Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія хоча збудаваць плот на мяжы зь Беларусьсю, каб спыніць нелегалаў

абноўлена

Афіцыйная Рыга разглядае магчымасьць будаўніцтва плата на мяжы зь Беларусьсю. Прычынай такой ініцыятывы паслужыла затрыманьне дзьвюх буйных груп нелегальных мігрантаў, якія праніклі на тэрыторыю Латвіі празь беларускую мяжу, расказала ў інтэрвію перадачы Rīta panorāma на Латыскім тэлебачаньні прэм’ер Лаймдота Страўюма.

Паводле кіраўніцы латыскага ўраду, колькасьць выпадкаў незаконнага пранікненьня на тэрыторыю Латвіі апошнім часам прыкметна вырасла. Гэта робіць актуальным ня толькі пытаньне аховы межаў, але і прымушае думаць аб стварэньні нейкага новага шляху, па якім уцекачы пранікаюць у ЭЗ.

«Ужо дзьве групы прыйшлі з Беларусі. Многія эўрапейскія дзяржавы будуюць платы і гэта можа быць магчымым рашэньнем. (...) Зразумела, што страляць у людзей ніхто ня будзе. Але мы павінны быць гатовыя прымаць іх, разьмяшчаць, а потым, калі гэта не шукальнікі прытулку, а „эканамічныя мігранты“, высылаць іх з краіны», — кажа Страўюма.

Гэта плот з трэцімі краінамі. Значна страшней, калі мы пачнем будаваць платы ўнутры Эўропы

Прэм’ер прызнала, што яна асабіста падтрымлівае будаўніцтва плата на мяжы зь Беларусьсю. Але не на ўсіх участках, а толькі там, дзе могуць рабіцца спробы яе незаконнага перасячэньня.

«Гэта плот з трэцімі краінамі. Значна страшней, калі мы пачнем будаваць платы ўнутры Эўропы», — заявіла Страўюма.

Міністар унутраных справаў Латвіі Рыхардс Казлоўскіс раней заявіў, што для абмежаваньня плыні нелегальных мігрантаў Латвія плянуе ўзьвесьці на асобных участках мяжы з Расеяй загароду агульнай даўжынёй 90 км. Яна будзе чаргавацца з камэрамі відэаназіраньня і сэнсарнымі сыстэмамі.

Прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка пракамэнтаваў сытуацыю карэспандэнту Свабоды:

«Усім хочацца сказаць слова „плот“ альбо „сьцяна“. Няма ў нас такіх паняцьцяў. Ёсьць нармальныя памежныя комплексы. Ёсьць кірункі, якія лічацца праблемнымі. На гэтых участках і прымяняюцца дадатковыя сілы і абсталяваньне. Мы таксама прымяняем на гэтых участках і мабільныя комплексы, і хуткага разгортваньня. Гэта такія нашы памежныя будзённыя дні.

Усім хочацца сказаць слова „плот“ альбо „сьцяна“. Няма ў нас такіх паняцьцяў. Ёсьць кірункі, якія лічацца праблемнымі.

А тэма гэтая агучваецца ўжо цягам году ў рамках міграцыйнага крызісу. І ў заявах прэм’ера і міністра ўнутраных спраў Латвіі гаворка ідзе пра тое, што некаторыя ўчасткі будуць абсталёўвацца дадатковай тэхнікай і сыстэмамі. Гэта нармальна. Мы і раней казалі пра тое, што плыні растуць і будуць ссоўвацца. То бок мы заўсёды кансалідавана працавалі з латвійскім бокам і забясьпечвалі бясьпеку».

— У Латвіі кажуць, што затрымалі дзьве буйныя групы нелегальных мігрантаў, якія праніклі на тэрыторыю Латвіі празь беларускую мяжу. Гэта азначае, што беларускія памежнікі не спраўляюцца?

— Яны выявілі дзьве групы. А як і якім чынам яны там апынуліся, нашы і латвійскія памежнікі разьбіраюцца. Папярэдне — прыкметаў парушэньня мяжы не было. Групы маглі там апынуцца па-рознаму. Па гэтым пытаньні вядзецца праца, і пакуль афіцыйных пацьвярджэньняў няма".

Сёлета на ўладкаваньне ўсходняй мяжы Латвіі выдзелена 500 тысяч эўра, а ў наступным годзе — звыш 3 млн эўра.

Усяго, паводле дадзеных МУС Латвіі, на ўмацаваньне ўсходняй мяжы Латвіі, празь якую з пачатку году праніклі больш за 400 нелегальных мігрантаў, неабходна выдаткаваць на працягу чатырох гадоў 17 млн эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG