ён стаіць на задніх лапках перад расейскім кіраўніком і выконвае ўсё, што яму загадаюць з Крамля.

Я вельмі пільна сачу ўсімі выступамі Сьвятланы Алексіевіч і магу адзначыць, што яна вельмі моцна ўдасканалілася ў палітычным пляне. Можна сказаць, што стала сапраўдным палітыкам. А як выступ у Кракаве — гэта вельмі ўзважаная ацэнка і аналіз сытуацыі. Магу сказаць, што мае думкі супадаюць з тым, пра што гаворыць Алексіевіч. Адзінае, што яна ўмее вельмі выкшталцона іх выкласьці. Я лічу, што мы павінны ганарыцца такім чалавекам. Найперш, беларускія жанчыны павінны ганарыцца», — сказаў Станіслаў Шушкевіч Свабодзе.

Арлоў: Спадзяюся, уладам хопіць розуму не варагаваць з Алексіевіч

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў пералічыў прычыны нэрвовага стаўленьня Аляксандра Лукашэнкі да Сьвятланы Алексіевіч: «Я лічу, што такая нэрвовая рэакцыя ўладаў на атрыманьне Сьвятланай Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі выклікана некалькімі чыньнікамі.

Па-першае, насуперак неаднаразовым заявам Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што нашыя пісьменьнікі нічога ня вартыя — маўляў, другую „Вайну і мір“ не напісалі — высьвятляецца, што беларускія літаратары могуць дасягнуць вельмі высокага ўзроўню.

Па-другое, Сьвятлана Алексіевіч належыць не да Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, якім кіруе генэрал Чаргінец, а да незалежнага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў — арганізацыі, якая лічыцца ўладамі выразна апазыцыйнай.

Па-трэцяе, Сьвятлана Алексіевіч ніколі не хавала сваіх дэмакратычных поглядаў. Зразумела, што Нобэлеўская прэмія ніякім чынам на яе перакананьні не паўплывала, яна гаворыць пра тое, што не прымае цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі».

Уладзімер Арлоў выказаў спадзеў, што ва ўладаў хопіць розуму не рабіць варожыя крокі ў бок пісьменьніцы Алексіевіч.

«Наадварот — цяпер момант, калі дзяржаўныя выдавецтвы павінны азадачыцца друкам яе твораў, чаго не было ўжо апошнія чвэрць стагодзьдзя. Абавязкова павінны быць выдадзеныя пераклады яе твораў на беларускую мову — тым больш, што на іх ёсьць вялікі попыт. Я таксама спадзяюся, што ня будзе адмененае рашэньне пра вяртаньне твораў Сьвятланы Алексіевіч у школьную праграму. Улады павінны зразумець, што посьпех Сьвятланы — агульнанацыянальны, што прэмія атрыманая ня толькі ёй, але і ўсёй нашай краінай, што беларускі Нобэль павышае аўтарытэт усёй Беларусі. Пакуль жа сваімі заявамі прэзыдэнт дэманструе неразуменьні такіх элемэнтарных рэчаў».

Класкоўскі: Клясычная падмена паняцьцяў

У свіам фэйсбуку палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі напісаў:

"Клясычная падмена паняцьцяў: калі хтосьці супраць рэжыму, абвінавачваць, што ён (яна) ня любіць сваю краіну. Сапраўды, "Родину, свою землю, как и своих родителей, свою мать не выбирают". А вось уладу ня грэх было б і абіраць".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG