Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі крытык пра «ўнутраную сілу» і «вострую актуальнасьць» Беларускага Свабоднага тэатру


Спэктакль Свабоднага тэатру ў Менску ў 2011 годзе
Спэктакль Свабоднага тэатру ў Менску ў 2011 годзе

«Іронія, вясёлая і сумная — прыроджаная рыса гэтага калектыву, трупы, для якой тэатар зьяўляецца настолькі мастацтвам, наколькі і актам палітычнай ангажаванасьці, зьвязанай з рызыкай, зь якой нячаста сутыкаюцца заходнія акторы».

Гэтак пра Беларускі Свабодны тэатар напісаў Бэн Брэнтлі, галоўны тэатральны аглядальнік The New York Times і адзін з найбольш вядомых тэатральных крытыкаў у ЗША.

Бэн Брэнтлі пабываў у жніўні ў Беларусі на трох спэктаклях Беларускага свабоднага тэатру і свае ўражаньні апісаў у вялізным матэрыяле, які зьявіўся на сайце газэты 14 кастрычніка пад назвай «Забароненыя ў Беларусі, але відовішча працягваецца».

Бэн Брэтлі — які прызнаецца, што да сваёй паездкі ў Беларусь ён мала што чуў пра гэтую краіну — піша з захапленьнем і прызнаньнем пра спэктаклі Беларускага Свабоднага тэатру «4.48 Псыхоз», «Урод» і «Час жанчын», якія ён пабачыў у Менску ў жніўні сёлета. Першыя два спэктаклі былі паказаныя ў гаражы, апошні — у прыватнай кватэры.

Спэктаклем «4.48 Псыхоз» брытанскай пісьменьніцы Сары Кейн Беларускі Свабодны тэатар пачынаў свой творчы шлях 10 гадоў таму. Брэнтлі піша:

«Каб дабрацца да гаража, дзе ставілі „Псыхоз“, мы паехалі на мэтро з перасадкай, потым селі на аўтобус. Потым мы падышлі да малога супэрмаркету, дзе сабраўся натоўп, які стараўся не выглядаць як натоўп. Удзельнікаў гэтага натоўпу — якія нагадвалі стылёва апранутых тыпаў, што сустракаюцца на мастацкіх імпрэзах у Брукліне — у групках па тры-чатыры чалавекі праводзілі вуліцай у нейкі двор».

Перад спэктаклем да актораў і сабранай публікі празь відэасувязь на лэптопе зьвярнуліся кіраўнікі Беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін і Ірына Каляда ды рэжысэр Уладзімір Шчэрбань.

«У прыватнасьці, у Лёндане трупу акружае п’янкі водар радыкальнага шыку — сьцьвярджае Бэн Бэнтлі. — Спадарыня Каляда па-майстэрскі выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі для рэклямы свайго тэатру і прыцягненьня культурна ўплывовых асобаў^; яна і спадар Халезін называюць імёны, якія маюць сваю вагу. (Спадар Стопард — для іх заўсёды „Том“). Трэба аднак прызнаць, што тэатар, якім кіруюць, адзначаецца ўнутранай сілай, захапляльнай вынаходлівасьцю, народжанай з патрэбы, і вострай актуальнасьцю, якая рэдка сустракаецца на сёньняшняй тэатральнай сцэне».

Амэрыканскі крытык нагадвае чытачам пра замежную вядомасьць беларускай тэатральнай групы

«Група шмат разоў выступала на гастролях у Эўропе, Аўстраліі і Злучаных Штатах. Гэтыя паездкі былі фінансаваныя замежнымі асобамі і грантамі ад арганізацый. Тэлеканал HBO зрабіў дакумэнтальны фільм пра групу, якую падтрымлівалі такія асобы, як чэскі прэзыдэнт і драматург Вацлаў Гавэл, народжаны ў Чэхіі брытанскі драматург Том Стопард, а таксама Мік Джагер і Джуд Лоў» — піша Бэн Брэнтлі.

Бэн Брэнтлі таксама паведамляе, што сваё дзесяцігодзьдзе Беларускі Свабодны тэатар адзначыць дзесяцьцю спэктаклямі ў Лёндане, пачынаючы з 18 кастрычніка:

«Некалькі з гэтых спэктакляў будуць паказвацца ў тэатры Young Vic, дзе трупа зьяўляецца рэзыдэнтам цягам апошніх чатырох гадоў. Іншыя адбудуцца ў месцах, пра якія паведамляць у самы апошні момант. Ідэя тут у тым, каб імітаваць умовы, у якіх Беларускі Свабодны тэатар паказвае свае спэктаклі ў Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG