Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым адметны новы навучальны год у Беларускім калегіюме


Валянцін Акудовіч
Валянцін Акудовіч

Празь некалькі дзён пачнецца новы навучальны год у Беларускім калегіюме — унікальнай навучальнай установе, дзе бясплатна вучацца студэнты старэйшых курсаў альбо асобы з вышэйшай адукацыяй (у выключных выпадках прымаюцца студэнты малодшых курсаў).

У Беларускім калегіюме чатыры спэцыялізацыі: Філязофія і літаратура; Эўрапейскі Зьвяз: палітыка, эканоміка, культура; Найноўшая гісторыя; Журналістыка: падставовы курс.

Праект «Беларускі калегіюм» паўстаў у 1997 годзе. Ён быў арыентаваны на тое, каб выкладаць найноўшыя фрагмэнты сучасных ведаў і тэхнік інтэлектуальнай працы, не дублюючы праграмы як дзяржаўных, так і недзяржаўных унівэрсытэтаў.

Акадэмічны дырэктар Беларускага калегіюму, доктар філязофіі, доктар сакральнай тэалёгіі Ірына Дубянецкая кажа, што за 18 гадоў існаваньня ў калегіюме ня так шмат выпускнікоў, як у іншых навучальных установах. Як звычайна, калі навучаньне бясплатнае, спачатку прыходзіць шмат, але потым многія адсейваюцца, кажа Ірына Дубянецкая:

«Але тыя, што застаюцца і праходзяць да канца навучаньне ў Беларускім калегіюме, у большасьці сваёй становяцца бачнымі ў беларускай інтэлектуальнай і культурнай прасторы. Яны ня толькі перамагаюць у літаратурных і журналісцкіх конкурсах, яны фармуюць, трансфармуюць цяперашнюю Беларусь. Гэта тыя людзі, якія, уласна, робяць інтэлектуальна-культурнае поле краіны. У гэтым сапраўды калегіюм унікальны».

Аддзяленьне філязофіі і літаратуры скончылі адзін з заснавальнікаў праекту «Мова нанова», журналіст Глеб Лабадзенка, паэтка і перакладчыца Марыйка Мартысевіч, рэдактарка часопіса перакладной літаратуры «Прайдзісьвет» Юля Цімафеева, пісьменьніца Аксана Спрынчан, ляўрэаты літаратурнай прэміі «Дэбют» Наталка Харытанюк, Уладзь Лянкевіч, Андрэй Адамовіч. На аддзяленьні гісторыі вучыліся палітолягі Андрэй Казакевіч і Аляксей Ластоўскі, якія цяпер выкладаюць у Беларускім калегіюме.

Кіраўнік аддзяленьня філязофіі і літаратуры, філёзаф Валянцін Акудовіч на пытаньне Радыё Свабода, чаму ж вучаць у калегіюме, адказаў спачатку жартаўліва:

«З аднаго боку, Беларусі калегіюм, у прыватнасьці, аддзяленьне, якое я прадстаўляю, нічому ня вучыць. Акрамя, хіба, аднаго: вольнага мысьленьня і свабоднай творчасьці. Наша задача, у першую чаргу, маладых людзей прызвычаіць да самастойнага, вольнага, нязмушанага мысьленьня, да індывідуальных парываньняў, якія толькі і выяўляюць асобу. Бо творчасьць — гэта ў першую чаргу ты сам. Але дзяржава, грамадзтва скоўвае чалавека ланцугамі звычак, патрэбаў, зададзенасьцю. Дык вось адна з задачаў калегіюму — скінуць з чалавека ланцугі, вызваліць чалавека дзеля самога сябе. Канечне, мы і вучым. У нас вельмі адмысловая прафэсура: гэта людзі, якія сваім жыцьцём і дзейнасьцю давялі, што яны ведаюць, што такое свабода творчасьці, свабода мысьленьня».

Аляксей Ластоўскі
Аляксей Ластоўскі

Яшчэ адзін напрамак Беларускага калегіюму — найноўшая гісторыя. Кіраўнік аддзяленьня найноўшай гісторыі Аляксей Ластоўскі такім чынам абгрунтоўвае выбар менавіта гэтага пэрыяду:

«ХХ стагодзьдзе — адзін з самых палітызаваных пэрыядаў беларускай гісторыі. Ён пастаянна зазнае адміністрацыйны кантроль з боку дзяржавы, калі забараняюцца дасьледаваньні, забараняецца займацца пэўнымі тэмамі. І адчувалася патрэба ў тым, каб стварыць нейкую пляцоўку, дзе можна было б сабраць людзей, якія вывучаюць гэты пэрыяд па-за палітычнымі абмежаваньнямі і дзе можна дазнацца пра найноўшую гісторыю без цэнзурных абмежаваньняў. Цяпер, магчыма, ступень палітызаванасьці крыху зьменшылася, але і ў школьных, і ва ўнівэрсытэцкіх праграмах гэтаму пэрыяду адводзіцца замала ўвагі, і калі падаюцца падзеі, то часьцяком празь нейкія навязаныя інтэрпрэтацыі.

У Беларускім калегіюме існуе сыстэма так званых міні-курсаў, калі прыходзяць выкладаць гісторыкі, якія займаюцца канкрэтнымі кірункамі, і цягам трох-пяці заняткаў яны распавядаюць пра тыя тэмы, якія яны вывучаюць у якасьці дасьледчыкаў. Навучэнцы калегіюму маюць магчымасьць атрымаць непасрэдны доступ наўпрост да самых сьвежых дасьледаваньняў, першымі даведацца пра новыя адкрыцьці. Гэта патрабуе пагружэньня ў досыць складаны і супярэчлівы пэрыяд беларускай гісторыі, які быў насычаны рэвалюцыямі, рэпрэсіямі, дзьвюма ўсясьветнымі войнамі... Але разам з тым даў магчымасьць для рэалізацыі беларускай нацыі, для станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці. Калегіюм тут становіцца месцам збору лепшых гісторыкаў, якія займаюцца гэтым часам».

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

Толькі ў Беларускім калегіюме ёсьць адмысловая праграма «Эўрапейскі Зьвяз: палітыка, эканоміка, культура». Адміністратыўны дырэктар калегіюму, кіраўнік гэтай праграмы Андрэй Казакевіч тлумачыць, што створана яна для паглыбленьня ведаў пра Эўразьвяз як непасрэднага суседа Беларусі:

«Праграмай прадугледжаны разгляд палітычнай структуры, эканамічнай асновы, палітыкі ідэнтычнасьці. І тое, што ўвогуле адбываецца з нацыянальнымі культурамі, пытаньні наднацыянальнай эўрапейскай ідэнтычнасьці. Ну, і асобны блёк будзе прысьвечаны стасункам Беларусі і Эўропы: якія тут існуюць праблемы, якія пэрспэктывы, як розныя абставіны, у тым ліку і геапалітычныя, уплываюць на гэтыя стасункі, наколькі эўразійская інтэграцыя можа спалучацца ці, наадварот, не спалучацца з агульнаэўрапейскай інтэграцыяй. Усе гэтыя зьявы будуць прадметам разгляду праграмы».

Ірына Дубянецкая
Ірына Дубянецкая

Акадэмічны дырэктар Беларускага калегіюму, доктар філязофіі, доктар сакральнай тэалёгіі Ірына Дубянецкая распавяла, што сёлета Беларускі калегіюм выходзіць на трохступенчаты ўзровень: будзе яшчэ і трэці год — для тых, хто адчувае ў сабе сілы, жаданьне і магчымасьці для навукова-акадэмічнай дзейнасьці. Будзе шмат публічных мерапрыемстваў, лекцыяў, дыскусіяў, прэзэнтацыяў, гістарычных і філязофскіх вандровак, гістарычных падарожжаў. Будуць працягвацца і выдавецкія праекты разам зь «Лятучым унівэрсытэтам», выданьне кніжных сэрыяў, пэрыёдыкі.

Навучаньне ў Беларускім калегіюме бясплатнае. Пачатак заняткаў — з канца кастрычніка 2015 году. Прыём на навучаньне ажыцьцяўляецца па выніках гутаркі. Для запрашэньня на гутарку неабходна запоўніць анкету, узор якой можна знайсьці на сайце Беларускага калегіюму у рубрыцы «Стаць студэнтам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG