АФІША
У вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна адбудзецца традыцыйная сустрэча, прымеркаваная да Дня нараджэньня аднаго з найярчэйшых беларускіх паэтаў канца ХХ стагодзьдзя — Анатоля Сыса. Удзел у мерапрыемстве возьмуць: Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Андрэй Федарэнка, Зьміцер Бартосік, Віталь Рыжкоў, Віка Трэнас, Галіна Дубянецкая, Сяргей Сыс, Алесь Наварыч, Яўген Барышнікаў, Аляксандр Памідораў, Усевалад Сьцебурака, Міхась Скобла, Ціхан Чарнякевіч і іншыя. Мерапрыемства ладзіць ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў».
Праект «Вандроўкі ў мінулае» запрашае на гэтыя выходныя на цікавыя экскурсіі па Менску. А 14 гадзіне — Легенды і гісторыі старога Менску (сустрэча ля Чырвонага касьцёлу каля статуі Арханёла Міхаіла), а 17.30 — Легенды і гісторыі старога Менску 2 (сустрэча ля цэнтральнай брамы Вайсковых могілак, вул. Казлова).
Плятформа пэрфарматыўных практык «зЕрне» запрашае на прэзэнтацыю тэатразнаўцы і тэатральнай куратаркі Аксаны Дудко (Львоў, Украіна) «Бюракраты, авантурысты і летуценьнікі. Украінскі тэатар у пошуках новай будучыні». Месца правядзеньня — лофт-кафэ «Бэлькі» (вул. Чапаева, 3-202). Пачатак у 19.00.
У Цэнтры сучасных мастацтваў у Менску адбудзецца V Варшаўскі фэстываль беларускага кіно BULBAMOVIE. У праграме — конкурсны прагляд найлепшых беларускіх кароткамэтражных дакумэнтальных і мастацкіх фільмаў. На сьвяце выступіць з акустычным канцэртам Андрэй Такінданг. Пачатак у 17.00.
У Інстытуце Гётэ (вул В. Харужай 25/3, 4 паверх) — сустрэча зь вядомым швэйцарскім пісьменьнікам Лукасам Бэрфусам з нагоды выхаду беларускага перакладу ягонага рамана «Каала». У чытаньнях удзельнічаюць аўтар і перакладчыца Ірына Герасімовіч. Пачатак у 18.00
У Палацы рэспублікі — канцэрт гурту «Машина времени».
У ГІСТОРЫІ
1656 — падпісана Віленскае замірэньне паміж Расейскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай аб спыненьні вайны, якая пачалася ў 1654 годзе.
1795 — адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай.
1889 — скончана будаўніцтва Эйфэлевай вежы.
1945 — уступіў у сілу Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
1980 — у Польшчы зарэгістраваны прафсаюз «Салідарнасьць».
У гэты дзень нарадзіліся:
1864 — Аляксей Бялыніцкі-Біруля, заоляг і зоагеограф, падарожнік.
1882 — Імрэ Кальман, вугорскі кампазытар.
1904 — Марыян Пецюкевіч, дзеяч заходнебеларускага нацыянальнага руху, этнограф.
1928 — беларускі мовазнаўца прафэсар Адам Супрун, які ў сваіх працах дасьледаваў дачыненьні беларускай мовы зь іншымі.
У гэты дзень памерлі:
1953 — Лявон Рыдлеўскі, грамадзка-палітычны дзеяч беларускай эміграцыі.
1994 — Анатоль Вялюгін, беларускі паэт, пісьменьнік, кінасцэнарыст, перакладчык.
ЦЫТАТА
У гэтай краіне ня маю я дому.
Вось воблака — сяду і ў свет палячу
Над гэтай гаморай, над гэтым садомам.
Ня грошай, ня славы — я волі хачу.
Анатоль Сыс