Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Краўчук: Калі Пуцін вырашыў бы выкарыстаць беларускую тэрыторыю для захопу Ўкраіны, ён бы гэта зрабіў вельмі лёгка


Краўчук: Ня веру, што Лукашэнка можа доўга супраціўляцца Пуціну сёньня
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:30 0:00
Наўпроставы лінк

Краўчук: Ня веру, што Лукашэнка можа доўга супраціўляцца Пуціну сёньня

Леанід Краўчук, першы прэзыдэнт незалежнай Украіны (1991-1994) у эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе кажа пра тое, чаму ня трэба баяцца стаць былым прэзыдэнтам, і чаму Пуцін ня меў бы вялікіх праблем, калі б вырашыў ажыцьцявіць агрэсію праз беларускую тэрыторыю.

Ганна Соўсь: На тэрыторыі суседняй з Украінай Беларусі знаходзяцца расейскія ваенныя базы, пасьля Майдана зьяўляюцца новыя расейскія ваенныя базы. Ці бачыце вы пагрозу з тэрыторыі Беларусі, калі Ўладзімер Пуцін вырашыць праз Беларусь пачаць ўварваньне ва Ўкраіну? Як вы лічыце, ці застанецца Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі, надзейным хаўрусьнікам Украіны, ці хопіць у яго цьвёрдасьці і палітычнай волі не дапусьціць гэтага?

Леанід Краўчук: Я ня веру, што Лукашэнка можа супраціўляцца доўга Пуціну сёньня. Калі б Пуцін вырашыў ажыцьцявіць агрэсію праз беларускую тэрыторыю, ён бы там ня меў вялікіх праблем. Ня меў бы. Таму што Аляксандр Рыгоравіч — цікавы чалавек. Я не хачу даваць характарыстыкі, гэта не ўваходзіць у мае ўяўленьні, я з павагай стаўлюся да кожнага чалавека, тым больш да прэзыдэнтаў. Але ён часта кажа адно, а робіць іншае. І ў міжнародных справах, то ён заяўляе аб братэрскіх пачуцьцях да Ўкраіны, то на другі дзень кажа пра іншыя такія ж ацэнкі... Ну, гэта такая асоба. Аляксандр Лукашэнка — гэта асоба для Беларусі. І таму стварылі яны гэты Эўразійскі саюз. Пакуль я не чую пра нейкія вялікія посьпехі ні ў Беларусі, ні ў Казахстане, наадварот, узьнікаюць пастаянна праблемы, таму што Расея працягвае сваю гегеманістычную палітыку ў адносінах да ўсіх. І калі Пуцін вырашыў бы (я ня веру ў гэта, але мы ж можам і дрэннае прагназаваць) выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для захопу Ўкраіны, ён бы гэта зрабіў вельмі лёгка.

Ганна Соўсь: Ва Украіне пяць прэзыдэнтаў, зь іх трое былых знаходзяцца ва Ўкраіне, Віктар Януковіч уцёк у Расею. У вас шмат калегаў прэзыдэнтаў-доўгажыхароў, напрыклад Аляксандр Лукашэнка, прэзыдэнты сярэднеазіяцкіх краінаў, якія прывялі рэфэрэндумы ў сваіх краінах і цяпер неабмежаваную колькасьць тэрмінаў могуць балятавацца...

Леанід Краўчук: Гэта дыктатарскія дзяржавы. Толькі ў недэмакратычных дзяржавах могуць так паступаць. Таму мэнтальнасьць у іх азіяцкая, а палітычныя погляды бальшавіцкія, у пераважнай большасьці. І слова «дэмакратыя» для іх не азначае сутнасьць праблемы.

Ганна Соўсь: А што б вы маглі сказаць прэзыдэнтам, якія ня хочуць, ня могуць, баяцца сыходзіць, чаму добра быць былым прэзыдэнтам? Чаму не трэба баяцца сыходзіць?

Леанід Краўчук: Нельга так сказаць, што «добра быць былым прэзыдэнтам», вы слушна сказалі «ня трэба баяцца сыходзіць». Справа не ў боязі толькі. А справа ў тым, што трэба сыходзіць. Калі мы жывем не па царскім канонах, не па крывi, не паводле прынцаў — мы не прынцы і ня цары — то народ абірае. Калі народ абірае, то ён мае права пераабраць. Трэба сыходзіць, калі мы хацелі б адкрыць народу іншы шлях жыцьця. Іншую філязофію, іншую мэнтальнасьць, бо раней стагоддзямі сьцьвярджалася іншае: калі ёсьць цар-бацюшка, ёсьць хан, ёсьць нейкі князь, і ён усім кіруе. Яны пакуль князі. На жаль, я нічога не магу парэкамэндаваць. Я думаю, што яшчэ пройдзе не адно пакаленьне. Калі б яны разумелі або адчувалі, што народ гэтага ня хоча і заўсёды ёсьць пагроза народу... Тады — што народ можа?

Аляксандр Рыгоравіч — цікавы чалавек... ён часта кажа адно, а робіць іншае. І ў міжнародных справах, то ён заяўляе аб братэрскіх пачуцьцях да Ўкраіны, то на другі дзень кажа пра іншыя такія ж ацэнкі...

Наш Майдан паказаў, што народ можа. Вы разумееце, Віктар Януковіч не зусім дурны чалавек, будзем так казаць, я добра ведаю. Ён дасьведчаны, ён моцны, валявы чалавек. Ну, у яго былі замашкі дыктатарскія... веліч, сонейка такое невялікае. Але ўлада і сіла былі вонкавыя. Данецкія паражняк ня гоняць, данецкія ўсюды, данецкія даюць лінію паводзінаў. Ды хто там можа супраць нас, яны лічылі, хто? Адкрыта казалі: «Леанід Макаравіч, ды што вы хвалюецеся?» Я кажу: «Насьпявае тут такая складаная сытуацыя». «Ды што вы хвалюецеся? Мы ня хочам гэтым займацца — адным пальчыкам варухнём, і ўсё стане на сваё месца». Варухнулі? Калі у палітычным працэсе ўдзельнічаюць мільёны, усё можа адбыцца імгненна. Чаму я кажу, што Расея можа калыхнуцца вельмі моцна і вельмі хутка? Гэтак як Украіна — сабраўся Майдан, студэнты прыйшлі і запатрабавалі аднаго — падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі. Ад Януковіча. Нічога больш. У што перарасло? Сёньня яшчэ ня можам сабраць канцы з канцамі. Тэрытарыяльная цэласнасьць, вайна, гібель людзей, прэзыдэнт-уцякач, тысячы людзей ўцяклі з Украіны. Адбылося ўсё фактычна ў адну ноч. Некалькі дзён і ўсё памянялася. Стала другой Украіна, іншыя погляды, іншыя пазыцыі і іншыя кірункі.

Так можа быць у Беларусі, так можа быць і ў Расеі. І ў Казахстане, там складаней, таму што там мэнтальнасьць людзей іншая, але ўсё роўна, час прыйдзе абавязкова. Час прыйдзе для ўсіх: калі чалавек скажа «Я свабодны. Выбіраю жыцьцё такое, якое лічу магчымым, але якое не перашкаджае жыць іншаму. Але і не прымушайце мяне стаяць на каленях, выконваць чужую волю». І чалавек, і дзяржава, ўсе прыйдуць да гэтага абавязкова, іншага шляху няма. Дэмакратыя ня лепшы спосаб кіраваньня, але іншага, на жаль, няма. Іншай формы я ня ведаю...


Гэта фрагмэнт праекту «Расея і я», сэрыі відэаінтэрвью з былымі кіраўнікамі пост-савецкіх дзяржаваў пра адносіны з Расеяй. У праекце «Расея і я» бяруць ўдзел былыя прэзыдэнты Ўкраіны Леанід Краўчук і Віктар Юшчанка, былыя прэзыдэнты Малдовы Пётра Лучынскі і Ўладзімер Варонін, былы прэзыдэнт Латвіі Гунтыс Улманіс, былы кіраўнік Літвы Вітаўтас Ландсбергіс, былы прэзыдэнт Эстоніі Арнольд Руйтэль, былы прэзыдэнт Кыргызстану Аскар Акаеў, экс-прэзыдэнт Армэніі Робэрт Качаран і былая выкаўнаўца абавязкаў прэзыдэнта Грузіі Ніно Бурджанадзэ.

Глядзіце ўсе інтэрвію на нашым сайце ў кастрычніку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG