Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нядзелю ў Лёндане і на сайце Свабоды — канцэрт з удзелам Дэйвіда Гілмара, гуртоў Брутто, Бумбокс, Pussy Riot


У нядзелю ў Лёндане адбудзецца арганізаваны Беларускім свабодным тэатрам канцэрт салідарнасьці з забароненымі артыстамі з усяго сьвету і з народам Беларусі «I’m with the Banned» (Я — з забароненымі). У ім возьмуць удзел вядомыя сусьветныя музыканты і акторы.

У нядзельны вечар 18 кастрычніка на сцэну канцэртнай залі Koko ў Лёндане выйдуць Дэйвід Гілмар (Вялікабрытанія), Pussy Riot (Расея), Brutto (Беларусь), Бумбокс (Украіна), а таксама адмыслова запрошаныя госьці — Кім Катрэл, Ніл Тэнант, Джульет Стывэнсан, Вікторыя Мадэста, Джэрэмі Айранз.

Мы плянуем весьці онлайн-трансьляцыю канцэрту на сайце svaboda.org. Пачатак - 22.00 паводле менскага часу.

Напярэдадні канцэрту мы пагаварылі з сузаснавальнікам і мастацкім кіраўніком Беларускага свабоднага тэатру Мікалаем Халезіным.

Радыё Свабода: Калі і як узьнікла ідэя такім чынам адзначыць дзесяцігодздьзе Свабоднага тэатру?

Мікалай Халезін: Ідэя ўзьнікла год таму. Мы даўно хацелі неяк прадставіць тут у Лёндане нашых беларускіх музыкантаў, але нейкай яскравай нагоды не было. А пасьля, калі мы задумаліся пра выбары і пра тое, што для беларусаў гэта дастаткова складаны час, мы прыдумалі такі канцэрт. А тут яшчэ наклалася вайна на ўсходзе Ўкраіны, забарона розных гуртоў — і гэта ўжо стала ня толькі беларускай тэмай, а тэмай рэгіёну. «Pussy Riot» пад забаронай у Расеі, «Бумбокс» таксама забаронены ў Расеі. «Брутто» сталі дэтанатарам, калі зрабілася ясна, што яны ўжо ня могуць выступаць ні ў Беларусі, ні ў Расеі... Тады мы пачалі гаварыць з многімі людзьмі, каб яны праявілі салідарнасьць з нашымі музыкантамі.

РС: Каго мы пабачым на канцэрце?

МХ: Першым адгукнуўся Дэйвід Гілмар. Пасьля паступова пачалі адгукацца іншыя людзі — шмат нашых сяброў, актораў, музыкантаў, і ў выніку ў працы над гэтым канцэртам сабралася вялікая група.

Трансьляваць канцэрт згадзілася Бі-Бі-Сі, пасьля падключыліся сайты, тэлеканалы «Белсат», расейскі «Дождь» і ўкраінскі «Эспрэса ТВ» — мы сабралі ўсіх, каго маглі сабраць.

Дэйвід Гілмар захацеў зайграць разам з музыкамі з «Бумбоксу» і выканаць зь імі песьню, прысьвечаную «Нябеснай сотні», а «Бумбокс» зайграе зь ім ягоныя песьні. З «Брутто» зайграе яшчэ адзін вядомы гітарыст. Кім Катрэл («Сэкс і горад») зайграе з акторамі «Свабоднага тэатру» ўрывак з спэктаклю «Менск 2011». Я зайграю зь Нілам Тэнантам (Pet Shop Boys) урывак з «Пакаленьня Jeans». Будзе й яшчэ цэлы шэраг сюрпрызаў — Джэрэмі Айранз, Джуліет Стывэнсан, Вікторыя Мадэста — самыя розныя людзі, якія вырашылі, што і трэба выказацца на знак салідарнасьці з тымі, хто цяпер у бядзе.

РС: Нядзельны канцэрт адкрывае сэрыю імпрэзаў, прысьвечаных 10-гадоваму юбілею тэатру. А што яшчэ чакаецца ў рамках сьвяткаваньня?

МХ: Ад 2 да 14 лістапада пройдзе тэатральны фэстываль — «Свабодны тэатар» зайграе свае дзесяць спэктакляў, прадстаўляючы дзесяць гадоў сваёй працы. Зь іх сем спэктакляў пройдуць на кансьпіратыўных пляцоўках, пра якія яшчэ й цяпер гледачы, раскупіўшы ўсе білеты, ня ведаюць, дзе яны будуць праходзіць — ім будзе паведамлена праз СМСкі, куды ім трэба прыйсьці. гэта самыя нечаканыя месцы — ад закрытых турмаў да будынку парлямэнту.

Апошнія тры спэктаклі пройдуць на сцэне тэатру Young Vic, рэзыдэнтамі якога мы зьяўляемся. Кожны спэктакль будзе суправаджацца грамадзкімі дыскусіямі, дэгустацыяй страваў беларускай кухні і беларускага самагону.

У рамках адзначэньня юбілею мы выпусьцілі кнігу On Freedom, у якой сабраныя 34 кароткія маналёгі пра свабоду вельмі вядомых людзей — там і Майкл Атэнбора, і Дэйвід Лэм, і вядомы амэрыканскі мастак Эрык Фішл, а таксама людзі з нашага тэатру. Кніга будзе прэзэнтаваная на фэстывалі, мы яе ўжо атрымалі з друкарні, яна ўжо паступіла і ў кнігарні.

Лягатып гэтага ўсяго праекту распрацаваў кітайскі мастак-дысыдэнт Ай Вэйвэй у той момант, калі ён яшчэ заставаўся пад хатнім арыштам. Ён таксама праявіў сваю салідарнасьць і быў вельмі актыўны ў кампаніі «I’m with the Banned».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG