Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграма Караткевіч — «Хачу жыць у такой Беларусі!»


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Адмена кантрактнай сыстэмы! Выплата поўных пэнсіяў пэнсіянэрам, якія працуюць (пры гэтым пэнсійны ўзрост не падвышаецца)!! Заробак настаўніка ні ніжэйшы за сярэдні па краіне!!! Бясплатная мэдыцына для ўсіх!!!! Вяртаньне чарнобыльскіх ільготаў!!!!! Бясплатная вышэйшая адукацыя для ўсіх!!!!!!

Не, гэта ня мары-трызьненьні чалавека, які недзе ў 1994-м годзе выпаў з часу і раптам апынуўся ў Беларусі-2015. Гэта праграма кандыдата у прэзыдэнты Тацяны Караткевіч.

Ведаеце, гэта ня проста левая і папулісцкая праграма. Па ўзроўні нерэальнасьці і папулізму яна можа пазмагацца за гістарычнае першае месца з праграмай Лукашэнкі ўзору 1994 году. Нават складаецца небеспадстаўнае ўражаньне, што ў напісаньні гэтых дзьвюх праграмаў удзельнічалі адны і тыя ж людзі (глядзіце сьпіс давераных асобаў Караткевіч). Адрозьненьне ў тым, што ў Караткевіч усе эканамічныя абяцаньні-кручкі разьвешаныя ў патрэбных месцах, але ўсе прынцыповыя непрыемныя і неадназначныя пытаньні абмінутыя (саюз з Расеяй, сымболіка, дзяржаўнасьць беларускай мовы).

Ёсьць такі анэкдот, калі чалавек глядзіць Беларускае тэлебачаньне і кажа: «Хачу жыць у Беларусі. У той Беларусі, якую паказваюць па БТ». Так і тут — многія, прычытаўшы праграму Караткевіч, усклікнуць — «Хачу жыць у такой Беларусі».

Масавы выбаршчык ня здольны прааналізаваць рэалістычнасьць ці выканальнасьць палітычных праграмаў. Ён чуе нейкі прыгожы лёзунг ці дэвіз і глытае яго, як рыба — яркую і бліскучую падманку. Таму трэба прызнаць, што з пункту гледжаньня электаральнага посьпеху менавіта такая праграма ва ўмовах нашага грамадзтва разьлічана на найбольшы вынік.

Так што на ўсе мае іранічныя нататкі можна «напляваць і забыць», як казаў Чапаеў. Праграма пішацца не для такіх, як я — а для тых, хто гатовы ўсур’ёз паверыць, што беларуская эканоміка ва ўмовах крызісу можа пацягнуць хаця б чвэрць тых сацыяльных дабротаў, якія абяцае ў сваёй праграме Караткевіч.

Так што я ня супраць, у праграме можна паабяцаць усё, што хочаш. Але паколькі Тацяна прадстаўляе кампанію «Гавары праўду», я б прапаноўваў у канцы тэксту маленькім непрыкметным шрыфтам дапісаць: «Вы ж ня думаеце, што нехта зьбіраецца ўсё гэта выконваць? Вы ж разумееце, што выканаць усё гэта проста немагчыма і згубна для эканомікі і сацыяльнай сфэры краіны».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG