Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пасьля 11 кастрычніка


Падчас сёньняшняга галасаваньня дзейны кіраўнік дзяржавы зрабіў некалькі заяваў, якія даюць магчымасьць лепш зразумець, што ён зьбіраецца рабіць прынамсі на пачатку свайго пятага прэзыдэнцкага тэрміну.

Што гэты тэрмін будзе, у яго няма ніякіх сумневаў. У сваёй прамове ён прагаварыў тыповую лёгіку аўтарытарнага ўладара. Для яго нейкая яўка 52% і вынік нейкія «вартыя жалю» 53% — гэта ледзь не параза. Уладару патрэбная аглушальная, пераважная большасьць. Такая, напэўна, яна сёньня і будзе абвешчаная. Наўрад ці назарбаеўскія 98%, але і тое ня выключана. Лукашэнка ж патлумачыў, што пры камунікацыі з замежнымі лідэрамі «мераецца» зь імі галасамі, атрыманымі на выбарах.

Праўда, для ягоных заходніх партнэраў вынік 80% — сьведчаньне не шырокай падтрымкі, а глыбокай ступені аўтарытарызму, але кіраўнік Беларусі жыве ў іншым сьвеце.

Захад, гледзячы па ўсім, вырашыў нармалізаваць зь ім адносіны, чакаецца, што ўжо заўтра візавыя санкцыі адносна прынамсі 200 беларускіх урадоўцаў на чале з Лукашэнкам будуць прыпыненыя. Не скасаваныя, але прыпыненыя, і на больш кароткі тэрмін, чым меркавалася раней — не на год, а толькі на 4 месяцы. Магчымыя і эканамічныя наступствы, калі ня грошы ў мяху, дык адкрыцьцё эўрапейскага рынку для беларускіх калійных угнаеньняў.

Таму на ўчастку не прагучала ніякіх асаблівых праклёнаў на адрас Захаду, наадварот, заявы пра жаданьне супрацоўнічаць, паўтарэньне мантры «мы выканалі ўсё, што яны патрабавалі». Ну, з улікам таго, як фармаваліся выбарчыя камісіі, як цяпер наладжаны падлік галасоў, дык ня ўсё, мякка кажучы. Але Захад будзе прымаць палітычнае рашэньне з улікам розных фактараў, сярод якіх празрыстасьць беларускіх выбараў — момант важны, але не адзіны.

Ня менш важны — пазыцыя афіцыйнага Менску ў складаным геапалітычным раскладзе ў рэгіёне, частка якога ахопленая вайной.

І тут Лукашэнка імкнецца выконваць пажаданьні. Тэза пра тое, што расейская авіябаза Беларусі непатрэбная, была паўтораная зноў, прычым у больш рэзкай форме. Гэтая заява была абгорнутая ў хваласьпевы Расеі, клятвы ў братэрстве, сяброўстве, агульных акопах. Але галоўнае было сказана — базы нам ня трэба. Праўда, словы пра тое, што ён яшчэ можа абмеркаваць гэтую тэму з Пуціным, азначаюць, што тэма не закрытая.

Лукашэнка тут абараняў ня столькі сувэрэнітэт Беларусі, колькі свае ўласныя інтарэсы. Зрэшты, у дадзеным пытаньні адно з адным супадае.

Пагрозы на адрас апазыцыі, што «вольніца» скончыцца сёньня ў 20 гадзінаў, можа азначаць, што, на ягоную думку, ён дастаткова зрабіў, каб задаволіць Захад у геапалітычным пляне і ў пляне будаўніцтва «пацёмкінскіх вёсак» дэмакратыі. Аўтарытарый можа будаваць толькі іх, ён здольны на пэўную лібэралізацыю парадкаў, але не на сапраўдную. Лукашэнка гэта разумее, ён мяркуе, што і Захад гэта разумее. Але можа атрымацца «сутыкненьне цывілізацыяў», і тады тое замарожаньне санкцыяў пратрымаецца нядоўга.

Непрыстойны выпад на адрас Караткевіч паказвае, як цяжка было Лукашэнку вытрымліваць прыгожа напісаны сцэнар «пацёмкінскіх выбараў». Усё разьлічана, расьпісана, але крыўдна ж — езьдзіла па краіне, размаўляла зь людзьмі, многія слухалі. А вось на табе.

Ну за гэта, зразумела, замарожаньне санкцыяў не адкладуць, але вось лішняе пацьверджаньне, што стыль — гэта чалавек.

Цікавая асаблівасьць і гэтых заяваў, і ўсёй кампаніі — адсутнасьць бачаньня будучыні. Ня ў тым сэнсе, што дэмакратычнай — а хоць якой. Я гатовы на самыя рашучыя рэформы, але калі іх прыме народ. Дык выбары ж, нават паводле аўтарытарнай лёгікі, дзеля таго і робяцца, каб гэта высьветліць. Калі высьветлілася, што ня прыме, дык так бы і сказаў. Ці калі прыме.

Можа, яшчэ і пачуем, але пакуль — суцэльная тактыка, здольнасьць выкручвацца зь цяжкіх сытуацыяў — трымаць усё пад кантролем, захоўваць балянс плыняў у сваім атачэньні, гуляцца з Захадам і Ўсходам, браць грошы з адных і другіх. І чакаць лепшых часоў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG