Лінкі ўнівэрсальнага доступу

34 парушэньні, зафіксаваныя міжнароднымі назіральнікамі


Belarus - Merry pictures, 09.24.2012
Belarus - Merry pictures, 09.24.2012

Падрабязны пералік Што менавіта расчаравала назіральнікаў АБСЭ і Рады Эўропы ў беларускіх выбарах?

Група назіральнікаў ад АБСЭ і Рады Эўропы прадставіла вынікі маніторынгу прэзыдэнцкіх выбараў. Ранейшыя шэсьць прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў па выніках падобных маніторынгаў былі ацэненыя як неадпаведныя абавязаньням АБСЭ.

Згодна са справаздачай, «Беларусь яшчэ мае прайсьці доўгі шлях да выкананьня сваіх абавязаньняў па правядзеньні дэмакратычных выбараў». Было адзначана, што назіральнікі ня маюць магчымасьці назіраць за вэрыфікацыяй подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты, за падвядзеньнем вынікаў выбараў. Выбаркамы маюць права абмежаваць доступ назіральнікаў па сваім жаданьні. У палове выпадкаў назіральнікам не далі доступу да сьпісу выбарцаў, часам да працэдуры падліку галасоў.

Свабода пералічвае некаторыя парушэньні, адзначаныя ў справаздачы міжнародных назіральнікаў:

— Нарматыўна-прававая база не зьмянілася істотна, праўкі ў Выбарчы кодэкс 2013 і 2014 гадоў (унесеныя без публічнага абмеркаваньня) не ўлічылі ключавыя рэкамэндацыі АБСЭ і іншых, у тым ліку рэкамэндацыі адносна незбалянсаванасьці выбарчых камісіяў і працэдуры датэрміновага галасаваньня.

— Абмежаваньне свабоды слова адносна заклікаў да зрыву, скасаваньня ці пераносу выбараў, крыміналізацыя паклёпу і абразы ўладаў.

— Адсутнасьць празрыстых крытэраў адбору сяброў тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісіяў. Фармаваньне гэтых камісіяў засталося ў кампэтэнцыі мясцовай улады.

— Адсутнасьць адзінага сьпісу выбарцаў, што не дае засьцерагчыся ад шматразовай іх рэгістрацыі. Выбарцаў можна рэгістраваць на ўчастках у дзень галасаваньня, што не дае дастатковай юрыдычнай абароненасьці.

— Высокапастаўленыя чыноўнікі агітавалі за дзейнага прэзыдэнта ў працоўны час, у некаторых выпадках — на дзяржаўных прадпрыемствах. Некаторыя грамадзкія аб’яднаньні і арганізацыі, якія фінансуюцца дзяржавай, агітавалі за дзейнага прэзыдэнта.

— Фінансавыя справаздачы кандыдатаў не былі выкладзеныя ў адкрыты доступ, адсутнічалі патрабаваньні па аўдыце, што не забясьпечыла дастатковую празрыстасьць фінансаваньня перадвыбарчай кампаніі.

— Некаторыя дзяржаўныя СМІ асьвятлялі выбарчую кампанію з пасланьнямі на карысьць дзейнага прэзыдэнта, ён быў найбольш заўважнай фігурай дзякуючы асьвятленьню яго дзейнасьці як службовай асобы.

— Немагчымасьць абскардзіць некаторыя рашэньні выбаркамаў, у тым ліку канчатковыя вынікі. Абмежаванае кола асобаў, якія маюць права падаць скаргу.

— У шэрагу выпадкаў заяўленая яўка не адпавядала колькасьці подпісаў у сьпісе выбарцаў. На 47 участках знойдзеныя меркавана аднолькавыя подпісы.

— На 22 участках заўважаныя прыкметы ўкіду бюлетэняў.

— З 2001 году ў Беларусі не было зарэгістравана ніводнай новай палітычнай партыі, што супярэчыць параграфу 7.6 Капэнгагенскага дакумэнту АБСЭ 1990 году.

— Траціна працэдур падліку галасоў, за якімі вялося назіраньне, атрымалі дрэнную ці вельмі дрэнную адзнаку з прычыны значных праблемаў. Чвэрць працэсаў падвядзеньня вынікаў атрымала нэгатыўную адзнаку.

— БДІПЧ назірала за шасьцю апошнімі выбарамі, і ўсе яны былі ацэненыя як не адпаведныя абавязаньням АБСЭ.

— Ніводзін з шасьці асуджаных кандыдатаў у прэзыдэнты на выбарах 2010 году ня быў рэабілітаваны. Права балятавацца абмежавана папярэдняй крымінальнай судзімасьцю; такія дзеяньні, як удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, могуць прывесьці да аднаўленьня выкананьня прысуду.

— Выбарчы кодэкс забараняе сяброўства ў выбарчых камісіях кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і адміністрацыйных органаў. Але іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва гэтых органаў — такія, як намесьнікі старшыняў, начальнікі аддзелаў, — займалі кіраўнічыя пасады ў некаторых тэрытарыяльных камісіях альбо кіравалі іх працай.

— У склад тэрытарыяльных і ўчастковых камісіяў была прызначана мізэрная колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі, ніводзін зь іх ня быў прызначаны на кіраўнічую пасаду. Іх скаргі на адмову ва ўключэньні ў склад выбарчых камісіяў адхіленыя з фармулёўкай «беспадстаўныя».

— Было адзначана, што ініцыятыўная група дзейнага прэзыдэнта злоўжывала адміністрацыйнымі рэсурсамі ў працэсе збору подпісаў.

— Правілы вэрыфікацыі подпісаў недакладныя і супярэчаць міжнародным добрасумленным практыкам. Таксама яны дапускаюць адвольныя рашэньні ТВК, якія ня могуць быць абскарджаныя.

— Нізкая прысутнасьць выбарцаў на бальшыні агітацыйных мерапрыемстваў сьведчыла пра адсутнасьць цікавасьці грамадзкасьці да выбараў.

— Практыка перадвыбарчай агітацыі сьцерла мяжу паміж перадвыбарчай кампаніяй дзейнага прэзыдэнта і дзяржавай. Некалькі ягоныах давераных асоб былі высокапастаўленымі чыноўнікамі, які працягвалі ажыцьцяўляць свае дзяржаўныя функцыі падчас правядзеньня кампаніі.

— Сход, арганізаваны Міністэрствам абароны, заклікаў усіх цяперашніх і былых вайскоўцаў, а таксама іхнія сем’і, падтрымаць кандыдатуру дзейнага прэзыдэнта.

— Экзарх Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі падтрымаў кандыдатуру дзейнага прэзыдэнта на цырымоніі, дзе прысутнічалі іншыя духоўныя лідэры, прадстаўнікі ўлады, прадзяржаўных партыяў і сам прэзыдэнт.

— Давераныя асобы дзейнага прэзыдэнта арганізоўвалі сустрэчы на дзяржаўных прадпрыемствах, што дало яму неправамерную перавагу і супярэчыць параграфу 7.7 Капэнгагенскага дакумэнту АБСЭ 1990 году.

— Арганізатары мерапрыемстваў, на якіх ставілася пад сумнеў легітымнасьць выбараў, судом былі аштрафаваныя за правядзеньне іх без дазволу.

— Некаторыя дзяржаўныя органы працягваюць практыку засакрэчваньня грамадзка даступнай інфармацыі, што супярэчыць параграфу 9.1 Капэнгагенскага дакумэнта АБСЭ.

— 22 верасьня ЦВК адхіліла запыт журналіста на прадстаўленьне інфармацыі пра перадвыбарчыя фонды кандыдатаў, патлумачыўшы, што СМІ не ўпаўнаважаныя атрымліваць гэтую інфармацыю.

— Папярэднія заключэньні мэдыяманіторынгу сьведчаць пра значна большае асьвятленьне дзейнасьці кіраўніка дзяржавы. За пэрыяд з 7 верасьня па 7 кастрычніка дзяржаўнае радыё і тэлебачаньне прысьвяцілі 47% свайго палітычнага вяшчаньня дзейнаму прэзыдэнту, 9% — Караткевіч, па 7% — Гайдукевічу і Ўлаховічу.

— Бальшыня скаргаў у ЦВК былі адхіленыя на фармальных падставах альбо як неабгрунтаваныя. Разгляд скаргаў не заўсёды быў празрысты.

— Каля дзьвюх трацінаў усіх акрэдытаваных грамадзянскіх назіральнікаў прадстаўлялі грамадзкія аб’яднаньні, якія фінансуюцца дзяржавай (ФПБ, БРСМ, «Белая Русь»).

— Дрэнная якасьць пячатак і скрыняў часам ставіла пад сумнеў бясьпеку бюлетэняў пры датэрміновым галасаваньні.

— На чатырох працэнтах участкаў назіральнікі адзначылі незахаваньне тайны галасаваньня.

— У 50% выпадкаў назіральнікам было адмоўлена ў праверцы сьпісаў выбарцаў, і ў некаторых выпадках яны не маглі бачыць працэдуру датэрміновага галасаваньня.

— Падлік галасоў атрымаў нэгатыўную ацэнку назіральнікаў. 30% працэдур падліку галасоў былі ацэненыя як дрэнныя альбо вельмі дрэнныя.

— Толькі адзін кандыдат адкрыта крытыкаваў дзейнага прэзыдэнта, што прадставіла выбарцам абмежаваны выбар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG